28 снежня 2024, Субота, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандал: У Магілёве правялі «выбары» да іх пачатку (Фота)

19

Фармаванне абласной выбарчай камісіі магілёўскія «вертыкальшчыкі» правялі яшчэ ў 2009 годзе.

Тое, што вынікі выбараў у Беларусі загадзя ўзгодненыя і вядомыя пэўнаму колу людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе - кажацца не першы год. Тое, што падрыхтоўка выбараў у нас скончаная яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі - таксама не сакрэт. Але, як адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары» тое, каб пра гэта афіцыйна паведамлялася - такое сустрэлася ўпершыню.

Такім чынам, парадокс заключаецца ў наступным. 28 снежня 2009 года на афіцыйным сайце Магілёўскага аблвыканкама з'явілася інфармацыя: «У вобласці ўтвораныя 58 выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання». У інфармацыі, акрамя таго, сказана, што створаныя акругі. Кажацца і пра тое, што «старшынём абласной выбарчай камісіі абраны начальнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці Валерый Берастаў, намеснікам старшыні - дацэнт УА «Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання» Уладзімір Беланогаў. І ўсё гэта паведамляе сакратар Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Людміла Макаранка.

Адразу нічога не разумееш, а, можа, проста не верыцца ў напісанае. Бо толькі праз месяц, 18 студзеня 2010 года, Аляксандр Лукашэнка выдасць указ аб прызначэнні выбараў, а Цэнтральная камісія толькі 21 студзеня зацвердзіць і апублікуе Календарны план арганізацыйных мерапрыемстваў правядзення выбараў, дзе чорным па беламу напісана, што вылучэнне прадстаўнікоў у склад абласных і тэрытарыяльных камісіяў праводзіцца да 26 студзеня, затым на працягу трох дзён камісіі фармуюцца, а яшчэ на працягу наступных трох дзён імі ўтвараюцца выбарчыя акругі. І ўсё гэта павінна адбывацца ў 2010 годзе!

Парадокс, але магілёўскія ўлады, якія наладзілі выбары па сваім графіку і меркаванні, самі сабе і выдалі, размясціўшы на сваім сайце інфармацыю, якую яны павінны былі прытрымаць на месяц, а потым размесціць у сябе на сайце і апублікаваць для электарату. Тады б усё прайшло, як па пісаным, але чамусьці адбыўся збой - ці то па глупстве і непрафесіяналізме, ці то праглядзелі.

Магілёўскія праваабаронцы звярнуліся па тлумачэнні ў Магілёўскую абласную камісію. І адтуль яны атрымалі ашаламляльны адказ за подпісам намесніка старшыні абласной камісіі.

Ён паведаміў, што «Магілёўская абласная выбарчая камісія была створаная ў вызначаным парадку 27 СНЕЖНЯ 2010 года. Адпаведная інфармацыя пра гэта, а таксама пра першае арганізацыйнае пасяджэнне камісіі была размешчаная на сайце Магілёўскага аблвыканкама 28 СНЕЖНЯ 2010 года».

Высвятляецца, камісія была створаная ў снежні, які яшчэ надыйдзе праз 9 месяцаў.

Гэта значыць, што выбары ў Магілёўскі абласны Савет павінны быць адмененыя, а выбарчая кампанія павінна быць пачатая спачатку - і праведзеная не па паняццях магілёўскіх «вэртыкальшчыкаў», а па законе.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках