14 лiстапада 2024, Чацвер, 5:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва абвінавачвае генерала Усхопчыка ў вайсковых злачынствах (Фота)

16

Генпракуратура Літвы перакваліфікавала абвінавачванні, высунутыя па справе аб спробе ваеннага перавароту ў студзені 1991 года, у ваенныя злачынствы.

Нагадаем, у ноч на 13 студзеня 1991 года савецкія войскі зрабілі спробу пры падтрымцы танкаў захапіць тэлевізійную вежу ў цэнтры Вільні. Тады загінулі 14 чалавек, яшчэ сотні атрымалі раненні.

Як паведаміў у панядзелак літоўскі тэлеканал LNK, 25 асобам, якія пражываюць у Расеі і Беларусі, падрыхтаваныя паведамленні аб перакваліфікацыі высунутых ім абвінавачванняў. Сярод падазраваных - былы камандуючы Віленскім ваенным гарнізонам, генерал Уладзімір Усхопчык, які пражывае ў Беларусі. Літоўскія праваахоўныя органы сцвярджаюць, што ён аддаў загад страляць у бяззбройных людзей, паведамляе NEWSru.com.

Таксама прад'яўленыя абвінавачванні генералу Альгімантасу Наўджунасу, Анатолю Субоціну, палкоўніку Эдмундасу Каспяравічусу і іншым.

Згодна з КК Літвы, асоба, якая, грунтуючыся на палітыцы дзяржавы ці арганізацыі, нападае на грамадзянскіх асобаў, забівае іх ці наносіць шкоду здароўю, караецца пазбаўленнем волі тэрмінам ад пяці да дваццаці гадоў, ці пажыццёвым зняволеннем. У гэтых злачынстваў няма тэрміну даўніны.

У адпаведнасці з літоўскімі законамі, 25 абвінавачаных у ваенных злачынствах стануць падазраванымі, калі праваахоўныя органы Расеі і Беларусі перададуць ім апавяшчэнні, апытаюць ці выдадуць Літве.

Як заявіў тэлеканалу Раймандас Пятраўскас, які часова ўзначальвае Генпракуратуру, калі раней абвінавачванні былі прад'яўленыя па асобных артыкулах, такіх як забойства, нанясенне цялесных пашкоджанняў, разбурэнне будынкаў і іншых, дык «цяперашні артыкул ахоплівае ўсе гэтыя дзеянні».

Нядаўна пракуроры дапыталі яшчэ аднаго падазраванага. Гэта былы намеснік лідэра руху «Адзінства» Павал Васіленка. Ён прыбыў з Украіны, каб даць паказанні па справе аб забойстве літоўскіх службовых асобаў на КПП у Меднінках.

У справе 13 студзеня ён фігуруе ў якасці падазраванага ва ўдзеле ў дзейнасці антыканстытуцыйных групаў і арганізацыяў, а таксама ў распаўсюдзе заклікаў парушыць суверэнітэт Літвы. Аднак неўзабаве крымінальная справа супраць яго будзе спыненая, паколькі ўжо мінуў тэрмін даўнасці ў дачыненні інкрымінаваных яму дзеяў.

Даведка charter97.org: Генерала Уладзіміра Усхопчыка ўжо шмат гадоў шукае літоўская пракуратура па абвінавачванні ў датычнасці да забойстваў людзей. У студзені 1991 года генерал камандаваў Віленскім гарнізонам, менавіта яго падначаленыя стралялі ў змагароў за незалежнасць Літвы.

Вітаўтас Ландсбергіс, былы старшыня Вярхоўнага Савета Літвы, падаў суду запіс тэлефонных размоваў з Усхопчыкам, калі той пагражаў ужыць сілу супраць дэманстрантаў. Ландсбергіс неаднаразова заяўляў, што «генерал Усхопчык быў актыўным удзельнікам студзеньскіх падзеяў, ён кіраваў Віленскім гарнізонам, і па яго загадзе танкі і бронетранспарцёры пайшлі на бяззбройных людзей».

Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ў беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага уладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 года ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта Уладзіміра Усхопчыка ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

Шматтысячны мітынг каля сценаў парламента пасля захопу савецкімі войскамі Віленскага тэлецэнтра 14 студзеня 1991 года. Падчас аперацыі ў ноч з 13 на 14 студзеня 1991 года загінулі 13 мірных жыхароў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках