27 снежня 2024, Пятніца, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вызначаны галоўны ўдзельнік «паляўнічай справы»?

21
Вызначаны галоўны ўдзельнік «паляўнічай справы»?

Журналістка сайта charter97.org Наталля Радзіна, карэспандэнт «Новой газеты» Ірына Халіп і рэдактарка «Народнай волі» Святлана Калінкіна наведалі Першамайскі РУУС Менска.

Допыт Наталлі Радзінай доўжыўся 2,5 гадзіны і здымаўся на відэакамеру. Старэйшага дазнаўцу Упраўлення ўнутраных спраў Гомеля Аляксандра Пусева, які прыехаў у Менск адмыслова для допыту, цікавіла, як на сайце charter97.org быў змешчаны ліст за подпісам сваякоў арыштаваных гомельскіх міліцыянтаў, якія праходзяць па так званай «паляўнічай справе», у якім былы начальнік Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці угледзеў паклёп у свой адрас. Аднак больш за ўсё следчых цікавіла праца і функцыянаванне сайта charter97.org.

«У канцы пратакола допыту я зрабіла наступную заўвагу: «Заклікаю праваахоўныя органы пакінуць журналістаў у спакоі. Абяцаю, што на сайце charter97.org больш ніякіх лістоў сваякоў арыштаваных супрацоўнікаў міліцыі, КДБ ці пракуратуры не з'явіцца. Раю супрацоўнікам міліцыі змагацца за свае правы самастойна», - распавяла Наталля Радзіна пасля допыту.

Паводле слоў журналісткі, дазнаўца Пусеў вёў сябе дастаткова карэктна. Аднак у канцы працэдуры шакаваў яе заўвагай, што яна «вельмі ненатуральна намалявала сабе сіняк пад вокам». Нагадаем, што падчас ператрусу 16 сакавіка ў офісе сайта charter97.org супрацоўнік міліцыі ў цывільным, які спрабаваў трапіць у памяшканне сілай, ударыў Наталлю Радзіну кулаком у твар. Журналістка зняла пабоі ў судмедэкспертызе.

«Я ў шоку, што дазнаўца ігнаруе дадзеныя судмедэкспертызы. Пра якое аб'ектыўнае расследаванне гэтай справы тады можа ісці гаворка, я не ведаю. Мала таго, што ўлады пачалі масіраваны наступ на жанчын-журналістак, праводзячы ў іх ператрусы, канфіскуючы тэхніку, цягаючы на допыты, так іх яшчэ спрабуюць абразіць і зняважыць. Уласна, гэта дэманструе ўсю слабасць і амаральнасць лукашэнкаўскай дзяржаўнай сістэмы», - адзначыла Наталля Радзіна.

Ірыну Халіп азнаёмілі з пастановай на правядзенне экспертызы, канфіскаванай у яе і яе мужа - лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава тэхнікі - гэтым будзе займацца экспертна-крыміналістычны цэнтр МУС. Звычайна працэдура займае каля месяца, але ў выпадку неабходнасці гэты тэрмін могуць працягваць. Пасля заканчэння экспертызы тэхніку альбо вернуць, альбо далучаць да матэрыялаў крымінальнай справы. Што тычыцца ноўтбука, канфіскаванага ў журналісткі 5 сакавіка на беларуска-літоўскай мяжы, то, паводле слоў дазнаўцы, ён зараз знаходзіцца ва УКДБ па г.Менску, - распавяла Ірына Халіп.

Святлане Калінкінай аддалі канфіскаваныя ў яе падчас ператрусу нататнікі і паведамілі, што экспертыза яе камп'ютэрнай тэхнікі яшчэ не скончана. Хадайніцтва журналісткі аб магчымасці прысутнічаць пры правядзенні экспертызы дазнаўца адхіліў на той падставе, што гэта можа перашкодзіць аб'ектыўнаму расследаванню. Акрамя таго, Пусеў паведаміў, што да матэрыялаў справы далучаюць лічбавы дыктафон журналісткі. «Гэта для мяне дзіўна, бо на ім было запісана ўсяго тры інтэрв'ю - з амбасадарам, палітыкам і адвакатам, - якія не мелі ніякага дачынення да «паляўнічай справы», - паведаміла Святлана Калінкіна.

Нагадаем, што сёння беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Я ў апошні час усё больш і больш назіраю за сітуацыяй у СМІ, нашых, расейскіх. Нядаўна падняўся гвалт вакол сайтаў некаторых апазіцыйных газет, журналістаў. У бліжэйшы час пасля экспертызы мы вас з імі азнаёмім, бо цэнтры гэтых апазіцыйных кланаў знаходзяцца ў Расеі ». У такой сітуацыі становіцца незразумела, пра якую таямніцу следства можа ісці гаворка, калі Лукашэнка робіць такую заяву? Гэта прамы ціск на следчых. Сёння беларускі кіраўнік даў зразумець, хто з'яўляецца галоўным удзельнікам гэтай справы.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках