12 лiстапада 2024, aўторак, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея абклала пошлінамі ўвоз аўтамабіляў з Беларусі

27

Гэта будзе працягвацца да дасягнення бакамі дамоўленасцяў у межах стварэння Мытнага саюза.

Аўтамабілі, якія паступаюць у Расею з Беларусі для продажу, будуць абкладацца імпартнай пошлінай у поўным аб'ёме. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Федэральнай мытнай службы РФ.

«Ёсць выпадкі, калі аўтамабілі «размытняліся» ў Беларусі, дзе пошліна ніжэй, а затым былі спробы правезці іх у Расею бяспошлінна. Каб гэтага пазбегнуць, разасланы адпаведны ліст», — паведаміў РІА Новости прадстаўнік прэс-службы расейскага мытнага ведамства, перадае БелаПАН.

Паводле ліста ФМС, калі ўвозяцца аўтамабілі, знятыя з рэгістрацыйнага ўліку ў Беларусі, і пры гэтым дэкларуецца мэта ўвозу — продаж на тэрыторыі РФ, дык такія транспартныя сродкі падлягаюць афармленню з выплатай усіх мытных пошлінаў і збораў.

У цяперашні час спрошчаны парадак афармлення часовага ўвозу ў Расею транспартных сродкаў для ўсіх замежнікаў, якія ўязджаюць у краіну на сваіх аўтамабілях. Для пацверджання законнасці знаходжання на тэрыторыі Расеі аўтатранспарту дастаткова запаўнення толькі пасажырскай мытнай дэкларацыі (ПМД).

Афармленне праводзіцца ў адзін этап, з мытных органаў здымаецца абавязак рэгістрацыі транспартных сродкаў, зарэгістраваных у іншых краінах, якія часова знаходзяцца ў Расеі, што спрашчае мытнае афармленне і дае магчымасць праводзіць яго ў больш сціслыя тэрміны, адзначалі раней прадстаўнікі ФМС.

Замежныя грамадзяне, як і раней, могуць увозіць свой аўтатранспарт у Расею без выплаты мытных пошлінаў, падаткаў на тэрмін свайго часовага знаходжання, але не больш чым на адзін год. Калі ўзнікне неабходнасць падоўжыць тэрмін знаходжання, заяўлены першапачаткова, дык неабходна звярнуцца ў мытны орган па месцы пастаяннага пражывання ці часовага знаходжання. Але агульны тэрмін знаходжання аўтатранспарту ў краіне без выплаты мытных пошлінаў не павінен перавышаць аднаго года.

Акрамя таго, паміж Расеяй і Беларуссю з 24 лютага дзейнічае дамова, паводле якой пры часовым уездзе на тэрыторыю Расеі на аўтамабілі ад беларускіх грамадзянаў не запатрабуюць запаўнення дэкларацыяў і іншых дакументаў на транспартны сродак.

Нагадаем, што ў Беларусі падвышэнне пошлінаў на ўвоз аўтамабіляў пакуль закранула юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. З новага года пошліны даведзеныя да ўзроўня расейскіх, на некаторыя імпартныя аўтамабілі яны павялічыліся ў 10 разоў.

Для фізічных асобаў у межах Мытнага саюза новыя правілы ўвозу аўтамабіляў пакуль не вызначаныя. Чакаецца, што пошліны на ўвоз транспартных сродкаў фізасобамі павялічацца 1 ліпеня 2010 года, калі павінен набыць сілу Мытны кодэкс і запрацаваць у поўным аб'ёме Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расеі.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках