14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада Еўропы заявіла афіцыйнаму Менску пратэст

13

Рада Еўропы рашуча асуджае прывядзенне ў выкананне двух смяротных прысудаў у Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні Камітэта міністраў РЕ Мішэлін Кальмі-Рэй, генеральнага сакратара РЕ Турб’ерна Ягланда і кіраўніка Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Меўлюта Чавушоглу.

«Смяротнае пакаранне з'яўляецца варварствам і дэградацыяй, менавіта таму яно было адменена Радай Еўропы пратаколам № 6 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, - гаворыцца ў заяве. - Урад Беларусі застаецца адзіным у Еўропе, хто карае смерцю людзей. Нядаўняе прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў, калі дадзеная інфармацыя пацвердзіцца, стане сур'ёзнай перашкодай на шляху збліжэння Беларусі і Рады Еўропы».

Аўтары заявы падкрэсліваюць, што РЕ гатовая аказаць Беларусі любую дапамогу для пераадолення «самаізаляцыі» краіны. «Але калі пытанне датычыцца правоў чалавека і дэмакратыі, шлях можа быць толькі адзін. Мы зноў заклікаем да неадкладнай адмены смяротнага пакарання», - гаворыцца ў дакуменце.

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя», у канцы мінулага тыдня ў Беларусі былі расстраляныя 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзепчук. Першы быў прызнаны вінаватым у разбойном нападзе і забойстве супрацоўнікаў СВК «Бальшавік-Агра», які перавозіў грошы для выплаты зарплаты працоўным сельгаспрадпрыемства. Другога прысудзілі да найвышэйшай меры пакарання за здзяйсненне серыі забойстваў пажылых жанчын у Берасцейскай вобласці.

Пра тое, што прысуды прыведзеныя ў выкананне, стала вядома ад маці Андрэя Жука. У МУС Беларусі ад каментароў устрымліваюцца.

Беларускія праваабаронцы заяўляюць: прывёўшы ў выкананне два смяротныя прысуды, улады Беларусі свядома парушылі нормы нацыянальнага і міжнароднага права.

Згодна з артыкулам 61 Канстытуцыі кожны грамадзянін мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, якія ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі для абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.

Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з якім яе грамадзяне маюць права падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Юзепчук і Жук такія скаргі ў Камітэт падалі, аднак нягледзячы на тое, што іх звароты яшчэ не былі разгледжаны, асуджаных пакаралі смерцю.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках