16 лiстапада 2024, Субота, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польска-беларускія «кансультацыі» перанесеныя

Планавалася, што сёння на кансультацыях паміж польскімі і беларускімі экспертамі будзе абмяркоўвацца канфлікт вакол Саюза палякаў Беларусі.

Аднак мерапрыемства перанесенае, паведаміў «Польскаму радыё» першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Павал Марчук.

Паводле яго словаў, перамовы перанесеныя на другую палову сакавіка. Канкрэтная дата яшчэ не прызначаная. Пра прычыны пераносу нічога не паведамляецца. Па словах Марчука, польскі бок да перамоваў гатовы.

Рашэнне аб стварэнні камісіі было прынятае па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага 25 лютага ў Кіеве. Тады ж была названая арыентыровачная дата першага паседжання — 9 сакавіка.

Групу беларускіх экспертаў узначаліць упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, польскіх — намеснік міністра замежных справаў Анджэй Крэмер.

Раскол у СПБ адбыўся ў 2005 годзе. З таго часу ў краіне фактычна існуе два Саюзы палякаў — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць улады Польшчы і які церпіць рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў.

У пачатку 2010 года канфлікт паміж прадстаўнікамі СПБ абвастрыўся ў сувязі з сітуацыяй вакол Дома польскага ў Івянцы (Валожынскі раён Менскай вобласці) — на яго прэтэндавалі як афіцыйная арганізацыя, так і нефармальнае яе крыло. 17 лютага суд Валожынскага раёна прыняў рашэнне на карысць зарэгістраванай структуры СПБ.

15 і 17 лютага беларускімі праваахоўнымі органамі за правядзенне акцыяў пратэсту былі затрыманыя некалькі дзесяткаў актывістаў неафіцыйнага СПБ, а кіраўнікі арганізацыі — асуджаныя.

Гэтыя дзеянні выклікалі незадавальненне афіцыйнай Варшавы і еўраструктураў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках