14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Разменны генерал

31

Беларускія пракуроры дапыталі генерала Уладзіміра Усхопчыка. Пра выдачу яго Літве гаворка пакуль не ідзе.

Пра тое, што гэтая навіна дакладзеная прэзідэнту Літвы, радасна паведамілі літоўскія СМІ. А Даля Грыбаўскайтэ, нагадаем, абяцала запрасіць Аляксандра Лукашэнку на святкаванне юбілею незалежнасці Літвы ў Вільню, «калі адбудзецца пералом у справе 13 студзеня, у якім Беларусь адмаўляецца выдаць падазраванага генерала Усхопчыка».

Пералом, выглядае, адбыўся. «Канструктыўны палітычны дыялог дае вынікі, і той факт, што Усхопчык быў дапытаны, а таксама перадумовы, якія з'явіліся, перакваліфікаваць справу так, каб у ёй не ўжываўся тэрмін даўнасці, - гэта вельмі добрая вестка да святкавання дваццацігоддзя 11 сакавіка», - перадаў пазіцыю прэзідэнта яе прэс-сакратар Лінас Бальсіс. Паводле яго словаў, прэзідэнт спадзяецца, што «у літоўскай пракуратуры нарэшце з'явіцца магчымасць завершыць гэтую справу». І рашэнне аб запрашэнні Лукашэнкі на святкаванні ў Вільню «будзе прынятае ў хуткім часе».

Уладзіміра Усхопчыка літоўцы хочуць бачыць у сувязі з падзеямі, якія папярэднічалі выхаду Літвы са складу СССР. На той момант ён з'яўляўся камандзірам 107-й мотастралковай дывізіі і начальнікам Віленскага гарнізона. У Літве Усхопчыка падазраюць у здзяйсненні цэлага шэрагу цяжкіх злачынстваў (уключаючы ўдзел у «дзейнасці антыдзяржаўных арганізацыяў»). Аднак найбольш рэзанансным лічыцца яго ўдзел у падзеях пачатку студзеня 1991 года.

7 студзеня 1991 года ўрад Літвы ідзе на даволі хваравітае падвышэнне коштаў, што выклікае хвалю грамадзянскага пратэсту. Ля будынку Вярхоўнага савета праходзяць мітынгі - акрамя тых, хто патрабуе адстаўкі ўрада і вяртання ранейшых коштаў у іх удзельнічаюць і прыхільнікі «Саюдзіса» з лозунгамі «Свабоду Літве!». 10 студзеня да літоўскага народа звярнуўся прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў з заклікам захоўваць спакой. У гэты ж час у Вільню ўваходзілі войскі Пскоўскай дывізіі. 10 студзеня ў Паўночным гарадку адбылася вайсковая нарада з удзелам намесніка міністра абароны СССР Ачалава. Тады, як лічаць літоўскія праваахоўныя органы, і была распрацаваная аперацыя па захопе тэлецэнтра і будынка мясцовага дзяржтэлерадыё.

11 студзеня чалец Бюро КПЛ Ермалавічус абвесціў пра стварэнне Камітэта нацыянальнага выратавання. 12 студзеня ў 23.00 камітэт пастанавіў узяць пад кантроль тэлевежу. Сведкамі далейшага апынуліся мільёны тэлегледачоў: віленскія тэлевізійнікі, чакаючы штурму, расставілі па калідорах будынка тэлекамеры.

У ноч на 13 студзеня загінулі 13 чалавек, дзесяткі былі параненыя. У загадзе ад 15 студзеня начальніка Віленскага гарнізона Уладзіміра Усхопчыка кажацца: «Уначы 13 студзеня 1991 года экстрэмістамі былі справакаваныя бойкі ў раёне тэлецэнтра. Больш за тое, баявікі ўжылі супраць вайскоўцаў агнястрэльную зброю, газ, металічныя пікі і іншыя прадметы. Па вайскоўцах і натоўпе вёўся агонь з найбліжэйшых да тэлецэнтра дамоў. Асабісты склад вайсковых падраздзяленняў не меў баявых патронаў і снарадаў, ім былі выдадзеныя халастыя стрэлы… Падраздзяленні гарнізона, падтрымліваючы працоўныя дружыны, дзейнічалі правільна, упэўнена, заслугоўваюць поўнага ўхвалення і падтрыманыя прагрэсіўнымі сіламі народа».

Аднак літоўскія ўлады распачалі ўласнае расследаванне, якое факты аб «узброеных баявіках» не пацвердзіла. Верагодна, не чакаючы ад працягу следчых дзеянняў нічога для сябе добрага, Усхопчык улетку 1991 года, яшчэ да канчатковага распаду Савецкага Саюза, перавёўся ў Беларусь, камандзірам 50-й мотастралковай дывізіі ў Берасці. З 1992-га па 2000 год камандаваў 5-м гвардзейскім корпусам у Бабруйску. У траўні 2000 года быў прызначаны намеснікам міністра абароны Беларусі, але ў канчатковым выніку адпраўлены на пенсію.

Пачынаючы з 1992 года, Літва дамагаецца выдачы Усхопчыка. Адзіны (калі не лічыць цяперашняга) допыт Усхопчыка адбыўся 3 чэрвеня 1992 года ў Берасці. Як сведка (крымінальную справу ў Літве супраць яго ўзбудзяць пазней) ён распавёў: «На пастаўленыя мне пытанні аб падзеях, якія мелі месца ў Вільні ў перыяд з 7 па 13 студзеня 1991 года і наступныя дні, у цяперашні час я адказваць адмаўляюся, бо раней па ўсіх гэтых фактах праводзілася расследаванне Генеральнай пракуратурай Саюза ССР, падчас якога я ўжо даваў паказанні… Дзеянні ўзброеных сілаў заўсёды былі працягам палітыкі пэўных палітычных структураў у адказ на рэакцыю такіх жа структураў, якія ім супрацьстаялі. У сувязі з гэтым я лічу, што за падзеі ў Вільні, якія мелі месца ў перыяд з 7 па 13 студзеня 1991 года і наступныя дні, і іх наступствы павінны несці адказнасць прадстаўнікі палітычных структураў, а не армія, якая выконвала загады».

На тым Усхопчыка пакінулі ў спакоі. Беларусь з гонарам тлумачыла, што яе кіраўнік генераламі не гандлюе. Аднак падчас леташняга візіту ў Вільню Аляксандр Лукашэнка нечакана заявіў: «Такое пытанне нельга ігнараваць. Калі літоўскай пракуратуры запатрабуецца інфармацыя, мы адкажам». І вось у справе Усхопчыка здарыўся новы паварот. Ды які! Пракуратура Літвы сцвярджае, што атрыманыя падчас нядаўняга допыту Усхопчыка дадзеныя «ствараюць прававыя перадумовы для змены кваліфікацыі злачынных дзеяў па правілах злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў» - у такім выпадку не будзе дзейнічаць дваццацігадовы тэрмін даўнасці, які мінае ў наступным годзе і ўжываецца ў дачыненні да іншых злачынстваў.

Шматтысячны мітынг каля сценаў парламента пасля захопу савецкімі войскамі Віленскага тэлецэнтра 14 студзеня 1991 года. Падчас аперацыі ў ноч з 13 на 14 студзеня 1991 года загінулі трынаццаць мірных жыхароў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках