14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анжаліка Борыс: Рэжым Лукашэнкі парушае правы ўсіх беларусаў

24
Анжаліка Борыс: Рэжым Лукашэнкі парушае правы ўсіх беларусаў

Дзеянні чыноўнікаў супраць Саюза палякаў Беларусі трэба разглядаць у кантэксце агульнай палітыкі беларускіх уладаў, якія парушаюць правы чалавека.

Пра гэта, каментуючы канфлікт вакол Дома польскага ў Івянцы, заявіла старшыня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, Анжаліка Борыс.

Кіраўнік СПБ адзначыла, што сітуацыя нагадвае ёй падзеі 2005 года, калі спецназ сілай захапіў Дом польскі ў Гародні. «Гэтыя падзеі сведчаць пра працяг палітыкі ціску беларускіх уладаў на незалежны Саюз палякаў у Беларусі», - перакананая Борыс.

Гэтая палітыка, паводле словаў Борыс, «выяўляецца ў ціску на незалежныя арганізацыі і людзей з незалежнымі поглядамі». У якасці прыкладу яна прывяла такія факты, як доўгае ўтрыманне пад вартай без суду прадпрымальніка з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, ціск на журналістаў незалежных СМІ, у тым ліку польскага тэлеканала «Белсат».

Анжаліка Борыс выказала ўдзячнасць «дэмакратычнай супольнасці Беларусі і ўсім людзям добрай волі» за салідарнасць з неафіцыйным Саюзам палякаў.

Анжаліка Борыс таксама паведаміла, што прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі запрасіў яе на сустрэчу. Паводле словаў кіраўніка СПБ, прэзідэнт таксама выказаў салідарнасць з грамадскім аб'яднаннем палякаў.

Нагадаем, што ўчора ў Івянцы (Менская вобласць) у Польскі дом, які належыць непрызнанаму ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і судовыя выканаўцы. Судовыя выканаўцы прыступілі да вопісу маёмасці. Сам будынак быў акружаны міліцыянтамі. Актывістаў непрызнанага Саюза палякаў міліцыянты з будынка выштурхалі. Пасля гэтага яны правялі туды нейкага Станіслава Бурачэўскага, які кіруе мясцовым аддзяленнем альтэрнатыўнага (лаяльнага уладам) Саюза палякаў.

Папярэдні канфлікт вакол Польскага дома ў Івянцы адбыўся ў канцы студзеня. Тады ўлады спрабавалі зладзіць там з'езд, каб зрушыць кіраўніка мясцовага аддзялення непрызнанага СПБ Тэрэзу Собаль. Дзесяткі актывістаў арганізацыі, якія накіроўваліся ў Івянец, былі затрыманыя.

Саюз палякаў быў расколаты ў 2005 годзе. Частка яго, лаяльная уладам, з'яўляецца афіцыйна прызнанай. Актывісты непрызнанага СПБ на чале з Анжалікай Борыс падвяргаюцца пераследу з боку ўладаў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках