12 лiстапада 2024, aўторак, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над журналістам «Белсата» праходзіць у закрытым рэжыме (Абноўлена)

14

Ноч арыштаванага журналіста Івана Шульгу пратрымалі ў турме на вуліцы Акрэсціна.

4 лютага журналіста «Белсата» Івана Шульгу павезлі ў суд Савецкага раёна Менска.

Як паведамляе baj.by, суд над Іванам Шульгом пачаўся каля 12.30. Насуперак чаканням, слуханні праходзяць у закрытым рэжыме. Яны пачаліся акурат тады, калі прысутныя ў судзе журналісты на некалькі хвілін выйшлі на вуліцу пагутарыць з прадстаўнікамі брытанскай амбасады, якія прыехалі на месца падзей. У гэты час дзверы суда зачынілі, заявіўшы, што там якраз «пераводзяць правапарушальнікаў».

Калі дзверы зноў адчынілі, судовую залу ўжо ахоўвалі 2 міліцыянты, якія заявілі, што нікога на слуханні не пусцяць, бо гэта парушыць парадак суда.

Івана Шульгу абвінавачваюць у парушэнні арт. 17. 1 КаАП - дробнае хуліганства. (Пакаранне - ад 2 да 30 базавых велічыняў альбо адміністратыўны арышт на тэрмін да 15 сутак). Паводле папярэдніх звестак, справу вядзе суддзя Аксана Рэлява.

Каля будынку суда дзяжурыць здымачная група беларускага тлеканала «СТВ». Высветлілася, што сёння ўвечары ў праграме навін мае з'явіцца сюжэт на гэтую тэму.

Пасля першага перапынку у судовым працэсе ў 14:00 у залу ўрэшце дапусцілі траіх журналістаў. Прадстаўнікі суду заявілі, што памяшканне маленькае і не можа змясціць вялікую колькасць людзей.

Міліцыянты капітан Валынцаў і старэйшы лейтэнант Каралькоў сказалі, што Іван Шульга падчас гутаркі абражаў іх, сарваў шаўрон з формы. Валынцаў жа заявіў, што журналіст ударыў яго па назе і ў яго пералом. Хоць міліцыянт прыйшоў на працэс, не кульгаючы.

Паводле словаў адваката Івана Шульгі, у паказаннях міліцыянтаў вялікія супярэчнасці: тое, што кажа адзін, не супадае з тым, што кажа іншы.

Суддзя адхіліла хадайніцтва аб тым, каб выклікаць у суд сведку - суседа, які выйшаў у калідор, калі міліцыянты размаўлялі з Іванам. У судзе абвешчаны перапынак да абвяшчэння прысуду.

Як нагадвае «Еўрапейская Беларусь», 3 лютага каля 15.00 супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі ўварвацца ў кватэру, у якой размяшчаецца офіс Белсата ў Менску. Адзін з людзей у цывільным назваўся супрацоўнікам РУУС Савецкага раёна старэйшым лейтэнантам Каралько. Супрацоўнікі міліцыі спынілі спробы патрапіць ў памяшканне толькі пасля таго, як да офіса прыехалі журналісты іншых СМІ і фотакарэспандэнты.

Як мяркуецца, Іван Шульга быў затрыманы каля 15.00 3 лютага пасля таго, як па дамафоне папярэдзіў калегаў пра тое, што да іх офіса накіроўваюцца супрацоўнікі міліцыі. З гэтага моманту абодва мабільныя тэлефоны журналіста не адказвалі.

Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Савецкага раёна Аляксандр Баравы адмовіўся паведамляць прадстаўніку «Белсата» Міхаілу Янчуку, дзе знаходзіцца Шульга, аднак яму было вядомае прозвішча журналіста. Баравы таксама заявіў, што выходзячы з кватэры Шульга нібыта ўдарыў супрацоўніка міліцыі. Калегі Шульгі заявілі, што не выключаюць, што супраць яго фабрыкуецца крымінальная справа.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках