16 лiстапада 2024, Субота, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь святкуе Дзень Волі

22
Беларусь святкуе Дзень Волі

25 сакавіка спаўняецца 92 гады з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Афіцыйна беларускія ўлады не прызнаюць гэту дату, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.

Урачыстыя акцыі, прысвечаныя гэтаму святу, пройдуць сёння ў Беларусі і за мяжой.

Сёння ў Менску плануецца шэсце і мітынг. Збор удзельнікаў акцыі прызначаны на 18.00 каля будынка прэзідыюма Нацыянальнай акадэміі навук і дазволены Менгарвыканкамам.

Арганізатарамі акцыі сёлета выступілі Партыя Беларускага Народнага Фронта. Заяўку на яе правядзенне падалі лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі партыі Віктар Івашкевіч і каля 10 апазіцыянераў, якія маюць намер ісці кандыдатамі ў дэпутаты ў мясцовыя Саветы. Акцыю падтрымалі таксама Аб'яднаная грамадзянская партыя, рух «За Свабоду», іншыя партыі і арганізацыі. Заклікаў беларусаў выйсці 25 сакавіка на святкаванне Дня Волі і лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Маршрут шэсця пакуль што не вызначаны. Арганізатары планавалі прайсці па праспекце Незалежнасці ад Акадэміі навук на Кастрычніцкую плошчу. Аднак менскія ўлады, замест гэтага маршруту, традыцыйна вырашылі адправіць удзельнікаў святочнай акцыі на плошчу Бангалор.

У выніку арганізатары вырашылі, што пытанне пра маршрут шэсця будзе вырашанае самімі ўдзельнікамі на месцы збору.

Дзень Волі – гэта самае вялікае свята ў гісторыі нашай краіны – у гэты дзень Беларусь абвесціла пра сваю незалежнасць.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Менску. Упершыню ідэя стварэння БНР прагучала на Усебеларускім з'ездзе 1917 года. Пасля зрыву мірных перамоваў у Берасці і наступу германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Менск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з'езду абвесцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання ўстаноўчага сходу. 21 лютага 1918 года Выканкам Рады стварыў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язепам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў нямала высілкаў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова пра дзяржаўны статус беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Менску нацыянальнага ўніверсітэта. Быў уведзены пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краінаў Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з прычыны складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася неабароненай перад бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У выніку ў снежні 1918 года ўрад БНР вымушаны быў пераехаць у Вільню, затым у Гародню. 1 студзеня 1919 года бальшавікі абвесцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе СССР.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках