28 снежня 2024, Субота, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым пагражаюць Белнэту пастановы Саўміна?

21

Савет міністраў за адзін дзень наштампаваў цэлых пяць пастановаў, якія датычаць інтэрнэту.

Усё гэта зроблена ў межах даручэнняў прэзідэнта па напаўненні сэнсам нормаў указу №60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт». Удасканалілі беларускі інтэрнэт у лепшых традыцыях сучаснай Беларусі - разабрацца ў нагрувашчванні адсылак і ўнясенні зменаў наўрад ці зможа нават дасведчаны юрыст. У Байнэце ўжо суткі цішыня і збянтэжанасць - толькі да вечара з'явіліся кароткія пераказы тэкстаў пастановаў у стужках інфармагенцтваў, перадае Electroname.com.

Падагульняючы новаўвядзенні можна сказаць, што ўрад паспрабаваў адрэгуляваць доступ карыстальнікаў у інтэрнэт у месцах калектыўнага карыстання, сфармуляваў агульныя патрабаванні да дзяржсайтаў, вызначыў методыку ўліку оптавалакновых лініяў і інфармрэсурсаў Байнэту, а таксама ўвёў новыя правілы працы інтэрнэт-крамаў (у трэці раз за паўтары гады).

На думку Electroname.com, спроба не зусім удалая:

1. Пастановы № 646 і № 647. Патрабаванне ідэнтыфікацыі карыстальнікаў і захаванне логаў у месцах калектыўнага карыстання было і раней. Былі нават камеры назірання. Іншая справа, што ніхто гэтае патрабаванне не выконваў і вялікае пытанне, ці будзе выконваць і надалей. Новаўвядзеннем можна назваць захаванне ідэнтыфікацыйных звестак пра абаненцкія прылады (МАС-адрас, унутраныя і знешнія IP-адрасы). Напэўна, гэта і ёсць тая самая шчыліна, якая павінна дазволіць «Белтэлекаму» развіваць сетку Wi-Fi. Адкрыю жудасны сакрэт - усе гэтыя MAC і IP адрасы можна змяніць і БДУІР для гэтага сканчаць не абавязкова. Давайце зараз прымаць пастанову, якая забараняе змяняць MAC-адрас сеткавай карты на асабістым кампутары, а яго канфігурацыю рэгістраваць у ААЦ, так ці што?

2. Спадчына аграрэнесанса цяжкім берамем ціснула на распрацоўшчыкаў пастановы № 645 «Аб некаторых пытаннях інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацыяў». З аднаго боку добра, што ўрад піхае ў спіну гультаяватых чыноўнікаў і прымушае прывесці дзяржсайты ў адносна чалавечы выгляд. З іншага, не справа прэзідэнта і прэм'ера прымаць дакументы па юзабіліці. Так жа ж недалёка да ўрадавых рэкамендацыяў па PHP і Java дапісацца. Непрыемным, але лагічным новаўвядзеннем стаў перанос усіх сайтаў дзяржорганаў на дамены GOV.BY і MIL.BY. Кадэбэшнікам, падаткавікам і пажарнікам прыйдзецца адмовіцца ад сваіх гучных і раскручаных даменаў у нацыянальнай зоне .BY. Звяртае на сябе ўвагу пункт, па якім падтрымкай сайта павінны займацца дзяржслужачыя. Ці значыць гэта, што аддаць на аўтсорс падтрымку нельга?

У цэлым, пастанова атрымалася мяккай і прыязнай. Набор рэкамендацыяў - не больш. Хто будзе адказваць за вынікі і якое прадугледжанае пакаранне за невыкананне пастановы - не зразумела. Электронным урадам тут і не пахне.

3. Асаблівы непакой выклікае пастанова № 644. Гаворка ідзе пра Дзяржаўны рэестр інфармацыйных сетак, сістэмаў і рэсурсаў, у які заносіцца анкета аб інфармацыйнай сетцы, сістэме ці рэсурсе з больш чым 30 пунктаў. Займацца гэтым будуць пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў (вызначэнне вельмі цьмянае - зараз пад імі разумеюцца хостынгавыя кампаніі, інтэрнэт-правайдэры і дата-цэнтры).

Пасля прачытання пунктаў заявы аб рэгістрацыі апускаюцца рукі. Напрыклад, для рэгістрацыі сайта, а рэгістравацца павінны як юрасобы і ІП, так і фізічныя асобы, трэба пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку, пашпартныя дадзеныя, адрасы і тэлефоны, электронную пошту, звесткі з АДР, уліковы нумар плацельшчыка, нумар дамовы з хостэрам, правы на сайт, апісанне сайта, сеткавыя (IP) адрасы, якія выкарыстоўваюцца рэсурсам, даменныя імёны, рэгістрацыйны нумар ЦАД, тып хостынгу, парты транспартных пратаколаў, якія выкарыстоўваюцца рэсурсам, пералік сеткавых адрасоў.

Возьмем просты прыклад - змена хостынгу. Зараз гэта займае лічаныя гадзіны і часам жыццёва неабходна для бесперабойнай працы сайта. З 1 ліпеня прыйдзецца перапісваць анкету, адпраўляць на ўзгадненне, плаціць за гэта грошы, зрэшты рэшт. Вельмі зручна.

Ці варта казаць, што пастанова фіксуе існуючы ў Беларусі ўзровень развіцця інтэрнэт-тэхналогіяў, заганяе іх у межы і фактычна забараняе эксперыменты і інавацыі ў гэтай галіне. Воблачныя хостынгі, гнуткае маштабаванне сістэмаў, рэгіянальныя люстэркі, API і шмат што іншае, што яшчэ будзе прыдумана ў самы найбліжэйшы час, застаецца за мяжой разумення распрацоўшчыкаў дакумента, а следам за імі і ўсяго Байнэту.

Відавочна, інтэрнэт у Беларусі як бізнэс-асяроддзе перастаў быць астраўком волі і зараз цалкам адпавядае агульнаму бізнэс-клімату ў краіне.

4. Яскравым таму пацверджаннем служыць пастанова № 649 «Аб рэгістрацыі інтэрнэт-крамаў у Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь, механізме кантролю за іх функцыянаваннем». За апошнія некалькі гадоў беларускую інтэрнэт-гандаль высілкамі афіцыйнай прапаганды ператварылі ў жупел, рассаднік шэрага імпарту і беззаконня. Умовы працы інтэрнэт-крамаў змяняліся тры разы, і зараз разабрацца, што можна рабіць у сетцы, а што нельга, практычна нерэальна. Беларускі інтэрнэт-гандаль аддзячыў тым жа і за дзесяцігоддзе існавання далей анлайн-ждановічаў не пайшло. Нешматлікія выключэнні ў асобе кнігарняў толькі пацвярджаюць правіла.

У цэлым, набор прынятых дакументаў не вырашае ніводнай існуючай праблемы беларускага інтэрнэту, а толькі стварае новыя перашкоды на шляху развіцця. Уводзяцца бессэнсоўныя працэдуры і правілы, якія, па агульным настроі інтэрнэтчыкаў, закліканыя толькі «закруціць гайкі» і павялічыць кошт выхаду любога бізнэсу ў анлайн. У нашай краіне няма 1,5 млрд жыхароў, мы не можам замкнуць нацыянальны сегмент сеткі толькі на сабе і шанцаў у беларускага анлайн-бізнэсу перад абліччам суседзяў у такіх умовах няшмат.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках