15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд ды нафта

12

Маскву не турбуе беларускі пазоў у Эканамічны суд СНД. Гэтая інстанцыя можа выносіць толькі рэкамендацыйныя рашэнні.

Аднак эксперты папярэджваюць: пачалася вайна нерваў, здольная ў выніку прывесці да зрыву пагаднення аб Мытным саюзе, паведамляе «Газета.Ru».

Эканамічны суд СНД зарэгістраваў пазоў Беларусі да Расеі аб неправамоцнасці спагнання мытных пошлін на нафтапрадукты. Беларускія ўлады лічаць, што такая практыка супярэчыць міжурадавым пагадненням аб свабодным гандлі.

«Далейшыя дзеянні будуць рабіцца ў адпаведнасці з рэгламентам эканамічнага суда СНД», - паведаміў прэс-сакратар суда Уладзімір Віннік.

Паводле гэтага рэгламенту, дзяржава ці іншы інстытут «садружнасці», у дачыненні якога вынесена рашэнне Эканамічнага суда СНД, абавязана яго выканаць ва ўсталяваны калегіяй суду тэрмін.

«У выпадку невыканання рашэнняў, у адпаведнасці са Статутам краін Садружнасці, зацікаўлены бок мае права звярнуцца ў Савет кіраўнікоў СНД з мэтай прыняцця мер, якія спрыяюць выкананню рашэння судовага органа», перадае «Інтэрфакс» словы прадстаўніка суда.

Судовыя слуханні па позве Мінюста Беларусі павінны быць прызначаныя на працягу 30 дзён з моманту паступлення заявы.

Тым не менш, Масква індыферэнтна паставілася да позвы беларускіх уладаў.

«Да гэтага трэба ставіцца спакойна, - заявіў першы намеснік кіраўніка МЗС РФ Андрэй Дзянісаў. - Ну а суд - суд няхай разбіраецца. Дарэчы, гэты суд выносіць рэкамендацыйныя рашэнні. Гэта таксама трэба мець на ўвазе».

Эканамічны суд СНД ні да чаго не можа прымусіць адказчыка, бо не валодае такімі паўнамоцтвамі, і рашэнні яго сапраўды носяць рэкамендацыйны характар, патлумачыла «кіраўнік мытнай практыкі юрфірмы «Пепеляеў, Гольцблат і партнёры» Галіна Баландзіна. Аднак на самой справе не ўсё гэтак адназначна, адзначае юрыст.

Беларускі бок спасылаецца на расейска-беларускія міжурадавыя пагадненні, заключаныя ў 1992 і 1995 годзе, паводле якіх тавараабарот паміж краінамі павінен адбывацца без ўвядзення пошлін (за выключэннем сырой нафты, якая часткова пошлінай абкладаецца). «Сітуацыя вельмі складаная, - кажа Галіна Баландзіна. - З аднаго боку, сапраўды існуюць пагадненні, паводле якіх пошлін быць не павінна. З іншага - больш познія дакументы, якія рэгламентуюць дзелавыя адносіны Расеі і Беларусі, робяць гэтыя пагадненні небезумоўнымі».

Відавочна, расейска-беларускія разборкі зацягнуцца да пачатку ліпеня, гэта значыць - да моманту ўвядзення Мытнага кодэкса, які адназначна сцвярджае, што пошлін пры пастаўках паміж краінамі Мытнага саюза быць не павінна.

Зрэшты, Расея дагэтуль спрабуе дамагчыся, каб нафта і нафтапрадукты былі вынесеныя за рамкі агульных дамоўленасцяў, і па іх краіны дамаўляліся асобна (гэта значыць пошліны ў гэтым выпадку захаваюцца).

Больш за тое, само існаванне Мытнага саюза ў цяперашні час знаходзіцца пад пагрозай

«Менск і не разлічвае, што Масква выканае рашэнне Эканамічнага суда СНД, калі яно будзе вынесена на карысць ісца, - мяркуе намеснік гендырэктара Цэнтра палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін. - Аляксандр Лукашэнка проста дэманструе, што гатовы абвастрыць адносіны з Масквой, гатовы пайсці на эскалацыю канфлікту». Зараз мы назіраем вайну нерваў - Лукашэнка пайшоў на прынцып, прывязаўшы канкрэтнае эканамічнае пытанне да стварэння Мытнага саюза. «Беларускі прэзідэнт паказвае, што калі Расея не пойдзе яму насустрач, ён можа сарваць ёй падпісанне дамовы па Мытным саюзе, а для Расеі гэта пытанне не столькі эканамічнае, колькі палітычнае, - тлумачыць палітолаг. - І той факт, што адна краіна «саюза» падае на іншую ў суд - гэта, безумоўна, моцны ўдар па самой ідэі».

З іншага боку, і Масква пайшла на прынцып: грошы для Расеі неістотныя (па ацэнцы экспертаў, цана пытання $700 млн), аднак Крэмль дае зразумець Лукашэнку, што не будзе патураць яго жаданням, адзначае расейскае выданне.

«Але хутчэй за ўсё, у чарговы раз будзе знойдзены нейкі кампраміс, - лічыць палітолаг. - Але гэта не вырашыць сістэмную праблему стасункаў Расеі і Беларусі, і толькі ненадоўга адтэрмінаваць новы канфлікт».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках