9 лiстапада 2024, Субота, 5:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У інтэрнэт-кавярні будуць пускаць па пашпартах

36

Мінсувязі заявіла, што наведвальнікі інтэрнэт-кавярняў будуць прад'яўляць пашпарт для ідэнтыфікацыі.

Пра гэта, як перадае «Інтэрфакс», паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі ў Менску міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей.

«Як я разумею, карыстальнікам інтэрнэт-паслуг у інтэрнэт-клубах прыйдзецца прад'яўляць дакумент, які засведчвае асобу, бо ўказ прадугледжвае для інтэрнэт-клубаў ідэнтыфікацыю не абаненцкай прылады, а персаналіі», - сказаў Панцялей, каментуючы прыняцце ўказу Лукашэнкі N60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт».

Ён распавёў, што абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў будзе ажыццяўляцца па заяве грамадзян-карыстальнікаў. «Кожны карыстальнік мае права звярнуцца да свайго правайдэра і папрасіць, каб індывідуальна абмежавалі доступ з яго кампутара да тых ці іншых сайтаў. Гэта будзе вырашацца тэхнічнымі сродкамі, кожным канкрэтна аператарам», - растлумачыў кіраўнік Мінсувязі. Ён дадаў, што такім чынам, напрыклад, рэалізуецца функцыя бацькоўскага кантролю.

Міністр растлумачыў, што не прадугледжваецца «збораў подпісаў і іншых грамадскіх дзеянняў» за масавае абмежаванне доступу да таго ці іншага рэсурсу».

«Таксама гаворка ідзе пра абмежаванне доступу да такой інфармацыі ў дзяржаўных органах і арганізацыях», - сказаў Панцялей. «Тут рашэнне будзе прымацца органамі дзяржупраўлення - да якіх сайтаў абмяжоўваць доступ супрацоўнікаў дзяржорганаў і арганізацый, якія ў працоўны час павінны выконваць свае службовыя абавязкі і, напэўна, да падобных рэсурсаў звяртацца не павінны», - працягнуў ён.

Закранаючы нормы аб ідэнтыфікацыі правайдэрам абаненцкіх прылад карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, кіраўнік Мінсувязі паведаміў, што «аператарам доступу давядзецца панесці дадатковыя выдаткі на вырашэнне пытанняў фільтрацыі, а з пункту гледжання ідэнтыфікацыі абаненцкіх прылад іх абсталяванне мае неабходныя магчымасці». «У кожнай кампаніі ёсць білінгавыя сістэмы, а білінг без ідэнтыфікацыі абаненцкай прылады немагчымы», - адзначыў ён.

Гаворачы пра магчымасць з'яўлення новых аператараў, якія маюць права на пропуск міжнароднага трафіку, Панцялей сказаў: «Калі Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце палічыць неабходным да нас звярнуцца, Мінсувязі будзе даваць рэкамендацыі, думаю, так яно і будзе». Ён таксама адзначыў, што пакуль не паступала заяваў ад якіх-небудзь кампаній аб гатоўнасці ажыццяўляць далучэнне да сетак замежных дзяржаў і пропуск міжнароднага трафіку.

Нагадаем, што скандальны ўказ «Аб нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт» падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і ўступіць у сілу 1 ліпеня. Праект дадзенага ўказу з'явіўся ў інтэрнэце ў снежні мінулага года. Тэкст законапраекта выклікаў крытыку як беларускай медыя-супольнасці, так і міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку АБСЕ. Незалежныя эксперты не сумняваюцца, што ўказ Лукашэнкі накіраваны, у першую чаргу, на блакаванне апазіцыйных вэб-рэсурсаў падчас правядзення выбараў.

Адзін з многіх пунктаў указу, якія выклікаюць непакой, абвяшчае, што «пастаўшчыкі інтэрнет-паслуг па запыце карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг аказваюць паслугі па абмежаванні доступу гэтых карыстальнікаў да інфармацыі, змест якой скіраваны на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці». На думку экспертаў, пад вызначэнне «экстрэмісцкія» незаконна могуць патрапіць апазіцыйныя сайты.

Акрамя таго, згодна з новым указам, правайдэры абавязаныя праводзіць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў. «Уласнікі пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі альбо ўпаўнаважаныя імі асобы ажыццяўляюць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг у пунктах калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі... Звесткі аб абаненцкіх прыладах, персанальныя дадзеныя карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, а таксама звесткі аб аказаных інтэрнэт-паслугах прадстаўляюцца па патрабаванні органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры і папярэдняга расследавання», - гаворыцца ў дакуменце.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках