14 лiстапада 2024, Чацвер, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З 1 ліпеня «размытнёўка» будзе каштаваць даражэй за сам аўтамабіль

55

У гэтым годзе варта чакаць істотнага падзення аб'ёмаў увозу ў Беларусь аўтамабіляў.

Беларускія ўлады не адмаўляюцца ад планаў падвысіць да расейскага ўзроўня мытныя пошліны на аўто пры ўвозе фізічнымі асобамі.

Дамовіцца па гэтым пытанні ўдзельнікі Мытнага саюза Беларусь, Расея і Казахстан павінны да 1 траўня. «Тэндэнцыя такая, што, магчыма, будзе ўніфікаваны парадак увозу (фізасобамі) аўтамабіляў з трэціх краінаў», — сказаў журналістам 19 лютага віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў, якога цытуе «Інтэрфакс». Праўда, як адзначаюць «Беларускія навіны», шматзначнае «магчыма» дае падставу лічыць, што ўрад, відаць, яшчэ не прыняў канчатковага рашэння па пытанні, якое хвалюе шматлікіх беларускіх аўтааматараў.

Варта адзначыць, што без падвышэння Беларуссю пошлінаў на ўвоз аўто для фізічных асобаў паўнавартасны запуск Мытнага саюза з 1 ліпеня (а ён мяркуе стварэнне адзінай мытнай прасторы паміж трыма краінамі) наўрад ці адбудзецца. Расея скрайне не зацікаўленая ў тым, каб танныя іншамаркі з Беларусі хлынулі на яе тэрыторыю. Ёй трэба падтрымліваць уласны аўтапрам. Таму ў любым выпадку ў беларускага боку, які любіць гандлявацца, падаецца, яшчэ застаюцца магчымасці для манеўраў.

Пры гэтым рашэнне аб падвышэнні пошлінаў для юрасобаў, па словах Кабякова, было хаця і няпростым, але выгодным для Беларусі з пункту гледжання беларускай тэхнікі. «У адказ Расея і Казахстан падтрымалі нашую прапанову па захаванні ставак на цэлы шэраг таварных групаў, у якіх зацікаўленыя айчынныя вытворцы. Так, захаваюцца стаўкі на грузавыя аўтамабілі, трактары, сельгастэхніку і трамваі», — сказаў чыноўнік.

Такім чынам, у цяперашнім годзе варта чакаць істотнага падзення аб'ёмаў увозу аўто, паколькі ў выніку ўніфікацыі пошлінаў з Расеяй размытнёўка пасля 1 ліпеня вырасце ў разы і будзе ў асобных выпадках перавышаць кошт самога аўтамабіля. Так, на іншамаркі, якія былі ў эксплуатацыі, стаўкі пошлінаў у Расеі вар'іруюцца ў залежнасці ад працоўнага аб'ёму рухавіка ад 1,5 да 5,8 еўра за 1 см куб. Рынак новых аўто таксама ачуняе яшчэ не хутка.

У мінулым годзе на павелічэнне ўвозу ў Беларусь іншамарак паўплываў крызіс. Паводле дадзеных статыстыкі, у 2009 годзе ў Беларусь было імпартавана 163 тыс. легкавых аўтамабіляў, што на 36,4 тыс. менш, чым у 2008 годзе (мінус 18,4%). Падзенне адбылося ўпершыню з 2002 года. У грашовым выражэнні імпарт аўто таксама скараціўся. Ён склаў крыху больш за 1 млрд. даляраў супраць 1,4 млрд. у 2008-м. Фізасобы і юрасобы ўвезлі ў 2009 годзе машынаў амаль пароўну (76,2 тыс. і 87,3 тыс. адпаведна). Сярэдні кошт увезенага ў 2009 годзе аўтамабіля склаў 6ы 212 даляраў (ніжэй 2008 года на 15,1%).

Зрэшты, у беларускага ўрада вялікія планы на развіццё ўласнай вытворчасці легкавых аўто і прыцягненне ў гэтую сферу буйных інвестараў. Яшчэ ў красавіку мінулага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які дае інвестарам розныя падатковыя і мытныя ільготы пры зборцы аўто на тэрыторыі краіны. Праўда, займаць месцы ў гэтай сферы пакуль ніхто не спяшаецца.

Сёння ў Беларусі ёсць толькі адна зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Са жніўня 2006 года СП ЗАТ «Юнісон» збірае ў асноўным з імпартных камплектуючых іранскія аўтамабілі «Саманд». У мінулым годзе прадпрыемства вырабіла 241 аўтамабіль. Сёлета яно плануе павялічыць аб'ём вытворчасці «Самандаў» у 4,5 раза — да 1,1 тыс. штук, а ў далейшым — да 25 тыс. аўто ў год пасля запуску другой чаргі заводу. Праўда, калі гэта адбудзецца, невядома.

У пачатку лютага камісія Мытнага саюза ўключыла «Юнісон» (як лічаць эксперты, з вялікай нацяжкай) у пералік вытворцаў, якія падпадаюць пад паняцце «прамысловая зборка» аўтамабіляў, што гарантуе бяспошлінны ўвоз на тэрыторыю Расеі і Казахстана.

Для атрымання такога статусу была неабходная наяўнасць па стане на 1 кастрычніка 2009 года вытворчасці праектнай магутнасцю не менш за 5 тыс. аўтамабіляў у год. Акрамя таго, да 1 ліпеня 2010 года неабходна заключыць пагадненне з дзяржавай, узяўшы абавязальніцтвы па забеспячэнні на працягу 7 гадоў павелічэння магутнасцяў да 25 тыс. аўтамабіляў са ступенню лакалізацыі не менш за 30%.

Аднак малаверагодна, што беларусы масава перасядуць на далёка не танныя «Саманды» ці аўто, сабраныя ў Расеі.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках