29 снежня 2024, Нядзеля, 14:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

20 красавіка ў Віцебску будуць судзіць Сяргея Каваленку

15

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка, якога 20 красавіка будуць судзіць за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на гарадской ёлцы Віцебска, звярнуўся да сведак падзеяў 7 студзеня.

Каваленка звярнуўся да жыхароў дома № 8 Маскоўскага праспекта Віцебска, насупраць якога была ўстаноўленая ёлка, каб яны прыйшлі заўтра ў 10:30 у Кастрычніцкі раённы суд, дзе павінны распачацца працэс, перадае «Наша Ніва».

Сяргей Каваленка збіраецца з дапамогай жыхароў Віцебска абвергнуць абвінавачванні ў злосным хуліганстве і супраціве міліцыі.

Апазіцыянер настойвае, што не меў мэтай здзейсніць хуліганскі ўчынак - не збіраўся нанесці шкоду ні ўпрыгожванню на ёлцы, ні сваім землякам, якія сабраліся ў той дзень на святочным канцэрце мастацкай самадзейнасці, калі вывешваў бел-чырвона-белы сцяг, і што гэта нельга расцэньваць як злоснае хуліганства.

Каваленка таксама збіраецца аспрэчваць сведчанні міліцыянтаў - падпалкоўніка Андрэя Іванова, малодшага сяржанта Максіма Максімава і старэйшага сяржанта Васіля Палітыка - пра тое, што ён аказваў ім супраціў падчас затрымання. Сяргей Каваленка спадзяецца, што могуць знайсціся жадаючыя засведчыць, што ён не абражаў супрацоўнікаў міліцыі, затое яны гвалтам цягнулі яго ў машыну, збіваючы па дарозе.

Нагадаем, што Сяргей Каваленка двойчы звяртаўся ў Кастрычніцкі райсуд, каб распачаць справу супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія нанеслі яму цялесныя пашкоджанні. І двойчы суд у гэтым адмаўляў.

Пазоў міліцыянтаў, якія патрабуюць ад апазіцыянера матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў кожнаму, таксама будзе разглядацца 20 красавіка.

За тое, што Сяргей Каваленка вывесіў нацыянальны сцяг 7 студзеня ў Віцебску, яму пагражае да 6 год пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках