29 снежня 2024, Нядзеля, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прадставілі Хроніку парушэнняў правоў чалавека: рэпрэсій стала больш

3

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў улады ўзмацняюць рэпрэсіі і спробы максімальна кантраляваць грамадзянскую актыўнасць.

Фармат рэпрэсій у дачыненні да актывістаў апазіцыі змяніўся. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, прэзентуючы 9 сакавіка ў Менску агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе, перадае БелаПАН.

Паводле яго словаў, улады паменшылі фармальны бок рэпрэсій. «У 2009 годзе было значна менш адміністрацыйных арыштаў за ўдзел у акцыях пратэсту апазіцыі, крымінальных пераследаў за палітычную дзейнасць. У той жа час павялічылася колькасць цалкам незаконных метадаў ціску, такіх як жорсткія збіванні і катаванні дэмакратычных актывістаў, прэвентыўныя затрыманні перад пачаткам акцый пратэсту, затрыманні і вываз актывістаў невядомымі людзьмі за межы Менска», - заявіў Бяляцкі.

«Нягледзячы на шматлікія звароты ў пракуратуру і следчыя органы, ні нам, ні самім актывістам не ўдалося дамагчыся таго, каб справы па выкраданні актывістаў былі належным чынам расследаваныя», - адзначыў праваабаронца.

Таксама, як сказаў Бяляцкі, улада актыўна выкарыстала такую форму ізаляцыі актывістаў моладзевай апазіцыі, як «гвалтоўны прызыў у войска з перапісваннем іх дыягназаў аб непрыдатнасці да тэрміновай вайсковай службы».

Пры гэтым праваабаронцы адзначылі ўзрастанне ўзроўню рэпрэсій напярэдадні выбарчых кампаній 2010 года. «Гэта тычыцца і жорсткага разгону апошніх акцый апазіцыі (такіх, як акцыі салідарнасці і нават святкаванне Дня святога Валянціна), і нерэгістрацыі арганізацый, і папярэджанні незалежных СМІ і недзяржаўных арганізацый. Адсюль бачна, што ўлады пачалі падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў так, як яны гэта разумеюць. Гэта «закручванне гаек», павелічэнне рэпрэсій і спробы максімальна кантраляваць грамадзянскую актыўнасць», - заявіў Бяляцкі.

У цэлым беларускія праваабаронцы ахарактарызавалі 2009 як год няспраўджаных надзей.

«Надзеі былі выкліканыя абяцаннямі беларускай улады пачаць сур'ёзныя рэформы ў грамадска-палітычным жыцці краіны. У адказ на гэтыя абяцанні Еўразвяз размарозіў свае кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам. У 2009 годзе Менск наведалі шэсць міністраў замежных спраў Еўразвяза, Лукашэнка быў прыняты папам рымскім, правёў сустрэчы з прэзідэнтам Італіі Сільвіа Берлусконі і прэзідэнтам Літвы Далей Грыбаўскайтэ, то бок фактычна стаў уязным у Еўразвяз. Фактычна без усялякіх умоваў Беларусь была падлучаная да праграмы «Усходняе партнёрства», - сказаў Бяляцкі.

Аднак, як заявіў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, змены, пра якія казалі ўлады, так і засталіся на словах.

Не адбылася дэкрыміналізацыі артыкула 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Не быў уведзены мараторый на смяротнае пакаранне, а змены ў выбарчае заканадаўства насілі выключна касметычны характар», - сказаў праваабаронца.

Ён прывёў у прыклад прыняцце змяненняў у Выбарчы кодэкс Беларусі. «Змены былі прынятыя на хуткую руку: Лукашэнка толькі адзін раз параіўся з Ярмошынай, і змены ў кодэкс былі прынятыя, нават без узгаднення з БДІПЧ АБСЕ. Пры гэтым з праекта змяненняў у кодэкс зніклі папраўкі, якія прадугледжваюць пашырэнне паўнамоцтваў назіральнікаў», - паведаміў Бяляцкі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках