28 снежня 2024, Субота, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Я сустрэну Бакіева як самага дарагога госця

154
Лукашэнка: Я сустрэну Бакіева як самага дарагога госця

Беларускі дыктатар заявіў, што зрынуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў застаецца для яго «законна абраным прэзідэнтам».

У цяперашні час Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Казахстане, заявіў 18 красавіка Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае БелТА.

«Мяне здіўляе, што тыя, хто цудоўна ведаюць пра тое, дзе знаходзіцца Курманбек Бакіеў, не кажуць пра гэта, — адзначыў кіраўнік. — Сёння я ў чарговы раз пачуў з расейскіх СМІ, прытым па асноўных каналах, што месцазнаходжанне Бакіева нібыта невядомае. Гэтым спадарам усё вядома».

«Курманбек Бакіеў сёння знаходзіцца на поўдні Казахстана разам са сваёй сям'ёй: з жонкай, пяцігадовым сынам і дзевяцігадовай дачкой», — падкрэсліў Лукашэнка. Паводле яго словаў, размовы пра тое, што гэтыя звесткі невядомыя, «забаўныя, дзіўныя і нават блюзнерскія».

«Усё ім вядома: і тое, дзе ён знаходзіцца, і чым ён займаецца, і як усё было», — адзначыў ён. «Гульню тут вядуць і так званы часовы ўрад Кыргызтана, і — я так разумею — Расея з Казахстанам. І падазраю, што і ЗША да гэтага прыблыталі», — сказаў беларускі кіраўнік і дадаў: «Думаю, у мяне будзе магчымасць абмеркаваць усе гэтыя пытанні з самім прэзідэнтам Кыргызтана і пераканацца, маю я рацыю ці не».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што згодны з той ацэнкай падзеяў, якая ўчора была дадзеная СМІ (афіцыйнымі) Беларусі. «Карціну абмалявалі вельмі правільна», — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, «маім калегам у Казахстане і, напэўна, у Расеі не вельмі хочацца, каб зрынуты прэзідэнт Кыргызтана дзесьці ў іх знаходзіўся, таму што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа».

«І вы ведаеце, ганьба цяперашняй часовай кыргызстанскай улады складаецца ў тым, што яны, відаць, чакаюць, калі Бакіеў пакіне Казахстан, каб пасля гэтага абвясціць яго ў міжнародны вышук», — сказаў Лукашэнка.

«Калі Курманбек Бакіеў пачуе мяне і пажадае прыляцець да нас хоць сёння, хоць заўтра, хаваць мы яго ў Беларусі не будзем, ён будзе тут як самы дарагі на сённяшні дзень госць, як мой калега, як прэзідэнт Кыргызтана», — сказаў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз пацвердзіў, што калі «прэзідэнту Кыргызтана ў гэтую цяжкую хвіліну для яго сям'і патрэбныя будуць падтрымка і дапамога, дык яна будзе аказаная ў Беларусі». «Мы гатовыя прыняць яго тут. Я ведаю, што зараз узнімецца выццё ва ўсіх сродках масавай інфармацыі», — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што гэта яго асабістае рашэнне як кіраўніка дзяржавы. «Я маю права на гэтае рашэнне. Хай мяне асуджаюць, не асуджаюць, але здраджваць людзям — гэта самае ганебнае, што можа быць у гэтым свеце», — падкрэсліў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік таксама дадаў, што калі Курманбек Бакіеў, прыляцеўшы ў Менск, захоча правесці прэс-канферэнцыю, «дык ён будзе свабодна яе даваць, свабодна казаць». «І мы потым паглядзім, хто ў нас больш свабодная краіна: Беларусь ці якія-небудзь іншыя дзяржавы. Я думаю, ён шмат распавядзе», — сказаў дыктатар.

Лукашэнка па-ранейшаму лічыць Курманбека Бакіева законным прэзідэнтам Кыргызтана. «Для мяне менавіта ён на сённяшні дзень з'яўляецца прэзідэнтам краіны», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, «што не варта давяраць тым подпісам пад заявай аб адстаўцы, якія сёння дэманструюцца ў СМІ».

«Нават калі ён абвясціў пра свой сыход, вы ж разумееце, у якіх умовах гэта адбывалася. Калі ў яго на руках маленькія дзеці, сям'я, калі яго заціснулі ў гарах у блакаду і існуе пагроза грамадзянскай вайны. Вось у такой сітуацыі, у поўнай адзіноце і апынуўся гэты чалавек. Якое ён мог у такіх умовах прыняць рашэнне?» — сказаў кіраўнік.

Лукашэнка зноў падкрэсліў: «Для мяне ён прэзідэнт сяброўскай нам краіны. І я ўпэўнены: калі б прайшло 2-3 гады, Кыргызтан стаў бы на ногі. Справа ў тым, што гэта стратэгічна важная тэрыторыя, якую сёння раздзіраюць на часткі тыя, хто абвяшчае там свае «жыццёва важныя інтарэсы». Паўстае пытанне: а дзе ж тады інтарэсы кыргызскага народа? Вось у клубок усё гэта завязана — і гэта падстава таго, што народ дайшоў да жабрацтва. Кыргызтан — жабрацкая краіна. Гэта бедныя людзі, гатовыя сёння працаваць за кавалак хлеба. І замест таго, каб ваяваць там побач, у Афганістане, марнаваць мільярды даляраў і забіваць людзей, амерыканцы маглі б дапамагчы кыргызскаму народу, узняць гэтую краіну».

«Тут безліч абуральных пытанняў, якія ляжаць на паверхні. Але ўсе робяць выгляд, што гэтага не бачаць. І пачынаюць інфармацыйныя атакі. Лухта гэта поўная», — заявіў Лукашэнка.

Каментуючы выказванне віцэ-прэм'ера часовага ўрада Кыргызтана пра тое, што краіне, якая захоча прыняць у сябе Курманбека Бакіева, пагражаюць праблемы ў стасунках з Бішкекам, Лукашэнка сказаў: «Я хачу задаць тры рытарычныя пытанні. Па-першае, якія ж такія сур'ёзныя праблемы могуць у нас узнікнуць? Па-другое, няўжо Беларусь не выжыве з гэтымі ўскладненнямі: мы што, абрынемся заўтра, калі ў нас ускладняцца стасункі з Кыргызтанам? І па-трэцяе, калі б сёння Курманбек Саліевіч быў у Беларусі, для кыргызстанского часовага ўрада гэта было б добра. Таму што калі ў Кыргызтане няма прэзідэнта, у іх рукі развязаныя».

Лукашэнка адзначыў, што сёння пацвярджаецца тое, пра што ён казаў раней. «Увесь поўдзень Кыргызтана палае. Людзі захопліваюць адміністрацыйныя будынкі ў Джалал-Абадзе, Ошы. Народ абараняе брата зрынутага прэзідэнта і іншых яго сваякоў, — канстатаваў Лукашэнка. — І ў гэтым выпадку я хачу звярнуцца да кыргызскага народа: не дапусціце здрады свайму прэзідэнту. Гэта будзе самай страшэннай памылкай».

Беларускі дыктатар падкрэсліў: «Толькі народ мае права спытаць з прэзідэнта. Ніякія банды, ніякія групоўкі, ніякая апазіцыя — толькі народ».

«Рэальным выйсцем з сітуацыі, якая склалася, калі ўжо вы такія дэмакраты, будзе неадкладна абвясціць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары і, калі на тое пайшло, — парламенцкія. І даць магчымасць удзельнічаць у гэтых выбарах усім ахвотным, у тым ліку Курманбеку Бакіеву», — перакананы Лукашэнка.

Напісаць каментар 154

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках