29 снежня 2024, Нядзеля, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мікалая Аўтуховіча пасля наручнікаў паралізаваная рука

10

Палітвязень правёў у наручніках у Вярхоўным судзе пяць гадзінаў. З-за гэтага сур'ёзна пацярпела адна рука.

Рука фактычна паралізаваная, паведаміў «Радыё Свабода» адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка.

«Зараз Аўтуховічу трэба падпісваць скаргу на прысуд, а ён не валодае правай рукой», - сказаў адвакат.

«Праблема – у Аўтуховіча правая рука фактычна не піша. 6 траўня, пасля апошняга судовага паседжання, усіх падсудных па справе трымалі ў наручніках больш за 5 гадзінаў, хаця закон дазваляе не здымаць наручнікі не больш за дзве гадзіны. А іх пратрымалі да прысуду, і падчас чытання прысуду і пасля», - паведаміў Сапелка.

У любы дзень Мікалая Аўтуховіча могуць па этапе накіраваць для адбыцця пакарання ў адну з калоніяў Беларусі, кажа адвакат. Копію прысуду суду адвакат і яго падабаронны атрымалі. У хуткім часе Павал Сапелка спадзяецца накіраваць скаргу на прысуд старшыні Вярхоўнага суда.

Праблемы са здароўем ёсць і ў Уладзіміра Асіпенкі. Як паведаміла яго дачка Людміла, у Асіпенкі «вялікая гематома на правай руцэ ад наручнікаў». Уладзімір Асіпенка і яго сваякі спадзяюцца на амністыю.

Нагадаем, 6 траўня Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў Мікалая Аўтуховіча да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Уладзіміра Асіпенку - на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, яшчэ двух абвінавачваных - былога працаўніка фірмы Аўтуховіча Аляксандра Ларына і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова - адпаведна на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму без пазбаўлення права займаць кіраўнічыя пасады.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках