12 лiстапада 2024, aўторак, 23:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сікорскі незразумела пра што «дамовіўся» з Лукашэнкам

55
Сікорскі незразумела пра што «дамовіўся» з Лукашэнкам

Падчас сустрэчы з беларускім дыктатарам кіраўнік МЗС Польшчы ні слова не сказаў пра татальныя парушэнні ў Беларусі правоў усіх беларусаў.

Аляксандр Лукашэнка правёў 25 лютага ў Кіеве сустрэчу з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім. Як паведамляюць беларускія і польскія СМІ, падчас сустрэчы абмяркоўваліся польска-беларускія стасункі, а таксама канфлікт вакол Саюза палякаў Беларусі. Падставай для сустрэчы стала інаўгурацыя новаабранага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Сустрэча Лукашэнкі і Сікорскага працягвалася больш за гадзіну, у два разы больш чым было запланавана.

Паведамляецца, што прынятае рашэнне аб тым, каб беларускі бок сумесна з палякамі стварыў групу экспертаў па пытаннях польскай меншасці. Па словах Сікорскага, той факт, што Лукашэнка не адмовіўся ад сустрэчы, сведчыць пра тое, што «Беларусь сур'ёзна ўспрымае беларуска-польскія і беларуска-еўрапейскія стасункі».

Беларускі кіраўнік, аднак, пазбегнуў канкрэтыкі. Ён намякнуў, што збіраецца сам вырашаць праблемы беларускіх палякаў. Падкрэсліў, што «зробіць усё, каб палякам у Беларусі жылася добра», адзначае «Польскае радыё».

«Пры вырашэнні любых пытанняў, якія існуюць паміж Польшчай і Беларуссю, а асабліва тых пытанняў, пра якія вы кажаце, зыходзьце з таго, што тыя 200 тысячаў чалавек польскага паходжання – гэта мае палякі, гэта мае выбаршчыкі і я за іх адказваю галавой. І я буду рабіць усё, каб ім у Беларусі было добра», - заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік МЗС Польшчы выказаў задавальненне, што сустрэча адбылася, і надзею, што праблемы польскай меншасці будуць хутка вырашаныя.

«Я лічу, што дыялог і нашая размова з'яўляецца доказам таго, што ўрад Беларусі разумее сур'ёзнасць сітуацыі і хоча знайсці яе вырашэнне», - сказаў Сікорскі.

Аднак пасля сустрэчы з міністрам замежных справаў Польшчы Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю польскаму тэлеканалу TVN 24 заявіў, што сітуацыя з польскай меншасцю ў Беларусі добрая і ніхто ім нічым не перашкаджае.

Беларускага дыктатара «здзівіла» пытанне пра арышт дзеячоў непрызнанага Саюза палякаў. «Ніхто не пайшоў у турмы….ну, можа некалькі чалавек. Аднак яны хацелі паказаць, як ім дрэнна», - сказаў ён.

У сваю чаргу падчас брыфінгу для польскіх журналістаў Сікорскі звярнуўся да польскіх СМІ з просьбай «не распальваць атмасферы» у справе Беларусі, «каб эксперты з абодвух бакоў маглі выпрацаваць карысныя для польскай меншасці рашэнні».

«Я звяртаюся да СМІ і палітычных сілаў Польшчы дазволіць экспертам выканаць закулісную працу без падагравання атмасферы, без правакацыяў, так, каб праз нейкі час палякі маглі дзейнічаць у незалежных структурах, а Польшча і Беларусь маглі развіваць эканамічныя, культурныя і палітычныя стасункі», - заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.

Заўвага charter97.org: Паказальна, што кіраўнік міністэрства замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі (у адрозненне ад прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага і прэзідэнта Еўрапарламента Ежы Бузека) падчас сустрэчы з беларускім дыктатарам не казаў пра найгрубейшыя і паўсюдныя парушэнні ў Беларусі правоў чалавека, закрануўшы толькі сітуацыю з польскай меншасцю.

Нагадаем, што прэзідэнт Еўрапарламента неаднаразова падкрэсліваў: «Для Польшчы, безумоўна, найважнейшым з'яўляецца польская меншасць у Беларусі. Але калі мы хочам вырашыць гэтую праблему, дык павінны паставіць яе шырэй. Трэба казаць пра пагрозы для дэмакратыі, для дэмакратычных свабодаў, для ўсіх незалежных арганізацыяў. У Беларусі зноў запоўненыя турмы, і не толькі прадстаўнікамі польскай меншасці, часова арыштаванымі, але і проста дзеячамі беларускай апазіцыі».

Беларуская прапаганда, у сваю чаргу, выкарыстала сустрэчу Сікорскага з Лукашэнкам у Кіеве на сваю карысць. Беларускае тэлебачанне ўвечары 25 лютага ў навінавых праграмах рапартавала аб тым, што паміж Польшчай і афіцыйным Менскам не было і няма ніякіх канфліктаў. Гэта, а таксама цынічнае выказванне Лукашэнкі аб тым, што «не было ніякіх арыштаў», можна расцэньваць як карт-бланш на далейшае парушэнне ў Беларусі правоў не толькі польскай меншасці, але ўсіх грамадзянаў.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках