14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прызначаны яшчэ адзін «наглядчык» над інтэрнэтам

10
Прызначаны яшчэ адзін «наглядчык» над інтэрнэтам

Канчатковыя тлумачэнні, у што выльецца прадугледжанае ўказам № 60 рэгуляванне інтэрнэту паступяць ад дзяржпрадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю «БелГІЭ».

Мінсувязі РБ сваёй пастановай № 4 ад 19 сакавіка дэлегаваў гэтаму прадпрыемству паўнамоцтвы на згаданую дзяржрэгістрацыю і збор дадзеных пра оптавалакновыя лініі сувязі, якія знаходзяцца ва ўласнасці, гаспадарчым вядзенні або аператыўным кіраванні ўсіх суб'ектаў гаспадарання, незалежна ад формы ўласнасці, паведамляе «Агенцтва фінансавых навінаў».

БелГІЭ, выконваючы кантралюючыя і наглядныя функцыі, існуе на прынцыпах гасразліку (у адрозненне ад Мінсувязі, дзейнасць якога фінансуецца за кошт сродкаў бюджэту). Амаль усе грамадзяне краіны так ці інакш, прама ці ўскосна знаёмыя з «клапатлівай» дзейнасцю гэтага прадпрыемства, аддаючы са сваёй кішэні ахвяраванні на яго існаванне, адзначае АФН. Паказальных прыкладаў дастаткова: рэгістрацыя факсімільных апаратаў, аналагавых і лічбавых мадэмаў, прыладаў мабільнай сувязі і г.д.

На думку агенцтва, БелГІЭ нічога бясплатна рабіць не будзе: ні рэгістраваць, ні збіраць дадзеныя. У большасці выпадкаў гэтыя выдаткі будуць пакрытыя за кошт канчатковага спажыўца.

Нагадаем, што скандальны ўказ «Аб нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт» падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і ўступіць у сілу 1 ліпеня. Праект дадзенага ўказу з'явіўся ў Інтэрнэце ў снежні мінулага года. Тэкст законапраекта выклікаў крытыку як беларускай медыя-супольнасці, так і міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку АБСЕ. Незалежныя эксперты не сумняюцца, што ўказ Лукашэнкі накіраваны, у першую чаргу, на блакаванне апазіцыйных вэб-рэсурсаў падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Адзін са шматлікіх пунктаў указу, якія выклікаюць непакой, абвяшчае, што «пастаўшчыкі інтэрнет-паслуг па запыце карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг аказваюць паслугі па абмежаванні доступу гэтых карыстальнікаў да інфармацыі, змест якой накіраваны на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці». Як вядома, беларускія ўлады часта вінавацяць у «экстрэмізме» апазіцыю.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках