28 снежня 2024, Субота, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыянераў выключаюць з участковых камісіяў

5

Беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі выбарчага працэсу зафіксаваны ў раённым цэнтры Свіслач, які знаходзіцца ў Гарадзенскай вобласці.

Партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ) вылучыла ва ўчастковыя камісіі 4-х сваіх актывістаў – Мікалая Лукшу, Міхаіла Казака, Аляксандра Палубінскага і Дзмітрыя Бузука, яшчэ трое мясцовых грамадска-палітычных актывістаў вылучаліся шляхам збору подпісаў і падачы адпаведнай заявы, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

На паседжанне адміністрацыі Свіслацкага райвыканкама Гарадзенскай абласной арганізацыяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады быў накіраваны яе прадстаўнік Віктар Дзесяцік, які 9 сакавіка прысутнічаў на паседжанні адміністрацыі, калі фармаваліся склады ўчастковых камісіяў. Падчас паседжання прозвішчы чальцоў камісіі не агучваліся, аднак афіцыйна было заяўлена, што ўсе, хто вылучаўся, увайшлі ў іх склад, за выключэннем двух чалавек, якія раней мелі судзімасці.

У наступныя дні вылучаным партыйцам і грамадска-палітычным актывістам тэлефанавалі з выканкама і паведамлялі пра тое, што яны ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісіяў.

Афіцыйна надрукаваныя склады ўчастковых камісіяў вышлі толькі 13 сакавіка ў мясцовай раённай «Свіслацкай газеце». Аднак нікога з 7 прадстаўнікоў БСДГ і грамадска-палітычных актывістаў, якія вылучаліся, у складах камісіяў няма.

Незалежныя назіральнікі дапускаюць версію, што такі абсурд мог здарыцца ў выніку таго, што калі стала вядома пра рашэнне Свіслацкай адміністрацыі, у справу маглі ўмяшацца абласныя ўлады ці нейкія іншыя службы. У выніку адбылася «элегантная зачыстка» прадстаўнікоў мясцовай дэмакратычнай супольнасці.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках