28 снежня 2024, Субота, 6:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўнае – пабудаваць нармальную дзяржаву

320
Галоўнае – пабудаваць нармальную дзяржаву

Першае інтэрв'ю пасля рашэння ісці ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў даў беларускім блогерам.

Інтэрв'ю падрыхтаванае Мікалаем Халезіным на базе пытанняў, зададзеных беларускімі блогерамі.

Bacian: На што Вы разлічваеце?

Не «на што», а «на каго»: на сябе, сям'ю, аднадумцаў, сяброў, аднакласнікаў... На беларусаў.

Hurnievic: Вы правы, левы, цэнтрыст, манархіст etc?

Правы цэнтр. І ў баскетбол гуляў на гэтай жа пазіцыі.

Motva: Які ваш досвед працы на кіруючых пасадах?

Намеснік міністра замежных справаў. Кіраўнік дэлегацыяў Беларусі на перамовах па звычайным і ядзерным раззбраенні, з правам подпісу ад імя Рэспублікі Беларусь. Сустаршыня Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў.

Shodman: Што Вы зрабілі для Беларусі?

Прасоваю Беларусь у свеце, як лепшае месца на зямлі, тлумачачы, што зараз мы проста «крыху хварэем». З 2005 года, пасля з'яўлення «Свабоднага тэатра», папулярызаваць нашую краіну ў свеце стала лягчэй.

Пабудаваў дом (не адзін), пасадзіў дрэва (не адно), выхаваў сына (не аднаго).

g_rub: Якія падставы ў грамадзянаў Саннікава, Бандарэнкі і інш. называцца «каардынатарамі грамадзянскай ініцыятывы Хартыя-97», весці дзейнасць ад імя «прэс-цэнтра Хартыі’97», лічыць рэсурс charter97.org, які належыць ім, «карпаратыўным парталам» гэтай ініцыятывы, калі Хартыя’97, падпісаная больш чым 150 тысячамі грамадзянаў Беларусі, ні яўным ні схаваным чынам не мела на ўвазе дэлегавання каму-небудзь паўнамоцтваў на «каардынаванне», стварэнне «прэс-цэнтраў» і «карпаратыўных парталаў» з выкарыстаннем гэтай назвы?

Хартыя’97 у форме грамадзянскай ініцыятывы праіснавала да 2005 года. Зараз – проста Хартыя'97. Давер людзей, якія падпісалі Хартыю, патрабаваў дзеянняў, а не словаў. Са 120 тысячаў тых, хто падпісаў, я ведаю толькі 8 чалавек і адзін нік, якія аспрэчваюць дзеянні каардынатараў.

Aliaksei: Калі сайт Хартыя-97 перастане красці чужыя матэрыялы і спыніць цэнзуру ў каментарах?

Я сайтам не займаюся. Паводле майго цвёрдага пераканання, медыйнымі праектамі павінны займацца прафесіяналы. Асабіста мяне задавальняе, што ў канцэнтраваным выглядзе я магу на сайце чытаць матэрыялы аб падзеях у Беларусі, і меркаванне сусветнай прэсы пра нашую краіну. Наколькі я ведаю, газета The New-York Times таксама не мае да сайта прэтэнзіяў.

Не варта блытаць цэнзуру і мадэраванне. Не падабаецца сайт – не наведвайце яго, ці стварайце свае, больш папулярныя.

tiradorrus: Якія крыніцы фінансавання рэдакцыі сайта «Хартыя’97»?

Лічу, што вельмі недастатковыя. Мяне часта пытаюцца пра тое, калі можна будзе пачытаць навіны з Беларусі на нямецкай, французскай і персідскай мовах. Паколькі такіх версіяў няма, можна зразумець, што сайт не мае дастатковых рэсурсаў для далейшага развіцця.

Aliaksei: Хто ўваходзіць у вашую перадвыбарчую каманду, і як размяркуюцца пасады ва ўрадзе ў выпадку вашай перамогі?

У каманду ўваходзяць прафесіяналы.

4izkemerovo: Ці верыце Вы ў тое, што зможаце перамагчы?

Разам з беларускімі блогерамі – так.

Aliaksei: Ці ёсць у вас перадвыбарчая праграма, і калі так, дык дзе з ёй можна азнаёміцца?

У хуткім часе яна будзе завершаная. Стратэгічная мэта – пабудова нармальнай дзяржавы, уступленне Беларусі ў Еўразвяз, забеспячэнне еўрапейскага ўзроўня жыцця ў найкарацейшыя тэрміны, а не ў далёкай перспектыве.

4izkemerovo: Якімі сіламі Вы збіраецеся сабраць 100 тысячаў подпісаў?

Як і належыць, сіламі магутнай ініцыятыўнай групы, якая ўжо фармуецца.

Shodman: Навошта беларусам дэмакратыя? Ці ўяўляе яна нейкую каштоўнасць для большасці грамадзянаў краіны?

Пытанне гучыць дастаткова дзіўна: вы пытаецеся, навошта ІМ дэмакратыя? Па-мойму, якраз дэмакратыя і ўяўляе для грамадзянаў любой краіны каштоўнасць, забяспечваючы права на выбар. Не ўяўляю, як інакш можна забяспечыць тое самае нармальнае жыццё, якое мы бачым у Еўропе.

Aliaksei: Ці чакае нас дзяржаўная цэнзура і крадзеж у тым выпадку, калі Вы станеце прэзідэнтам?

Вы дакладна ахарактарызавалі сістэму, якая дзейнічае сёння і якую я хачу змяніць.

ha_ga_ne: Якія з прынятых цяперашнім урадам законаў і падзаконных актаў будуць адмененыя?

Будзе праведзенае рэфармаванне ўсёй палітычнай і эканамічнай сістэмы. Асноўнай задачай я бачу аднаўленне прынцыпу падзелу ўладаў, аднаўленне дзейснага парламента і забеспячэнне незалежнасці судоў. Без вяртання незалежнай прэсы, яе ўплыву і кантролю за дзейнасцю дзяржавы, пабудаваць свабоднае грамадства немагчыма.

Verkeus: Якую палітыку Вы будзеце праводзіць у дачыненні да Расеі?

Моцную. Зыходзячы з нашых нацыянальных інтэрасаў, пры ўліку інтэрасаў суседзяў. Нам вельмі патрэбна Расея, таксама, як і мы патрэбныя Расеі. Гэта стварае базу для выніковых стасункаў, а не для дробных канфліктаў, якія мы сёння назіраем.

Shodman: Ці гатовыя Вы ігнараваць меркаванне Еўропы і Расеі дзеля дабра нашай краіны?

Галоўны прынцып дыпламатыі ў знаходжанні канструктыўных рашэнняў, а не ў ігнараванні меркаванняў партнёраў. Так прасцей забяспечыць дабро краіны і ўлічыць нацыянальныя інтэрасы.

Aliaksei: Які меркаваны лёс грамадзяніна Лукашэнкі і яго атачэння?

Гэта вырашаць незалежнаму суду па пазовах грамадзянаў.

Verkeus: Ці станеце Вы зноў змяняць дзяржаўную сімволіку?

Абавязкова. Але толькі не змяняць, а вяртаць. Усе краіны-суседзі вярнулі сваю гістарычную сімволіку, а ў Беларусі засталася скажоная савецкая. Па сімволіцы і жывем.

ha_ga_ne: Ці будзе праведзеная амністыя, ці, наадварот, адкрытае расследаванне службовых злачынстваў чыноўнікаў усіх узроўняў?

Гэта прэрагатыва незалежных судоў. Амністыя, кампенсацыі і аднаўленне ў правах павінны закрануць усіх тых, хто пацярпеў ад чынавенскай самаўпраўнасці.

Aliaksei: Ці будуць прыцягнутыя да адказнасці рэктары і дэканы вну, якія пераследвалі студэнтаў па палітычных матывах?

Былыя рэктары і дэканы, якія займаліся палітычным пераследам, могуць быць прыцягнутыя да адказнасці, але я думаю, што ім у любым выпадку прыйдзецца нясоладка і ў Беларусі, і за мяжой. У шматлікіх заходніх краінах пры выдачы візаў улічваецца такі пункт, як дзейнасць па пераследзе іншадумцаў. Калі ёсць факты, якія пацвярджаюць падобную дзейнасць, у візах адмаўляюць.

Аднак, кожны чалавек павінен мець права на пакаянне і прабачэнне.

Unutranyholas: Ці будуць легалізаваныя лёгкія наркотыкі і ці атрымаюць грамадзяне права на нашэнне агнястрэльнай зброі?

Можа, гэта вашая формула шчасця, але я жыву ў рэальным свеце.

malinov_ski: Ці праўда, што вы атрымалі кватэру ў доме, у якім вылучалі кватэры супрацоўнікам КДБ?

Няпраўда. Ніколі кватэраў не атрымліваў і не патрабаваў, хаця, верагодна, і меў на гэта права. Мая кватэра набытая ў 2002 годзе з дапамогай родных, у пяціпавярховым доме хрушчоўскага тыпу, за разумную суму.

ha_ga_ne: Ці будзе скарочаны сілавы апарат (армія, міліцыя, КДБ)?

Безумоўна. Пра армію – асобная гаворка. Яна ўжо значна скарочаная. Трэба будзе сур'ёзна прапрацаваць пытанне аб яе функцыях, а затым ужо вызначаць аптымальную колькасць. Міліцыя, а асабліва яе спецыяльныя падраздзяленні, будуць скарочаныя і пастаўленыя на службу народа, а не злачынным групоўкам. Навошта нам, напрыклад, некалькі брыгадаў спецназа ўнутраных войскаў? Мы будзем рухацца ў Еўропу, і бескантрольная міліцыя саступіць месца еўрапейскай паліцыі, якая будзе кантралявацца грамадствам.

Verkeus: Пры паступленні прапановы ад ЗША аб размяшчэнні на тэрыторыі РБ сваіх ваенных аб'ектаў, Вы будзеце гэтае пытанне: вырашаць аднаасобна, узгадняць з парламентам ці выносіць на рэферэндум?

Пры мне пра гэта нават не пойдзе гаворка.

Aliaksei: Ці будзе нацыяналізаваная дзяржаўная ўласнасць, якая прадаецца зараз па дэмпінгавых коштах сумніўным «інвестарам»?

Пытанне вельмі сур'ёзнае. Залежыць ад кожнага канкрэтнага выпадку. Калі з гэтага атрымалася нешта добрае і карыснае, дык інвестары працягнуць працу.

Shodman: Ці патрэбна нам АЭС, і як вырашаць праблему энергазалежнасці?

Можа і патрэбная, але дакладна не пры Лукашэнку. Пры цяперашняй уладзе, кожная «будоўля стагоддзя» суправаджаецца гучнымі скандаламі і пасадкамі пасля яе завяршэння. Крадуць будматэрыялы, не выконваюць праектныя патрабаванні, здаюць аб'екты ў рэжыме аўралу. Уявіце, калі ўсё гэта будзе адбывацца пры будаўніцтве АЭС. Пра якую бяспеку тут пойдзе гавока? А праблему энергазалежнасці будзем вырашаць супольна ў ЕЗ.

Verkeus: Ці створыце Вы роўныя ўмовы для распачынання бізнэсу ўсіх грамадзянаў краіны, ці ўвядзеце нацыянальныя/канфесійныя прэферэнцыі?

Роўныя ўмовы і прэферэнцыі для дробнага і сярэдняга бізнэсу. Акрамя гэтага, лічу, што Беларусь зможа здзейсніць тэхналагічны прарыў, толькі калі да нас прыйдуць сусветныя брэнды. Для іх дзверы будзе адчыненыя.

Shodman: Ці лічыце Вы, што Беларусь павінна захаваць у дзяржаўнай уласнасці блакітныя фішкі?

На пачатковым этапе – безумоўна. Затым варта змяншаць долю дзяржавы.

Verkeus: Хто будзе рэальна кіраваць краінай пры Вашым прэзідэнцтве: Вы ці вашая жонка? Ці атрымае яна міністэрскую пасаду ці пасаду ў ідэалагічным сектары? Ці працягне яна знаходзіцца ў апазіцыі да ўлады?

На жанчын я сваю працу не перакладаю.

Прызначыць журналіста на дзяржаўную пасаду – значыць забіць журналіста, а Іра сваю прафесію любіць. Паколькі ў апазіцыі да дэмакратычнай улады будуць рэшткі лукашыстаў, дык яна будзе дакладна не з імі.

Verkeus: Паколькі за адзін прэзідэнцкі тэрмін нічога рэальна змяніць немагчыма, ці станеце Вы дамагацца пераабрання на другі, трэці? ..

За адзін прэзідэнцкі тэрмін рэальна змяніць вельмі шмат, і галоўнае – закласці асновы развіцця, а не стагнацыі. Так і адбудзецца.

Shodman: Што трэба зрабіць у Беларусі прэзідэнту для таго, каб адбыўся якасны скачок ва ўзроўні жыцця насельніцтва?

Даць людзям свабоду жыць, працаваць, займацца бізнэсам. Вызваліць і заахвоціць прыватную ініцыятыву. Прыцягнуць у Беларусь лідэраў сусветнай эканомікі. Стаць значнай часткай магутнага еўрапейскага эканамічнага цэнтра.

Напісаць каментар 320

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках