28 снежня 2024, Субота, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вялікі допыт: Улады супраць беларускіх журналістак

45
Вялікі допыт: Улады супраць беларускіх журналістак

На 2 красавіка ва УУС Першамайскага раёна Менска выкліканыя незалежныя журналісткі Наталля Радзіна, Святлана Калінкіна і Ірына Халіп.

На допыты ўсіх трох журналістак выклікае старэйшы дазнаўца Упраўлення ўнутраных спраў Гомеля Аляксандр Пусеў. Журналістцы сайта charter97.org Наталлі Радзінай дазнаўца паведаміў, што мае намер яе дапытаць у якасці сведкі ў рамках так званай «паляўнічай справы» і азнаёміць з пастановай аб канфіскацыі ў офісе charter97.org кампутарнай тэхнікі.

Жонку лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, журналістку расейскай «Новой газеты» Ірыну Халіп, як паведаміў дазнаўца Пусеў, выклікаюць таксама для таго, каб азнаёміць яе з пастановай аб канфіскацыі кампутара і носьбітаў інфармацыі.

У Першамайскі РУУС таксама выкліканая шэф-рэдактар газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна, якая ўжо была дапытаная па дадзенай справе 26 сакавіка. У гэты ж дзень была дапытаная намеснік рэдактара «Народнай волі» Марына Коктыш.

Ва ўсіх чацвярых журналістак 16 сакавіка была канфіскаваная кампутарная тэхніка. Праваабаронцы ўпэўненыя, што пераслед Наталлі Радзінай, Ірыны Халіп, Марыны Коктыш і Святланы Калінкінай у межах «паляўнічай справы» - толькі падстава для беларускіх уладаў знішчыць рэшткі свабоды слова ў Беларусі.

Наталля Радзіна

Журналіст сайта charter97.org. У журналістыцы з 1997 года. Працавала ў такіх беларускіх незалежных выданнях як газэта «Імя», «Народная воля», «Навіны», «Наша Свабода». За гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі практычна ўсе гэтыя газеты былі зачыненыя. Падвяргалася арыштам і збіццю з боку супрацоўнікаў міліцыі падчас асвятлення акцый апазіцыі. 16 сакавіка падчас ператрусу ў офісе сайта charter97.org атрымала ўдар кулаком у твар ад супрацоўніка міліцыі ў цывільным. У 2010 годзе намінаваная вядучай брытанскай праваабарончай арганізацыі «Індэкс цэнзуры» на прэмію «Свабода слова» ў намінацыі «За барацьбу супраць рэпрэсій і за дзейнасць, скіраваную на змяненне палітычнага клімату».

Ірына Халіп

Уласны карэспандэнт «Новой газеты» па Беларусі. Працавала намеснікам галоўнага рэдактара «Беларускай дзелавой газеты» і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Імя», закрытых уладамі. Неаднаразова падвяргалася крымінальнаму пераследу за сваю прафесійную дзейнасць, атрымлівала папярэджанні ад пракуратуры. 2 красавіка 1997 года разам з бацькам, драматургам і кінадакументалістам Уладзімірам Халіпам, была жорстка збітая падчас мітынгу супраць саюзу з Расеяй. У канцы мінулага года ёй пагражалі забойствам. Лаўрэат прэміі Дзмітрыя Завадскага (2003), прэміі Хенрі Нанана (2005), прэміі «Герой Еўропы» ў намінацыі «Храбрае сэрца» (2005), прэміі «За мужнасць у журналістыцы» (2009).

Святлана Калінкіна

Працуе ў журналістыцы з 1987 года. Пасля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах пакінула пасаду палітычнага аглядальніка дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА і сышла ў незалежную журналістыку. Працавала галоўным рэдактарам «Беларускай дзелавой газеты», галоўным рэдактарам штомесячніка журналісцкіх расследаванняў «БДГ. Для службовага карыстання», пасля забароны на выхад газет у Беларусі перайшла ў газету «Народная воля» на пасаду шэф-рэдактара. Лаўрэат прэміі імя Герда Буцэрыюса, заснаванай найбуйнейшай нямецкай газэтай «Цайт», Лаўрэат прэміі Камітэта абароны журналістаў (Нью-Ёрк). Аўтар (разам з Паўлам Шараметам) кнігі «Выпадковы прэзідэнт».

Марына Коктыш

Намеснік галоўнага рэдактара газеты «Народная Воля». У журналістыцы - 15 гадоў. Усе гэтыя гады працавала ў газеце «Народная Воля». Уладальніца дыплома Аб'яднанай грамадзянскай партыі «За лепшую журналісцкую працу» ў намінацыі «Хочам ведаць праўду!», лаўрэат журналісцкай прэміі імя Анатоля Майсені, Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека, прэміі імя Дзмітрыя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках