29 снежня 2024, Нядзеля, 11:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў: Пазітыўныя змены ў Беларусі магчымыя толькі пасля сыходу Лукашэнкі

32
Саннікаў: Пазітыўныя змены ў Беларусі магчымыя толькі пасля сыходу Лукашэнкі

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» ўзяў удзел у маштабным Брусэльскім форуме. «Дыктатар вельмі дапамог маім сустрэчам у сталіцы Еўропы», - лічыць Андрэй Саннікаў.

26-28 сакавіка Андрэй Саннікаў прадстаўляў Беларусь на знакамітым Брусэльскім Форуме, які сабраў палітычную, эканамічную і інтэлектуальную эліту свету.

«Лукашэнка вельмі дапамог маім сустрэчам, паколькі разам з незалежнымі журналістамі напярэдадні я прайшоў праз ператрусы, допыты і канфіскацыі. Многія ведалі пра гэта і пыталіся, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі, выказвалі сваю салідарнасць. Акрамя таго, у Брусэлі ўжо ведалі, што я абвясціў аб сваім рашэнні вылучацца ў прэзідэнты і дэталёва цікавіліся магчымасцямі правядзення прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі», - распавёў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Паводле слоў палітыка, цяперашняя Беларусь згадвалася на Брусэльскім форуме, у асноўным, у негатыўным кантэксце: сувязі Лукашэнкі з рэжымамі-ізгоямі, задушванне дэмакратыі і масавыя парушэнні правоў чалавека.

«Брусэльскі форум вельмі шмат дае для разумення тэндэнцыі сусветнай палітыкі і для ўмацавання міжнародных сувязяў і рэпутацыі дзяржаў. Беларусь магла б не толькі атрымаць шмат карыснага з такога кшталту мерапрыемстваў, але і ўносіць свой уклад у сусветнае развіццё. Сёння гэта не адбываецца толькі таму, што ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. Сусветная эліта не разглядае яго як партнёра для вырашэння тых пытанняў, якія сёння хвалююць увесь свет: эканамічнае развіццё, рэфармаванне фінансавай сістэмы, міжнародная бяспека, сусветны гандаль», - адзначыў Саннікаў.

Лідэру «Еўрапейскай Беларусі» атрымалася правесці вялікую колькасць сустрэч і ўсебакова абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі са старшынём Еўрапейскага Парламента Ежы Бузэкам, прэзідэнтам Сусветнага банка Робертам Зелекам, камісарам Еўразвяза па пашырэнні Штефанам Фюле, генеральным сакратаром НАТА Андэрсам Фог Расмусенам, прэзідэнтам Латвіі Валдзісам Затлерсам, прэзідэнтам Эстоніі Тоомасам Ілвесам, міністрамі замежных спраў шэрагу дзяржаў, дзяржаўным міністрам Нямеччыны Вернерам Хойерам, памочнікам міністра абароны ЗША Аляксандрам Вершбоу, прадстаўнікамі ўкраінскага і расейскага МЗС.

«Усе, з кім я размаўляў, аб'ектыўна ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі і спрабуюць знайсці магчымасці дапамагчы развіццю краіны. Я пераконваў сваіх суразмоўцаў у тым, што нармальнае развіццё краіны можа гарантаваць толькі дэмакратыя і дэмакраты. Лукашэнка не праяўляе ніякага жадання змяняць сітуацыю і расставацца з аднаасобнай уладай, таму ўсе змены магчымыя толькі пасля яго сыходу. Перамены ў Беларусі наспелі, і грамадства ў бліжэйшы час будзе гатовае да іх ажыццяўлення», - упэўнены Андрэй Саннікаў.

З прэзідэнтам Сусветнага банка Робертам Зелекам

Камісар Еўразвяза па пашырэнні Штэфан Фюле, лідэр беларускага фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская і Андрэй Саннікаў

З старшынём Еўрапейскага Парламента Ежы Бузэкам

З генеральным сакратаром НАТА Андэрсам Фог Расмусенам

З дзяржаўным міністрам Нямеччыны Вернерам Хойерам

Прэзідэнт Сербіі Барыс Тадзіч, міністр замежных спраў Чарнагорыі Мілан Рочан і прэзідэнт Харватыі Іва Ёсіпавіч

З памочнікам міністра абароны ЗША Аляксандрам Вершбоу

З міністрам замежных спраў Украіны Канстанцінам Грышчанкам Андрэй Саннікаў больш абмяркоўваў не беларуска-ўкраінскія адносіны, а мэты, якія ставіць перад сабой новы ўрад Януковіча. Украіна цвёрда мае намер прытрымлівацца курсу інтэграцыі ў Еўропу.

Даведка:

Пяты Брусэльскі Форум праходзіў у сталіцы Бельгіі 26-28 сакавіка. Згодна з традыцыяй у працы форума ўзялі ўдзел кіраўнікі дзяржаў, кіраўнікі ЕЗ, міністры замежных спраў, сенатары, кангрэсмены ЗША, афіцыйныя асобы Канады, Украіны, Расеі, парламентарыі, грамадскія дзеячы і навукоўцы.

На Брусэльскім Форуме прагучалі заявы, якія можна назваць гістарычнымі. Напрыклад, прэзідэнт Харватыі Іва Ёсіпавіч і прэзідэнт Сербіі Барыс Тадзіч, якія ўсяго другі раз сустракаліся адзін з адным, узялі на сябе абавязацельствы спрыяць уступленню сваіх краін у Еўразвяз і дамагчыся стабільнасці ў Босніі і Герцагавіне. Харватыя павінна ўступіць у Еўразвяз ужо ў 2012 годзе. У сувязі з гэтым прэзідэнт Ёсіпавіч паабяцаў, што сяброўства яго краіны не будзе блакаваць памкненне Сербіі, якая падала заяву на ўступленне ў ЕЗ у снежні мінулага года.

Сур'ёзную заяву зрабіў генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн. Ён заклікаў уключыць Расею ў сістэму еўраатлантычнай супрацьракетнай абароны, якая распрацоўваецца.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках