28 снежня 2024, Субота, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лічыць будуць зноў «свае»: Апазіцыю не пускаюць ва ўчастковыя выбаркамы

17

10 сакавіка ў Беларусі завершылася фармаванне ўчастковых выбарчых камісіяў.

Па словах экспертаў, гэты працэс можа стаць вызначальным для апазіцыі. У выпадку калі прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, рухаў і арганізацыяў не будуць уключаныя ў склад участковых камісіяў, з іх боку магчымы байкот далейшых этапаў «выбараў».

Магілёўская вобласць

На Магілёўшчыне, паводле афіцыйнай інфармацыі, участковыя камісіі ўжо сфармаваныя. Да цяперашняга часу дакладна вядома, у 830 камісіях будуць працаваць 9 258 чалавек. Колькі з іх апазіцыянераў – невядома. У райвыканкамах заяўляюць, што пратаколы паседжанняў, на якіх зацвярджаліся камісіі, яшчэ не апрацаваныя.

На працягу ўсяго 10 сакавіка ў Магілёве высвятляў, ці патрапілі ва ўчастковыя камісіі чальцы абласной арганізацыі руху «БНФ «Адраджэньне», яе старшыня Зміцер Салаўёў. Ён сцвярджае, што азнаёміцца з пастановай аб фармаванні камісіяў у адміністрацыях раёнаў абласнога цэнтра яму не далі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Адзінае, што ў мяне атрымалася высветліць, - што ніводнага прадстаўніка ад грамадскага аб'яднання «БНФ «Адраджэньне» у камісіі не прайшло», -- сказаў Зміцер Салаўёў.

Рух «БНФ «Адраджэньне» у Магілёве вылучаў у камісіі 21 свайго прадстаўніка. Пра іншых апазіцыянераў, якія мелі жаданне папрацаваць на ўчастках, чыноўнікі звестак не даюць. Кажуць, што апублікуюць у афіцыйнай прэсе.

З Бабруйска паведамілі, што ў склад участковых камісіяў не патрапіў ніводзін прадстаўнік апазіцыі. Чыноўнікі патлумачылі, што яны нібыта аддавалі перавагу тым кандыдатурам, якія мелі досвед працы ў камісіях раней.

«Высокую актыўнасць праявілі палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні 27,4% ад усіх вылучэнцаў у склад участковых камісіяў – гэта прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў», -- распавёў старшыня абласной выбарчай камісіі Валеры Берастаў.

Пінск

10 сакавіка ў Пінску таксама адбылося паседжанне гарвыканкама для вызначэння складу ўчастковых камісіяў.

«Паседжанне прайшло вельмі хутка, на працягу 5-7 хвілінаў, -- адзначыў прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў ад Партыі БНФ Аляксандр Рамановіч. -- Зачыталі загадзя напісанае рашэнне. На жаль, нікога з нашых вылучэнцаў не ўключылі ў тыя дзве ўчастковыя камісіі, у якія мы рыхтавалі прэтэндэнтаў ад Партыі БНФ».

Гарадзенская вобласць

У Гарадзенскай вобласці фармаванне ўчастковых камісіяў мае ў кожным рэгіёне свае асаблівасці.

У Астраўцы з чатырох вылучаных актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі ва ўчастковыя камісіі нікога не ўключылі. Прычым, па словах актывіста Івана Крука, нават не сказалі, у які час будзе праходзіць фармаванне камісіяў.

10 сакавіка высветлілася, што ўлады ўжо правялі паседжанне, а раніцай у той жа дзень сказалі Івану Круку, што яго і Мікалая Уласевіча не ўключылі, паколькі, маўляў, «вы збіраецеся балатавацца ў кандыдаты».

«Крыўдна, вядома. Абяцалі лібералізацыю, што і ад партыяў людзі змогуць удзельнічаць, а ў сапраўднасці атрымліваецца, што гэта звычайны падман», -- сказаў Іван Крук.

У Свіслачы, наадварот, прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады здаволеныя фармаваннем участковых камісіяў, бо з сямі іх вылучэнцаў уключаныя ўсе.

«Ва ўчастковыя камісіі ўключаныя ўсе 7 кандыдатураў, якія мы падавалі, -- распавёў мясцовы актывіст Віктар Десяцік. -- Чатыры ў нас ішлі як вылучэнцы БСДГ, і траіх вылучалі шляхам збору подпісаў. Выдатна ўсё прайшло».

Іван Шэга, кіраўнік Слонімскай арганізацыі БНФ, з паседжання камісіі выйшаў незадаволеным. Паводле яго словаў, не назвалі нікога, каго ўключылі ў камісіі, а толькі зачыталі колькасць па кожным участку і дзе яны будуць месціцца.

Паабяцалі, што прозвішчы чальцоў камісіі можна будзе прачытаць у раённай газеце праз 7 дзён. Аднак, са словаў Шэгі, яго насцярожыў адзін выступ, у якім выказваліся абвінавачванні ў адрас вылучэнцаў ад яго партыі. А іх усяго 25.

«Карацей, я зразумеў, што нашых людзей яны ўключаць не будуць – можа, толькі некалькі чалавек. Заявілі, што некаторыя з нашых вылучэнцаў мелі адміністрацыйныя справы. Але ў нас амаль кожны апазіцыянер іх меў, таму што інакш які гэта апазіцыянер?», -- адзначыў Іван Шэга.

Варта нагадаць, што кіраўнік слонімскага аддзялення Партыі БНФ ужо неаднаразова заяўляў, што ў выпадку, калі актывістаў не ўключаць ва ўчастковыя камісіі, яны будуць байкатаваць выбары.

Масты

З дзевяці чалавек ад руху «За свабоду» і чатырох, якіх прапаноўвала незарэгістраваная партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), Мастоўскі райвыканкам ніводнага не ўключыў у склад выбарчых камісіяў. Паседжанне выканкама адбылося 10 сакавіка ў другой палове дня.

Як паведаміў рэгіянальны каардынатар руху «За свабоду» Аляксандр Зарэмбюк, тлумачэнні былі наступныя: трое з прапанаваных рухам – гэта чальцы ініцыятыўных групаў, яшчэ адзін працуе не ў Мастах, а ў суседнім Ваўкавыску, пяты – супрацоўнік фірмы, якая зарэгістраваная ў Менску.

Па астатніх чатырох кандыдатах чыноўнікі ніякіх тлумачэнняў не далі.

Віцебская вобласць

Кіраўнік віцебскай грамадскай арганізацыі «Самакіраванне і грамадства» Хрыстафор Жэляпаў атрымаў лісты з наваполацкага гарадскога і гарадоцкага раённага выканкамаў. Чыноўнікі запатрабавалі пацверджання, ці з'яўляюцца чацвёра прэтэндэнтаў, вылучаных у склад участковых камісіяў, сябрам гэтай арганізацыі.

Желяпаў лічыць патрабаванне нонсэнсам: дакумент аб вылучэнні чальцоў «Самакіравання і грамадства» завераны пячаткай, ды і проста дзіўна было б, каб арганізацыя стала вылучаць нейкіх пабочных асобаў.

«Я не ведаю, як гэта ацэньваць, -- пракаментаваў сітуацыю актывіст. -- Прынамсі, заканадаўства такога не патрабуе».

Берасцейская вобласць

10 сакавіка адбылося паседжанне Баранавіцкага гарвыканкама па зацвярджэнні складу ўчастковых камісіяў па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 26 склікання. Як паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары», дакладчыкам на гэтым паседжанні выступіў загадчык арганізацыйна-кадравай працай гарвыканкама Алег Савось. За 5 хвілінаў працы было зацверджана 66 складаў участковых камісіяў у агульнай колькасці 685 чалавек.

На паседжанне гарвыканкама не былі запрошаныя прадстаўнікі прэсы і мясцовага тэлебачання, палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў. Не было агучана ніводнага прозвішча чальцоў камісіяў. Толькі на запыт назіральніка ад ТБМ Сяргея Гоўшы, адзінага, хто прысутнічаў ад грамадскасці на гэтым паседжанні, адказалі, што з трох вылучаных кандыдатаў ад Партыі БНФ і БСДГ ва ўчастковыя камісіі, зацверджаны толькі адзін - Аляксандр Грыцавец ад Партыі БНФ. Пра іншых чальцоў камісіяў, сказаў старшыня гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі, можна будзе даведацца з прэсы. Дзічкоўскі адмовіў у просьбе назіральніка Сяргея Гоўшы апублікаваць у прэсе поўныя звесткі (месцы працы і займаныя пасады) чальцоў камісіяў.

Аляксандр Грыцавец, які працуе начальнікам участку на Баранавіцкім аўтаагрэгатным заводзе, не выключае, што на яго ў сувязі з уключэннем у склад участковай камісіі можа быць аказана ціск па «добраахвотным» выхадзе са складу камісіі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках