15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: «Ілжэсведчанне - гэта візітная картка беларускай міліцыі»

8

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі атрымаў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні супраць яго крымінальнай справы за падзеі ў Валожыне.

Гэтае рашэнне змацаванае подпісам старэйшага следчага па найважнейшыхсправах пракуратуры Менскай вобласці А.Азарэвіча. Аднак над палітыкам па-ранейшаму вісіць дамоклаў меч абвінавачвання па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса – хуліганства і непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы, паведамляе сайт ucpb.org.

Як вынікае з тэксту пастановы, 10 лютага старшыня валожынскага суда накіраваў начальніку мясцовага РАУС «ліст аб арганізацыі аховы і абмежавання доступу ў залу судовага паседжання», у якой павінен быў адбыцца разгляд справы ў дачыненні да актывістаў Саюза палякаў, які ўзначальваецца Анжалікай Борыс. У сувязі з гэтым зваротам, кіраўніцтвам УУС Менскаблвыканкама было прынятае рашэнне «аб увядзенні ўзмоцненага рэжыму службы 15.02.2010 у Валожыне для забеспячэння аховы грамадскага парадку і папярэджання магчымых правапарушэнняў пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».

Дзякуючы следчаму Азарэвічу, атрымалася ідэнтыфікаваць тых, хто незаконна не прапускаў да будынка суда людзей, пры гэтым спасылаючыся на спецаперацыю і закрыты судовы працэс. Гэта супрацоўнікі Валожынскага РАУС А. Бараноўскі, А. Букштановіч, І. Краўневіч пад кіраўніцтвам намесніка начальніка РАУС В. Гарнашкевіча.

Як вынікае з тэксту пастановы «у 10.45 да брамы падышоў сп-р Лябедзька А.У, якога супрацоўнікі міліцыі не прапусцілі ў будынак суда, бо ў яго не было позвы» (?!).

З тэксту пастановы: «Лябедзька А.У паспрабаваў зрабіць на мабільны тэлефон відэаздымку супрацоўнікаў міліцыі, пасля чаго быў затрыманы і дастаўлены ў будынак РАУС, дзе на Лябедзьку А.У былі складзеныя два пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях – па арт.17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь – дробнае хуліганства, і па арт. 23.4 КоАП – непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў.

Гэтыя адміністрацыйныя пратаколы ў гэты ж дзень былі накіраваныя ў суд Валожынскага раёна, але старшыня суда Зянько А.У. угледзеў у дзеяннях Лябедзькі А.У прыкметы злачынства і накіраваў матэрыялы ў пракуратуру Валожынскага раёна для давання ім прававой ацэнкі і вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы».

Атрымліваецца, што спроба зняць на мабільны тэлефон людзей, якія незаконна перашкаджаюць прайсці на адкрытае судовае паседжанне гэта ёсць нішто іншае, як дробнае хуліганства ў інтэрпрэтацыі міліцыі і крымінальная дзея ў вачах мясцовай Феміды.

«З такім узроўнем прававой культуры я не даверыў бы кіраўніцтву валожынскага РАУС вартаваць нават стог сена ў мясцовым СВК, а галоўнаму суддзі раёна Зянько быць арбітрам нават у дыскусіі бабулек на лаўцы ля пад'езда. Палітычная матывацыя дзеянняў прадстаўнікоў праваахоўных і судовых органаў тут настолькі відавочная, што каментары залішнія», - заявіў на гэта лідэр АГП.

З пастановы следчага Азарэвіча: «З тлумачэнняў супрацоўнікаў міліцыі Гарнашкевіча В.А, Бараноўскага А.Е, Краўневіча І.А, Петыша В.Л, Грыбоўскага І.І. угледжваецца, што каля брамы РАУС Лябедзька заклікаў грамадзянаў да актыўных дзеянняў і беспарадкаў, за што і быў затрыманы і дастаўлены ў будынак РАУС. Пры гэтым фізічная сіла да Лябедзькі ўжывалася толькі пры дастаўленні ў РАУС, бо Лябедзька аказваў непадпарадкаванне законным патрабаванням працаўнікоў міліцыі. У будынку РАУС Лябедзьку ніхто не збіваў і фізічная сіла да яго не ўжывалася».

А цяпер параўнаем вышэйадзначанае з апісаннем таго, што следчы ўбачыў на відэазапісу далучаным да матэрыялаў справы:

«Аглядам гэтага відэазапісу выяўлена, што перад затрыманнем Лябедзька А.У. каля зачыненай уязной брамы на тэрыторыю Валожынскага РАУС знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі ў форме. А таксама сабралася каля 10 чалавек, у тым ліку Лябедзька А.У, які размаўляе з супрацоўнікам РАУС Гарнашкевічам В.А. Затым Лябедзька дастае прадмет падобны на мабільны тэлефон і ўзнімае яго на ўзроўні галавы. Пасля чаго Гарнашкевіч спрабуе забраць у Лябедзькі тэлефон. Лябедзька тэлефон не аддае. З-за брамы РАУС выходзяць 4 супрацоўнікі міліцыі, якія затрымліваюць Лябедзьку і адводзяць у будынак РАУС. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі рукамі ўтрымліваюць Лябедзьку за рукі. Гук на відэазапісу адсутнічае».

Нават беглае параўнанне двух абзацаў аднаго дакумента сведчыць пра сур'ёзныя разыходжанні таго, што заяўлена міліцыянтамі і таго, што зафіксавала відэакамера. Анатоль Лябедзька размаўляў з намеснікам Валожынскага РАУС, але ніяк не заклікаў тых, хто сабраліся, да беспарадкаў.

«Беларускім міліцыянтам зманіць усё роўна, што парушынку з пагона садзьмуць. Ілжэсведчанне - гэта візітная картка беларускай міліцыі. Вось яшчэ адзін доказ хлусні - у паказаннях саміх міліцыянтаў, і на відэа зафіксавана, што ля брамызнаходзіліся Гарнашкевіч В, Бараноўскі А, Букштановіч А, Краўневіч І, сярод іх не было намесніка начальніка РАУС Петыша В.Л. Тады патлумачыце, якім чынам Вадзім Леанідавіч можа сведчыць, што я заклікаў 10 пенсіянераў да беспарадкаў і штурму будынка суда? Маё дзевяцігадзіннае затрыманне, супрацоўнікі міліцыі тлумачаць НАЯЎНАСЦЮ пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, але ўзнікае натуральнае пытанне, а чаму я пра іх даведваюся, толькі ў 18 гадзінаў у пакоі ў суддзі Зянько?», - пытаецца Лябедзька.

Закранаючы перспектыву разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў судзе, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі адзначыў:

«Я заяўляю, што абодва пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні гэта хлуслівая фальсіфікацыя. І пасля гэтага людзі ў афіцэрскіх пагонах хочуць, каб да іх ставіліся з належнай павагай. Тое ж самае я магу сказаць і ў дачыненні да чалавека па прозвішчы Зянько, які называе сябе суддзём. Ва ўсё гэтай бязглуздзіцы, наспех сфабрыкаванай напаўпісьменнымі міліцыянтамі, галоўны суддзя ўсяго раёна выявіў прыкметы крымінальнага злачынства. Уратуй Божа Беларусь ад суду беспрынцыповага, палітызаванага і хлуслівага. Гэта не суд - гэта палітычнае кілерства».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках