14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замест Літвы Лукашэнка адлятае ў Венесуэлу

40

Чакаецца, што беларускі дыктатар з дэлегацыяй зробіць афіцыйны візіт у Венесуэлу 16-17 сакавіка.

Візіт праводзіцца, каб «выйсці на новыя ўзаемавыгадныя перспектывы супрацоўніцтва на дабро венесуэльскага і беларускага народаў», паведаміў у чацвер міністр замежных справаў Венесуэлы Нікалас Мадура на адкрыцці працоўнага паседжання венесуэльска-беларускай камісіі высокага ўзроўня, якая завяршае падрыхтоўку да візіту кіраўніка Беларусі.

«Венесуэла стане першай краінай у паездцы Аляксандра Лукашэнкі ў Лацінскую Амерыку», - адзначыў кіраўнік МЗС, не ўдакладніўшы пры гэтым іншыя дзяржавы рэгіёна, якія наведае беларускі кіраўнік, перадае ИТАР-ТАСС.

У працы двухдзённага паседжання сумеснай камісіі прымае ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з першым намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Сямашкам. У складзе дэлегацыі - памочнік Лукашэнкі па асаблівых даручэннях, экс-сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, кіраўнікі і высокапастаўленыя супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў.

«Сёння і заўтра нам трэба будзе вызначыць новыя падыходы па рэалізацыі праектаў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, абмяняцца меркаваннямі адносна новых, прыярытэтных накірункаў двухбаковага супрацоўніцтва, вызначыць арыенціры на перспектыву», - адзначыў Сямашка.

Ён падкрэсліў, што «камісія павінна зрабіць усё неабходнае, каб праз некалькі дзён тут у Каракасе нашыя прэзідэнты мелі дакладную карціну стану сумесных праектаў і вышлі на новыя ўзаемавыгадныя перспектывы супрацоўніцтва на дабро венесуэльскага і беларускага народаў».

Віцэ-прэзідэнт Венесуэлы Эліяс Хаўа прывітаў беларускую дэлегацыю ад імя «камандантэ, прэзідэнта Уга Чавеса, урада і венесуэльскага народа». Ён зазначыў, што «супрацоўніцтва з Беларуссю ў энергетычнай сферы, грамадзянскім будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, навуцы і тэхніцы, адукацыі і культуры, стала важным фактарам ва ўмацаванні сяброўства паміж дзвюмя краінамі».

Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес у апошнія гады неаднаразова заяўлялі аб узаемным сяброўстве і абменьваліся візітамі. Прэзідэнт Венесуэлы наведваў Беларусь тройчы: у 2006, 2007 і 2008 гадах. У снежні 2007 года адбыўся афіцыйны візіт у Венесуэлу беларускага дыктатара.

Адным з галоўных інтэрасаў Беларусі ў Венесуэле на першы погляд з'яўляецца ўдзел у распрацоўцы нафтавых радовішчаў. Аднак раней гішпанская газета «Эль Паіс» паведамляла, што Венесуэла з дапамогай Беларусі мела намер пастаўляць зброю паўстанцам з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (FARC).

Інтэрпол пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, якія сведчаць аб фінансавых узаемадачыненнях прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса і ўрада Беларусі з тэрарыстычнай групоўкай.

Нагадаем, што на 11 сакавіка Лукашэнка быў запрошаны прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ ў Вільню на ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя аднаўлення літоўскай незалежнасці, аднак ад паездкі беларускі дыктатар адмовіўся.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках