15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтуховіч: «Падатковыя інспектары вымагалі ў мяне грошы»

11

Ваўкавыскі прадпрымальнік адмаўляе сваю віну і заяўляе, што змагаўся з карупцыяй.

У Вярхоўным судзе на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам і іншымі абвінавачанымі ў падрыхтоўцы тэракту 22 сакавіка скончыўся допыт Аляксандра Ларына і пачаўся допыт Мікалая Аўтуховіча. Як паведамляе «Радыё Свабода», прадпрымальнік заявіў, што яго «праблемы пачаліся пасля адмовы «адшпіліць» супрацоўнікам падатковай інспекцыі».

Адвакаты Тамара Сідарэнка і Павал Сапелка высвятлялі ў Аляксандра Ларына, чаму яго паказанні падчас суда адрозніваліся ад таго, што ён казаў на следстве. Часцей за ўсё Аляксандр Ларын адказваў «не памятаю» ці «не хачу адказваць». Таксама высветлілася, што напачатку следства допыты Ларына праходзілі без адваката, прычым нібыта паводле яго жадання.

«Мяркую, калі чалавек прыдумляе ці яго паказанні напісаныя следчым, яму складана праз год знаходжання ў турме казаць пра гэта ў адкрытым працэсе, -- пракаментаваў пачутае ў судзе грамадскі актывіст Мікалай Дземідзенка. -- Я гэтым тлумачу блытаніну, непаслядоўнасць, памылкі ў паказаннях Ларына».

Удакладняе паказанні Аляксандра Ларына і суддзя Аляксей Тяцюхін. У прыватнасці, суддзя вярнуўся да падзеяў 28 кастрычніка 2005 года, калі Аляксандр Ларын нібыта спрабаваў стрэліць з гранатамёта ў старшыню Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанку. Суддзя высветліў, што аўтамабіля Саўчанкі Ларын не бачыў і не мог бачыць, бо гэты аўтамабіль знаходзіўся ў двары, а Саўчанка бачыў аўтамабіль ахоўнікаў на вуліцы. Адлегласць да яго была «метраў 200», было «дастаткова цёмна». Ларын нібыта стаяў за кустом бэзу, накрыўшыся «маскіровачнай сеткай», таму яго не бачыла прыбіральшчыца, якая нечакана апынулася побач. Паводле словаў Ларына, усяго на сваёй «пазіцыі» ён прабыў «хвілінаў 20-25». Тры дні таму з паказанняў Ларына атрымлівалася, што ён прабыў «на пазіцыі» каля 3 гадзінаў. Суддзя высвятляў і намер, якім кіраваўся Ларын.

Суддзя Цяцюхін: «Вы нам сказалі, што стаялі, закрыўшыся маскіровачнай сеткай, і назіралі. За чым вы назіралі?»

Ларын: «За аўтамабілем, за людзьмі, якія там хадзілі».

Суддзя Цяцюхін: «А навошта?»

Ларын: «Каб ацаніць сітуацыю»

Суддзя Цяцюхін: «І што далей?»

Ларын: «Я адмаўляюся адказваць».

Пасля Ларына пачаўся допыт Мікалая Аўтуховіча. Прадпрымальнік сказаў, што не выключае абгавору з боку Ларына. «Ён зрабіў непрыгожа і цяпер проста выкручваецца», - сказаў Аўтуховіч пра паводзіны Аляксандра Ларына ў судзе. Што менавіта зрабіў Ларын, Мікалай Аўтуховіч паабяцаў распавесці пазней падчас выступу.

Уладзіміра Асіпенку Мікалай Аўтуховіч назваў «выключна сумленным» чалавекам і сказаў, што яны разам змагаліся з парушэннямі з боку некаторых чыноўнікаў падатковай інспекцыі Ваўкавыска. А ўвогуле яго змаганне з гэтымі чыноўнікамі пачалася пасля размовы з супрацоўніцай падатковай інспекцыі.

«Яна прапанавала, каб я адлічваў кожны месяц пэўную суму за тое, што займаюся прадпрымальніцкай дзейнасцю. На гэта я адказаў, што плачу па таксі адзіны падатак, нідзе нікога не падманваў і «левых» грошай зарабіць не магу. Увесь горад ведаў, што калі кіроўца не ўключыў лічыльнік, ён будзе звольнены. Таму за што я вам буду плаціць? Вось з таго часу ў мяне пачаліся праблемы з падатковай», -- распавёў Мікалай Аўтуховіч.

Па словах Аўтуховіча, пра злоўжыванне мясцовых чыноўнікаў ён спачатку распавёў мясцоваму супрацоўніку КДБ, але той сказаў, што «справу ўсё роўна не завядуць». Тады Аўтуховіч давёў інфармацыю пра злоўжыванне да Міхаіла Казлова, які служыў у гарадзенскай міліцыі.

Допыт Мікалая Аўтуховіча працягваўся і ў другой палове дня.

Нагадаем, працэс у Вярхоўным судзе распачаўся 10 сакавіка і з 16 сакавіка ідзе штодня. Мікалаю Аўтуховічу, Уладзіміру Асіпенку і Аляксандру Ларыну пагражае вышэйшая мера пакарання - пажыццёвае зняволенне ці смяротнае пакаранне. Часткова віну прызнае толькі Аляксандр Ларын.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках