15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Сапелка: Шансаў на вынясенне справядлівага прысуду няма

Адвакат Мікалая Аўтуховіча заяўляе, што Вярхоўны суд прыняў эстафету следства і не апраўдае палітвязняў.

Адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка не спадзяецца на тое, што суд вынесе яго падабароннаму справядлівы прысуд. Пра гэта Павал Сапелка заявіў 17 красавіка падчас судовых спрэчак у Вярхоўным судзе Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Як заявіў Сапелка, гэта стала зразумела яму «з першых дзён працэсу».

«На жаль, суд прыняў эстафету следства і максімальна абмежаваў бок абароны ў пошуках доказаў невінаватасці сваіх падабаронных», - сказаў адвакат.

«Я мог бы напісаць пратэсты на дзеянні суду, але я не стаў гэтага рабіць, не стаў скардзіцца, таму што рашэнне Вярхоўнага суда канчатковае і абскарджанню не падлягае. Скарга ў парадку нагляду звычайна заканчваецца адпіскамі», - дадаў ён.

Нагадаем, Вярхоўны суд разглядае крымінальную справу, паводле якой у якасці абвінавачаных праходзяць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ў адносінах намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменка і былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіча і Асіпенку таксама абвінавачваюць у арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе. Падпалкоўнік міліцыі Казлоў, былы кіраўнік УБАЗ па Гарадзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў аб планах падрыхтоўкі тэрарыстычнага акту, але не распачаў мер па яго прадухіленні.

16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прысудзіць Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Асіпенку і Ларына пракурор запатрабаваў прысудзіць да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Міхаіла Казлова ён запрасіў тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.

Адвакат Сапелка таксама заявіў, што пры расследаванні справы Аўтуховіча і Асіпенкі супрацоўнікі следчых ворганаў здзейснілі шэраг дзеянняў, якія маюць прыкметы злачынства. Гаворка ідзе пра факты псіхалагічнага і маральнага ціску на сведкаў з мэтай абгаварыць Аўтуховіча, растлумачыў Сапелка. «Гэтыя дзеянні носяць прыкметы складу злачынства», - заявіў адвакат.

Па яго словах, падчас следства вакол Аўтуховіча быў створаны «вакуум».

«Усе сведкі былі запалоханыя, абарона была пазбаўленая магчымасці доступу да матэрыялаў справы, скаргі абароны не разглядаліся па сутнасці. Тым не менш, нейкія асобы прадаставілі матэрыялы справы нямецкаму эксперту Марціну Фінке, які знаходзіўся ў Менску 8-10 чэрвеня 2009 года і які зрабіў скандальны даклад аб тым, што ніякіх парушэнняў заканадаўства ў справе няма. Матэрыялы дакладу Фінке ў крымінальнай справе адсутнічаюць. Гэта значыць, альбо яго заключэнне зроблена без азнаямлення з матэрыяламі справы, альбо справу чыталі ўсе, каму не лянота, акрамя абароны», - сказаў адвакат.

Па яго словах, адвакату сведкі Навумовіча следчы Клачко пагражаў «непрыемнасцямі». «Але адвакат не паддалася на пагрозы, і Навумовіч не абгаварыў ні сябе, ні майго падабароннага. Ён адмовіўся даваць паказанні следству», - заўважыў Сапелка.

«Дзяржаўны абвінаваўца сцвярджаў, што ў дачыненні Навумовіча не ўжываўся гвалт. Аднак заключэнне чалавека ў турму, затрыманне па надуманым абвінавачванні - гэта не гвалт? Таксама дзяржаўны абвінаваўца сцвярджае, што да затрыманых не ўжываліся катаванні. Згодна з міжнародным заканадаўствам, да катаванняў прыраўноўваецца жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, абыходжанне, якое прыніжае чалавека. Сведку Парэмскую, адзінокую жанчыну кінулі ў турму, у антысанітарныя ўмовы, на 10 дзён. Не было каму нават перадаць ёй гігіенічныя прыналежнасці - гэта не катаванне? Сведка Уланаў, якому ўвогуле не было чаго сказаць па справе Аўтуховіча, надламаны смерцю дачкі, хворы чалавек, таксама быў змешчаны ў СІЗА на 10 дзён », - канстатаваў адвакат.

Ён указаў на тое, што многія сведкі абвінавачвання падчас суду пацвердзілі факты псіхалагічнага і маральнага ціску следства на іх з мэтай, каб яны агаварылі Аўтуховіча. «Гэтыя дзеянні, на маю думку, і носяць прыкметы складу злачынства», - падкрэсліў Сапелка.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках