28 снежня 2024, Субота, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура пакрывае міліцыянтаў, якія збілі журналістку

41
Пракуратура пакрывае міліцыянтаў, якія збілі журналістку

Журналістцы сайта charter97.org Наталлі Радзінай адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія ўжылі гвалт падчас ператрусу.

У пастанове, падпісанай памочнікам пракурора Ленінскага раёна Менска Аляксандрам Сватко, гаворыцца, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве Наталлі Радзінай адмоўлена «за адсутнасцю грамадска небяспечнага дзеяння, прадугледжанага крымінальным законам».

Пракурорская пастанова поўная супярэчнасцяў. Відавочна таксама, што ў поўным аб'ёме праверка па скарзе журналісткі праведзеная не была. У дакуменце са спасылкай на саміх супрацоўнікаў міліцыі паведамляецца, што міліцыянты, якія прыйшлі з ператрусам на офіс сайта charter97.org, вялі сябе «карэктна і ветліва». Усе апытаныя міліцыянты запэўніваюць, што не спрабавалі ўварвацца ў памяшканне сілай. У пастанове ёсць фэнамэнальная фраза: «Названыя мужчыны спрабавалі адвесці Радзіну Н.В. ад дзверэй кватэры, пры гэтым трымалі за тулава. Іх дзеянні былі накіраваныя на тое, каб не даць Радзінай зачыніць дзверы».

Так яны назвалі напад на журналістку міліцыянтаў у цывільным, якія збеглі з верхняга паверху і сталі яе адпіхваць ад дзвярэй, нанёсшы ўдар кулаком у твар.

Прычым супрацоўнікаў пракуратуры, якія праводзілі «праверку», зусім не цікавіла, на якой падставе «названыя мужчыны», не прадстаўляючыся, не паказваючы ніякіх дакументаў, не прад'яўляючы пастановы на ператрус, «не давалі Радзінай зачыніць дзверы, трымаючы за тулава».

У пастанове прыводзяцца прозвішчы людзей, якія запэўнівалі, што журналістку ніхто не збіваў і «з вокам падчас ператрусу ў яе ўсё было ў парадку»: гэта дазнаўца Ленінскага раёна Аляксандр Чуй, старэйшы оперупаўнаважаны ОУР Ленінскага РУУС Д.В. Канюхневіч, оперупаўнаважаны ОУР Ленінскага РУУС Крывалевіч А.Г., прывезеныя міліцыянтамі з сабой на ператрус «панятыя» О.А. Ясінская і Я.А. Малахоўская.

Зразумела, што чакаць ад міліцыянтаў іншых паказанняў - смешна, але пракуратуру, нягледзячы на наяўнасць паказанняў сведак -журналістаў, якія прысутнічалі падчас ператрусу, тое, што ў Радзінай пасля нанесенага ўдару прыпухла вока (на наступны дзень яно ператварылася ў гематому), гэта задаволіла. Паказанні міліцыянтаў далі пракуратуры падставу адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць тых жа міліцыянтаў.

Пры гэтым пракуратура не змагла схаваць дадзеныя судова-медыцынскай эксперты, куды звярнулася журналістка. Пракуратура прызнае, што «паводле заключэння эксперта № 1036 ад 17 сакавіка 2010 г. у Радзінай выяўленыя наступныя цялесныя пашкоджанні: кантузія правага вока 1 ступені, крывападцёк верхняга века правага вока».

У пастанове на скаргу Наталлі Радзінай нічога не гаворыцца таксама пра тое, што ператрус у кватэры, якую яна арэндуе, прайшоў з парушэннямі, хоць у заяве журналісткі гэта адзначалася. У прыватнасці, што міліцыянты канфіскавалі ў офісе сайта charter97.org 8 сістэмных блокаў, не занесшы ў пратакол ператрусу іх серыйныя нумары.

Акрамя таго, пракуратура праігнаравала той факт, што падчас ператрусу ў офісе прысутнічалі невядомыя людзі ў цывільным і спецназаўскіх масках, якія хавалі іх твары. І гэтыя людзі на просьбу Радзінай прадставіцца выкідалі рукі ў нацысцкім прывітанні.

«Пракуратуру сёння так турбуе гонар супрацоўніка КДБ Івана Каржа, што яна гатовая пакрываць міліцыянтаў, якія збіваюць журналістаў. Зразумела, што я і не чакала справядлівага рашэння ад лукашэнкаўскай пракуратуры, таму што сёння гэта не наглядны ворган, які павінны сачыць за законнасцю дзеянняў міліцыі, а незразумелая кантора, супрацоўнікі якой за нашы ж з вамі грошы замест таго, каб абараняць нашыя правы, прасіжваюць штаны ва ўтульных кабінетах і невядома чым займаюцца.

Памошнік пракурора Сватко спачатку на мяне зрабіў нават станоўчае ўражанне, але сыходзячы пасля апытання, я яму сказала: «Шкада толькі, што вам усё роўна не дадуць нікога пакараць». Так і выйшла. Мне сапраўды шкада гэтых людзей, зразумела, што яны проста выконваюць загады.

Паказальна, што супрацоўнікі пракуратуры прызнаюць, што я была збітая, але ў іх не хапіла мужнасці прызнаць, што гэта зрабілі іх калегі з праваахоўных ворганаў. Як толькі гаворка заходзіць аб збіцці апазіцыянераў, праваабаронцаў ці журналістаў, у пракуратуры забываюцца пра доўг і закон», - адзначыла Наталля Радзіна.

Нагадаем, што 16 сакавіка ў офісе сайта charter97.org у рамках крымінальнай справы аб «паклёпе» на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласьці Івана Каржа быў праведзены ператрус і канфіскавана 8 сістэмных блокаў. Спачатку міліцыянты спрабавалі пранікнуць у кватэру сілай, учыніўшы ўдар кулаком у твар журналістцы Наталлі Радзінай.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках