14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Януковіч не збіраецца сябраваць з беларускім дыктатарам супраць Расеі

5

У канцы красавіка чакаецца візіт у Менск новага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

Ці адкрые яго прыезд новую старонку ва ўзаемаадносінах дзвюх краінаў? Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі не лічыць, што ўкраінскі лідэр прыедзе ў Менск з нейкімі новымі прапановамі.

А вось з Беларусі, паводле меркавання эксперта, Віктар Януковіч павязе ратыфікаваныя граматы Дамовы аб дзяржаўнай мяжы.

– Гэта бачны бок стасункаў паміж Кіевам і Менскам і, безумоўна, гэта крок наперад, -- кажа Раман Якаўлеўскі ў інтэрв'ю газеце «Заўтра тваёй краіны». -- Галоўнай жа, я думаю, будзе тэма, звязаная з энергетычнай бяспекай, а таксама ўдзел Беларусі ў праекце «Адэса - Броды». Але я не думаю, што Януковіч гэтай тэмай адважыцца раздражняць Маскву, якая разглядае гэты праект, распачаты пры Юшчанку, як антырасейскі.

Эксперт мяркуе, што Віктар Януковіч не збіраецца таксама лабіяваць інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі на міжнароднай арэне і сябраваць з беларускім прэзідэнтам супраць Расеі.

-- У Украіны вельмі вялікае пытанне двухбаковых стасункаў з Масквой – гэта кошт на газ. Ахвяраваць гэтым дзеля антымаскоўскага сяброўства ўкраінскі прэзідэнт не будзе. Кожны бок і надалей будзе адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы, якія, безумоўна, не заўсёды будуць супадаць, -- мяркуе Раман Якаўлеўскі.

Ён звяртае ўвагу на змены, якія павінны спадабацца Маскве -- наступнае паседжанне міністраў абароны краінаў СНД пройдзе ў Кіеве.

-- Украіна не з'яўляецца паўнавартасным удзельнікам СНД, а толькі яго асацыяваным чальцом. Тое, што адкліканая заяўка Украіны на ўступленне ў НАТА, і паседжанне міністраў абароны краінаў СНД запланаванае ў Кіеве, з'яўляецца сведчаннем незаходніх крокаў Януковіча. А гэта задавальняе і Маскву, і Менск, -- перакананы эксперт.

Што да таваразвароту паміж дзвюма краінамі, дык, па словах эканаміста Яраслава Раманчука, для Беларусі гандлёвы баланс з Украінай з'яўляецца дадатным.

-- Гэта звязанае з тым, што мы пастаўлялі ва Украіну даволі шмат нафтапрадуктаў, -- тлумачыць эксперт «Заўтра тваёй краіны». -- А адтуль не пускалі прамысловыя тавары і харчаванне -- у нас існуе шмат абмежаванняў. У той жа час былі праблемы з пастаўкамі ва Украіну беларускага цукру і ўкраінскага піва -- у Беларусь. Так што ёсць яшчэ шмат канфліктаў, якія трэба абмяркоўваць і вырашаць.

Як мяркуе эканаміст, у адрозненне ад палітыкі інтэграцыі з Расеяй як нейкая самастойная палітыка, хутчэй за ўсё, будзе разглядацца стварэнне паўнавартаснай зоны свабоднага гандлю з Украінай.

-- Калі бакі будуць развіваць гэты накірунак, дык яны нават змогуць разам прэтэндаваць на нейкае сумеснае фінансаванне ў межах праграмы Ўсходняе партнёрства, -- мяркуе Яраслаў Раманчук.

На яго думку, сёння вонкавы кантэкст вельмі спрыяе сяброўству паміж Украінай і Беларуссю.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках