28 снежня 2024, Субота, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка спрабуе шантажаваць Расею ваеннымі базамі (Відэа)

95
Лукашэнка спрабуе шантажаваць Расею ваеннымі базамі (Відэа)

Цікава, што, нагадваючы Мядзведзеву пра дзве ваенныя базы РФ, беларускі кіраўнік чытаў тэкст...з паперы.

«Відаць, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Расеі забыўся, што на тэрыторыі Беларусі ажно дзве дзеючыя ваенныя базы РФ. Магу нагадаць: адна – ранняга папярэджання ракетных нападаў – знаходзіцца ў раёне Баранавічаў, а другая – забяспечвае сувязь з падводным флотам Расеі ў Атлантыцы, месца базавання – Вілейка», - заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам у нядзелю на выбарчым участку ў Менску, перадае «Інтэрфакс».

«Калі прэзідэнт Расеі забыўся пра Баранавічы і Вілейку, трэба ўзгадаць. Калі ён хоча ведаць, колькі яны плацяць нам за іх, у адрозненне ад Севастопаля, – нуль: нуль рублёў, нуль капеек, нуль даляраў», - падкрэсліў Лукашэнка.

«Беларуская армія каго абараняе, асновай якой групоўкі з'яўляецца – сумеснай групоўкі «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі. А калі дакладней казаць, на захадзе ў Расеі акрамя арміі Беларусі нікога няма», - падкрэсліў ён. «Думаю, перш чым рабіць якія-небудзь заявы, высокапастаўленым людзям трэба вывучаць гісторыю», - сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што «і сам прэзідэнт Расеі мае дачыненне да некаторых пытанняў – апошняе вучэнне беларускай і расейскай арміяў і нядаўна падпісаная дамова пра супрацьпаветраную абарону».

Беларускі кіраўнік таксама падкрэсліў, што «толькі Беларусь, выключна Беларусь, заўсёды ішла насустрач расейскім пажаданням і спадзевам». «Вось вам справы і намеры», - рэзюмаваў ён.

Папрокі ў адрас Пуціна

Лукашэнка ўгледжвае падвойныя стандарты і супярэчнасці ў пазіцыі Расеі адносна прыняцця ў Беларусі Курманбека Бакіева.

«Хіба тут не супярэчнасці і не падвойныя стандарты?», - сказаў Лукашэнка, каментуючы па просьбе журналістаў выказванні прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева, зробленыя ім падчас візіту ва Украіну.

Лукашэнка нагадаў пра выказванні Уладзіміра Пуціна, калі ён быў у статусе прэзідэнта Расеі, пра «цюльпанавую» рэвалюцыю ў Кыргызтане. Ён падкрэсліў, што тады Пуцін выказаў гатоўнасць прыняць у сябе зрынутага падчас гэтай рэвалюцыі прэзідэнта Кыргызтана Аскара Акаева. Лукашэнка ўдакладніў, што тады Пуцін заявіў, што «датычна магчымасці прыезду Акаева ў Расею мы не будзем пярэчыць, думаю, гэта цалкам магчыма».

«Чаму немагчыма цяперашняму прэзідэнту Кыргызтана прыехаць у Беларусь?», - спытаў беларускі кіраўнік.

У гэтай сувязі Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, «Мядзведзеў пакрыўдзіўся, што Бакіеў прыехаў у Беларусь, а не ў Расію». Тым часам ён выказаў здагадку, што «напэўна, былі ў Бакіева падставы для гэтага».

Лукашэнка нагадаў, што пасля «цюльпанавай» рэвалюцыі ў Кыргызтане Пуцін выказаў надзею, што апазіцыя, у якой тады быў Бакіеў, «зможа ўзяць сітуацыю пад кантроль». Як адзначыў Лукашэнка, тады Пуцін заявіў, што гэтыя людзі «спрыялі развіццю стасункаў Расеі і Кыргызтана, шмат зрабілі для станаўлення сённяшняга ўзроўня міждзяржаўных стасункаў». Лукашэнка дадаў, што Пуцін таксама выказаў надзею на далейшае развіццё стасункаў Расеі і Кыргызтана і звярнуў увагу на наяўнасць падставаў для гэтага. «Параўнаеце выказванні тады і сёння», - заклікаў Лукашэнка.

Ён таксама нагадаў, што шэраг «высокапастаўленых уцекачоў з дзяржаваў, дзе адбыліся рэвалюцыі», аселі ў Расеі. Сярод іх А.Лукашэнка назваў былых кіраўнікоў Кыргызтана (Аскар Акаеў), Аджарыі (Аслан Абашыдзэ), «Нафтагаза» Украіны, (Ігар Бакаеў), МУС Украіны (Мікалай Білаконь), былога мэра Адэсы (Руслан Бадэлан), экс-губернатара Кіеўскай вобласці (Анатоль Засуха), экс-намесніка кіраўніка Службы бяспекі Украіны (Уладзімір Сацюк).

«Якія могуць быць папрокі ў дачыненні да мяне?», - сказаў Лукашэнка. «Я прыняў чалавека, з якім у добрых стасунках. Ён не з'яўляўся маім сябрам, як тыя прэзідэнты, якія яго фактычна кінулі, і не зрабіў столькі для Беларусі, колькі для Расеі», - адзначыў беларускі дыктатар.

АДКБ не апраўдала надзеяў Лукашэнкі – не задушыла рэвалюцыю ў Кыргызтане

Лукашэнка таксама лічыць бесперспектыўнай далейшую дзейнасць АДКБ у тым выпадку, калі Арганізацыя будзе знаходзіцца ў сённяшнім стане.

«Што гэта за арганізацыя, калі ў адной з нашых краінаў ільецца кроў, адбываецца дзяржаўны пераварот? Цішыня, нуль. Чаму? Няцяжка здагадацца. Калі так і будзе развівацца АДКБ далей, дык смею вас запэўніць, што перспектывы гэтая арганізацыя не мае», - заявіў Лукашэнка.

Як адзначыў беларускі кіраўнік, «калі АДКБ не можа своечасова адрэагаваць і паўплываць на падзеі, значыць, такая гэта арганізацыя». Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што «нашая Арганізацыя вельмі патрэбная і карысная, калі б яна развівалася ў тым накірунку, як гэта мы прадбачылі».

Адказваючы на пытанне пра тое, ці прыме ён удзел у саміце АДКБ ўхуткім часе, Лукашэнка адказаў: «Я яшчэ не вызначыўся, паеду я на саміт ці не». «Але я скажу, пры якіх умовах я паеду на саміт АДКБ», - сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што «у нас у чэрвені ці ліпені запланаванае паўнафарматнае паседжанне АДКБ». «Я мяркую, як мы дамаўляліся, гэтае паседжанне павінна прайсці ў Маскве з поўным парадкам дня – з разглядам 12-15 пытанняў», - заявіў кіраўнік.

Акрамя таго, ён адзначыў, што «ні ў Казахстане, ні ў іншых дзяржавах АДКБ няма той насычанай праграмы па святкаванні 65-ай гадавіны Вялікай Перамогі, як у Беларусі». «І застацца мне па-за межамі Беларусі будзе няправільна. У гэтае свята я заўсёды павінен быць са сваім народам, і прэзідэнт абавязкова будзе тут», - заявіў Лукашэнка. Ён удакладніў, што вялікія мерапрыемствы з гэтай нагоды пройдуць у Беларусі 7-9 траўня. Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што «8 траўня я ахвяраваў днём, каб быць у Маскве разам са сваімі калегамі». «Але там я не змагу быць больш за тры чвэрці восьмага дня», - сказаў Лукашэнка, адзначыўшы, што раніцай 9 траўня ён абавязкова будзе прысутнічаць на парадзе ў Менску.

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках