29 снежня 2024, Нядзеля, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку адмовілі ў Маскве ў «кавалку хлеба»? (Відэа)

84
Лукашэнку адмовілі ў Маскве ў «кавалку хлеба»? (Відэа)

Нават са скупога афіцыйнага паведамлення пра сустрэчу Мядзведзева з Лукашэнкам, якая прайшла ўвечары 11 чэрвеня, відавочна, што паміж Расеяй і Беларуссю захоўваюцца рознагалоссі.

11 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Дзмітрыем Мядзведзевым, прэм'ер-міністрам Уладзімірам Пуціным, а таксама наведаў Усерасейскі навукова-даследчы інстытут электрамеханікі (УНДІЭМ).

Афіцыйна пра вынікі перамоваў не паведамляецца. Падаецца толькі стэнаграма пачатку сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, распаўсюджаная прэс-службай урада Расеі:

У.У.Пуцін: Аляксандр Рыгоравіч! Пакуль Вы вячэралі з Дзмітрыем Анатолевічам, я паспеў...

А.Р.Лукашэнка: Ды нічога не накармілі...

У.У.Пуцін: ...спортам пазаймацца.

А.Р.Лукашэнка: Вячэралі?! Я прыехаў, думаў, хоць дасцё кавалак хлеба паесці...

У.У.Пуцін: Ужо паплаваў, схадзіў у спартыўную залу.

А.Р.Лукашэнка: Я таксама паплаваў, але да сустрэчы з Дзмітрыем Анатолевічам. Але Вы не загаворвайце, вячэра за Вамі!

В.В.Пуцін: Ды добра.

А.Р.Лукашэнка: Ці Вы не ясцё так позна?

У.У.Пуцін: Ем у любы час сутак.

А.Р.Лукашэнка: Я жартую.

У.У.Пуцін: Аляксандр Рыгоравіч! Мы вельмі рады Вас бачыць. Тым больш у сувязі з нашым святам. Дзякуй вялікі, што Вы прыехалі, прынялі нашае запрашэнне. Зразумела, будзе магчымасць паразмаўляць і па бягучых справах.

А.Р.Лукашэнка: Абсалютна.

У.У.Пуцін: У блізкіх суседзяў, у такіх саюзных дзяржаваў, як нашыя, заўсёды шмат...

А.Р.Лукашэнка: Мы толькі што з прэзідэнтам Расеі абмеркавалі шэраг пытанняў. Я сказаў, што паеду да Уладзіміра Уладзіміравіча. Я падрабязна ўсё распавяду, як мы тут вельмі бурна абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Але паколькі, кажу, ён воўк ужо біты, таму мы хутчэй з ім абмяркуем тыя пытанні, якія ёсьць і засталіся. Я сапраўды вельмі рады пабываць у Вас дома ізноў. Узгадваю некаторыя сцяжынкі, па якіх мы ездзілі на Вашым аўтамабілі тут, на электрамабілі. Таму я сапраўды з вялікім задавальненнем кажу дзякуй, што запрасілі да сябе. І па справе паразмаўляем, ну і, напэўна, мы ўжо даўно з Вамі не бачыліся, нам ёсць пра што паразмаўляць.

Дзмітры Мядзведзеў таксама напачатку сустрэчы прапанаваў Лукашэнку «паразмаўляць пра тое, што нам замінае... ці існуюць невырашальныя супярэчнасці, ці яны ўсёткі могуць быць намі ўрэгуляваныя». А замінае вось што: Менск прапанаваў Маскве падзяляцца прыбыткамі ад экспарту расейскай нафты і нафтапрадуктаў, якія ідуць праз Беларусь у трэція краіны. Як вынікае з праекта адказу Уладзіміра Пуціна беларускаму прэм'еру Сяргею Сідорскаму, які апынуўся ў распараджэнні расейскай дзелавой газеты «Маркер», Расеі гэта ідэя зусім не падабаецца.

Прапановы беларусаў і рэакцыя расейскіх ведамстваў

Міністр энергетыкі РФ Сяргей Шматко ў канцы траўня паляцеў у камандзіроўку на Саяна-Шушэнскую ГЭС, а выканаўцам яго абавязкаў на працягу 31 траўня і 1 чэрвеня быў прызначаны намміністра Андрэй Шышкін. Ён і падпісаў заключэнне Мінэнерга і іншых ведамстваў - ФСТ, Мінэканамразвіцця, Мінфін, «Расатам», «Транснафта», «Інтэр РАТ АЭС» на прапановы Сяргея Сідорскага, якія той перадаў расейскаму ўраду яшчэ 7 красавіка. Дакумент, які падрыхтаваў 1 чэрвеня Шышкін, адрасаваны куратару ПЭК ва ўрадзе, віцэ-прэм'еру Ігару Сечыну.

Асноўных прапановаў беларускага боку было дзве - старая і новая. Старая: нафта і нафтапрадукты, якія вывозяцца з Расеі ў Беларусь, не павінны абкладацца экспартнай пошлінай. Новая: пошліна пры экспарце расейскай нафты і нафтапрадуктаў, якія вывозяцца праз Беларусь у трэція краіны, павінны размяркоўвацца паміж Расеяй і Беларуссю.

Па сутнасці, гэта была прапанова расейскаму бюджэту проста падзяліцца сваімі нафтавымі прыбыткамі з бюджэтам беларускім. Рэакцыя расейскага Мінфіна, як вынікае з запіскі Шышкіна Сечыну, была жорсткай і адназначнай: экспартная нафтавая пошліна наогул «не можа быць прадметам размеркавання паміж бюджэтамі бакоў», а павінна цалкам паступаць у расейскую казну. Мінфін пайшоў нават далей: калі на тэрыторыі Беларусі перапрацоўваецца расейская нафтавая сыравіна, нафта сырая, мазут, вакуумны газойль, дызельныя фракцыі і Расея цалкам аплаціла гэтую паслугу, дык пры экспарце атрыманых нафтапрадуктаў уся пошліна таксама павінна ісці Расеі.

Мінэканамразвіцця дадало з'едлівасці. Як мяркуюць у ведамстве Эльвіры Набіўлінай, беларусы прапанавалі Расеі, па сутнасці, «роўны доступ гаспадарчых суб'ектаў да прыродных рэсурсаў». А дзве канкрэтныя схемы спагнання экспартнай пошліны з далейшым падзелам паміж бюджэтамі Расеі і Беларусі, якія прапанаваў беларускі прэм'ер Сідорскі, Мінэканамразвіцця проста ахарактарызавала як супярэчныя расейскаму заканадаўству (адзін тавар абкладаецца пошлінай па стаўках іншага і да т. п.).

Мінэнерга, натуральна, падтрымала калегаў.

Рэакцыя Сечына

Як стала вядома «Маркеру», літаральна на наступны дзень пасля таго, як Сяргей Сідорскі перадаў свае прапановы расейскаму ўраду, 8 красавіка, віцэ-прэм'ер Ігар Сечын атрымаў ад свайго беларускага калегі віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі запрашэнне наведаць Беларусь для «вырашэння неўрэгуляваных пытанняў». Але прывабіць Сечына на сепаратныя перамовы ў беларусаў не атрымалася - Ігар Іванавіч ехаць у Менск адмовіўся.

Той жа Андрэй Шышкін з Мінэнерга падрыхтаваў да 1 чэрвеня адказ Сечына Сямашку, які пачынаўся словамі: «Паважаны Уладзімір Ілліч! ... Перш чым прыняць запрашэнне наведаць Рэспубліку Беларусь для вырашэння неўрэгуляваных пытанняў у паліўна-энергетычнай сферы, мяркую мэтазгодным экспертам бакоў працягнуць працу па іх урэгуляванні. Пасля чаго, у выпадку неабходнасці, гатовы наведаць Рэспубліку Беларусь для прыняцця ўзаемавыгадных рашэнняў».

Таксама ў лісце пазначаецца, што на ўсе пытанні, якія паставіў перад расейскім урадам Сяргей Сідорскі, ён атрымае адказ на адпаведным узроўні - ад прэм'ера Уладзіміра Пуціна.

Рэакцыя Пуціна

Хаця праект адказу Пуціна Сідорскаму і вытрыманы ў ветлівых фармулёўках, цяжка адчапіцца ад думкі, што яго аўтары ледзь стрымлівалі раздражненне дзеяннямі беларускага боку, які вырашыў памяняць правілы гульні па ходзе самой гульні.

«Як Вам вядома, - кажацца ў лісце, - пытанні паставак нафты ў Рэспубліку Беларусь урэгуляваныя падпісаным міжурадавым Пратаколам ад 27 студзеня 2010 г. ... дзеянне якога распаўсюджваецца на перыяд да 31 снежня 2010 г. У гэтай сувязі лічым залішнім падрыхтоўку аналагічных дакументаў у гэтай сферы».

«Прапанаваныя Вамі варыянты, - працягваецца тэкст, - ... не задавальняюць расейскі бок з прычынаў, якія ўжо выкладаліся ў лісце Прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Дз. А. Мядзведзева ад 12 сакавіка 2010 г. на імя А. Р. Лукашэнкі».

Далей у лісце Пуціна Сідорскаму ў сціслым выглядзе паўтараюцца довады расейскіх ведамстваў, прыведзеныя ў запісцы Шышкіна Сечіну. Так што не варта здзіўляцца скупасці і стрыманасці афіцыйнага камюніке па выніках учорашняй сустрэчы Мядзведзева з Лукашэнкам. Да згоды ў пытанні пра нафтавыя даходы бакам яшчэ далёка.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках