15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Аўтуховіч: На нас аказваўся псіхалагічны ціск (Фота)

26
Мікалай Аўтуховіч: На нас аказваўся псіхалагічны ціск (Фота)

Першы судовы працэс над палітвязнямі цягнуўся ўсяго дзве гадзіны - паседжанне перанесена на 16 сакавіка.

Працэс над палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам, якія правялі ў турме больш за год, пачаўся 10 сакавіка ў Вярхоўным судзе Беларусі. У 9:45 на паседжанне суда, згодна з спісамі, пусцілі 20 чалавек. У будынак Вярхоўнага суда прапускалі па пашпартах. Журналісты дамагаліся, каб ім таксама дазволілі прысутнічаць у зале. Падтрымаць палітвязняў прыйшлі: лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, праваабаронца Алесь Бяляцкі, грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык, былы дэпутат «палаты прадстаўнікоў» генерал Валерый Фралоў, праваабаронца Алег Воўчак, лідэр «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец, былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч і многія іншыя.

Судовы працэс пачаўся ў 10:15. Супрацоўніца Вярхоўнага суда паведаміла, што зала, разлічаная на 70 чалавек, запоўнена цалкам.

Як перадае «Радыё Свабода», тыя, хто не трапіў на працэс, пачалі абурацца. Некаторыя адправіліся ў прыёмную Вярхоўнага суда пісаць скаргу. На працэс спрабавалі таксама патрапіць прадпрымальнік Алесь Макаеў і былы палітвязень Сяргей Скрабец. Макаеў дамогся сустрэчы з намеснікам старшыні Вярхоўнага суда Канюком. Прадпрымальнік запатрабаваў, каб працэс праходзіў у большай па памеру зале. Канюк прызнаў, што праблема існуе.

На лаве падсудных сёння знаходзіліся Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, а таксама Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў, якія таксама праходзяць па гэтай справе. Паседжанне вядзе суддзя Аляксей Цяцюхін, пракурор - Сафараў. Як паведамляе «Наша Ніва», у самым пачатку судовага паседжання ў зале забаранілі весці відэа-і фотаздымку, паколькі супраць гэтага выказаўся адзін з падсудных - Аляксандр Ларын. Фотакарэспандэнтаў і здымачныя групы выдалілі з залы.

Падчас судовага працэсу палітвязень Мікалай Аўтуховіч заявіў аб запалохванні, псіхалагічным ціску на яго з боку следства. Паводле слоў ваўкавыскага прадпрымальніка, Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку прапаноўвалі даваць паказанні супраць яго, узамен абяцалі свабоду. Так, Лявонаву, паводле слоў Аўтуховіча, казалі, што калі ён не дасць паказанняў, то яго «закрыюць на вялікі тэрмін». А Асіпенку, калі дасць паказанні, адпусцяць на вяселле дачкі, сказаў Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч таксама заявіў, што па справе былі затрыманыя каля дзесятка чалавек, а азнаямленне з матэрыяламі следства праходзіла ў нечалавечых умовах, пры тэмпературы 0 градусаў. Як заявіў палітвязень, нават адвакаты сядзелі ў куртках.

Аўтуховіч адзначыў, што падчас расследавання гэтай справы ў турму трапілі больш за 10 чалавек. На ўсіх іх, паводле прадпрымальніка, аказваўся псіхалагічны ціск.

Падчас суда Аўтуховіч заявіў хадайніцтва, каб яму былі выдадзеныя копіі матэрыялаў справы для дадатковага азнаямлення. Таксама палітвязень запатрабаваў, каб працэс быў разгледжаны ў Менскім гарадскім або Гарадзенскім абласным судзе.

Ён таксама падаў хадайніцтва запрасіць у якасці грамадскіх абаронцаў Аляксандра Камароўскага і Алега Воўчака.

Было задаволена хадайніцтва Аўтуховіча аб дадатковым азнаямленні з матэрыяламі справы, але што тычыцца капіявання матэрыялаў, то суддзя заявіў, што «па магчымасці».

Хадайніцтва аб прыцягненні Аляксандра Камароўскага і Алега Воўчака ў якасці абаронцаў было адхілена. Суддзя заявіў, што абаронцы Аўтуховіча і Асіпенкі дастаткова кваліфікаваныя адвакаты.

У той час як у зале Вярхоўнага суда праходзіў працэс па справе палітвязняў, прадстаўнікі беларускай апазіцыі праводзілі акцыі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам. Так на мосце над Партызанскім праспекце (каля універмага «Беларусь» у Менску) каля 8 гадзін раніцы з'явілася 10-метровая расцяжка «Свабоду Аўтуховічу і Асіпенку», якую павесілі актывісты «Маладой Беларусі».

Адзначым, што беларускія праваабаронцы лічаць, што для разгляду справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі ў Вярхоўным судзе не было падстаў. Улады адмыслова пайшлі на гэта, каб абвінавачаныя пасля не маглі аспрэчыць прысуд Вярхоўнага суда, які з'яўляецца канчатковым.

«Нарэшце, праз год, пачынаецца разгляд справы палітвязняў. У нас была надзея, што справу перададуць у Гарадзенскі або Менскі абласны суд. Вярхоўны суд разглядае справы толькі вышэйшых службовых асоб краіны або, калі ён вырашыў сам узяць справу для разгляду. Але мы ведаем, што гэта была не ініцыятыва ВС, а пастанова генеральнага пракурора. Працэс у іншым судзе даваў бы магчымасць абскардзіць рашэнне. Рашэнне ж Вярхоўнага суду - канчатковае, і гэта ўшчамляе правы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org праваабаронца Алег Воўчак.

Праваабаронца таксама адзначае, што суд адмовіў адвакатам Аўтуховіча і Асіпенкі ў законным парадку рабіць копіі матэрыялаў справы.

«Мы ведалі, што адзінымі сведкамі абвінавачвання па гэтай справе з'яўляюцца ўсяго два чалавекі, але абвінавачванне чамусьці вырашыла выклікаць усіх сведкаў, нават панятых. Ніякіх сведчанняў па справе яны даць не могуць. Апытанні сведак у судзе расцягнуты на некалькі тыдняў. То бок працэс адмыслова зацягваюць на працяглы час. Мабыць, следства хоча паказаць, што не дарма працавала цэлы год. Нагадаю, што быў шэраг хадайніцтваў аб спыненні крымінальнай справы, але генпракурор Васілевіч не рэагаваў на іх.

10 сакавіка ў Вярхоўным судзе будзе шмат дыпламатаў, праваабаронцаў, простых грамадзян. Кіраўніцтва МУС публічна абяцала, што працэс будзе адкрытым. Паглядзім. Апраўдання мы не чакаем. Гэтых людзей трэба было вызваляць год таму і выносіць афіцыйныя прабачэнні. Доказаў у следства ніякіх няма. Нам галоўнае - праявіць салідарнасць, прыйсці ў суд і фіксаваць усе злачынныя парушэнні як з боку суда, так і з боку следства», - заявіў Алег Воўчак.

Праваабаронца ўпэўнены, што Аўтуховіч і Асіпенка - палітычныя вязні. «Вядома, гэтыя людзі - вязні сумлення. Навошта іх арыштавалі? Каб працягваць запалохваць актыўных грамадзян, і ўвогуле рэжым Лукашэнкі не можа існаваць без палітвязняў - ім трэба хоць з чым-небудзь выходзіць да Еўропы і гандлявацца», - упэўнены Воўчак.

Нагадаем , што 8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў, якія заўжды актыўна адстойвалі свае правы, Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. Затрыманым было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня 2009 года ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы замаху на жыццё вышэйшых службовых асобаў вобласці. Пазней Юры Лявонаў быў вызвалены, з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітвязнямі.

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Былыя «афганцы», сустаршыні аргкамітэта па стварэнні Саюза ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі. Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках