28 снежня 2024, Субота, 6:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Шарамет: «Паляўнічая справа» - гэта шырма для спецаперацыі супраць незалежных журналістаў

5

8 красавіка Паўла Шарамета дапыталі дазнаўцы УУС падмаскоўнага горада Даўгапрудны па даручэнні МУС Беларусі.

Допыт цягнуўся каля 2 гадзін і тычыўся абставін існавання сайта «Белорусский партизан» і супрацоўнікаў МУС, якія з'ехалі з Беларусі. Паўла Шарамета дапытвалі ў Даўгапрудным, бо там быў зарэгістраваны сайт і знаходзіцца фірма, якая кіруе серверам.

Фармальна Шарамета дапытвалі як сведку па узбуджанай Гомельскім УУС справе аб паклёпе ў адносінах былога начальніка УКДБ вобласці генерала Каржа.

У запыце, які прыйшоў у Маскву з Менска, было чатыры блокі пытанняў.

Першы блок датычыўся сайта «Беларускі партызан». Следчых у Менску цікавіць, як функцыянуе сайт, хто і як ставіць на яго інфармацыю. Шарамет распавёў, што сайт - адкрыты рэсурс і многія былыя жыхары Беларусі, якія перабраліся ў Расею, у Еўропу ці ЗША, могуць выстаўляць найбольш цікавыя навіны, і ў большасці выпадкаў ён асабіста нават не ведае, хто канкрэтна выставіў тую ці іншую навіну.

«Я толькі ўважліва сачу, каб на сайце не з'яўляліся артыкулы эктрэмісцкага зместу і бязлітасна іх выдаляю», - заявіў Шарамет.

Другі блок пытанняў тычыўся публікацыі на сайтах «Беларускі партызан» і charter97.org артыкулаў па «паляўнічай справе». «Тут я не мог падрабязна нічога распавесці, бо сам стаў сачыць за гэтым уважліва толькі нядаўна, у канцы 2009 года», - заявіў Шарамет.

Апошні і таксама вялікі блок пытанняў тычыўся збеглага з Беларусі капітана міліцыі Вячаслава Дудкіна. Следчых цікавіла, калі і пры якіх абставінах Шарамет сустракаўся з капітанам, пра што гаварылі, дзе жыве Дудкін.

«На жаль, Дудкіна апошні раз я бачыў у лістападзе 2009 года, і сувязь у нас аднабаковая - праз электронную пошту. Капітан не любіць знаёміць нікога з акалічнасцямі сваёго асабістага жыцця», - распавёў Павал Шарамет.

«Абсалютна ўпэўнены, што паклёп на Каржа - гэта шырма для спецаперацыі КДБ супраць незалежных журналістаў і інтэрнэт-рэсурсаў. За ўсе гэтыя месяцы мы не атрымалі ні аднаго ліста з прэтэнзіямі або просьбай апублікаваць абвяржэнне па той жа «паляўнічай справе». Калі беларускія ўлады і надалей будуць так настойліва перашкаджаць нам працаваць, то я проста падару сайт беларусам Польшчы ці маладым дэмакратам Нарвегіі, перадам ім адрас і ўсе атрыбуты, і ўпэўнены, што яны зробяць сайт яшчэ больш яркім і вострым. Такая працэдура займае 5 хвілін часу», - заявіў Павал Шарамет па выніках допыту.

Нагадаем, што нядаўна Паўла Шарамета пазбавілі беларускага грамадзянства.

Раней у сакавіку 2010 года міліцыя зладзіла сапраўдную аблаву на беларускіх апазіцыйных журналістаў. Былі праведзеныя ператрусы ў кватэрах журналістаў charter97.org, газеты «Народная Воля» і «Новая газета». Іх перыядычна выклікаюць на допыты. У кватэры рэдакцыі сайта charter97.org быў здзейснены сапраўдны пагром, падчас якога журналіста Наталлю Радзіну ўдарылі па твары. А ў адносінах сайта «Беларускі партызан» рукамі ветэранскіх арганізацый распачата масіраваная кампанія з патрабаваннем зачыніць рэсурс.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках