9 лiстапада 2024, Субота, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: «Галоўная стратэгія і пункт пералому – выхад людзей на плошчу»

53
Віктар Івашкевіч: «Галоўная стратэгія і пункт пералому – выхад людзей на плошчу»

Кожны кандыдат у прэзідэнты павінен даводзіць да беларусаў інфармацыю пра неабходнасць выходзіць у дзень выбараў на вуліцу.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў старшыня Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

-- Віктар, на апошнім Сойме Партыі БНФ вы абвясцілі пра падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, тым самым адмовіўшыся працаваць на партыйнага кандыдата Рыгора Кастусёва. Чым выкліканае такое рашэнне?

-- Я доўга чакаў, што Беларускі Народны Фронт сур'ёзна паставіцца да пытання кандыдата ў прэзідэнты ці падтрымае іншага перспектыўнага кандыдата, які б не ішоў на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, а ставіў сваёй за мэту – перамагчы гэты рэжым. Але ў апошні год кіраўніцтва Партыі БНФ галоўным чынам займалася ўнутранай барацьбой за фармальную ўладу ў партыі, што мне было не цікава. Я спадзяваўся, што гэта скончыцца, і пачнецца рэальная праца, але гэтая «мышыная валтузня» працягвалася.

Я і раней вылучаў Андрэя Саннікава сярод усіх апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, яго пазіцыя як у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, так у дачыненні да будучыні Беларусі, была мне найбольш блізкая. Калі ж з-за гэтай унутрапартыйнай барацьбы сталі выключаць з БНФ годных людзей, я заявіў: хопіць, трэба займацца рэальнай барацьбой з дыктатурай. На мой погляд, толькі каманда Саннікава не займаецца кулуарнай валтузнёй. І на Сойме я заклікаў усіх, каму надакучылі гэтыя разборкі, хто хоча рэальна займацца палітыкай, хто хоча прынесці карысць Беларусі, спыніць удзел у гэтых палітычных сварках і далучыцца да кампаніі Андрэя Саннікава.

-- Дарэчы, чаму з партыі выключылі лепшую моладзь? Актыўных, перспектыўных, якія цярпелі жорсткія рэпрэсіі з боку ўладаў?

-- Выключэнне Франака Вячоркі і яго каманды выкліканае якраз тым, што ён актыўны, перспектыўны і ў прынцыпе рэальна мог бы прэтэндаваць на лідэрства ў БНФ праз нейкі час. Гэта галоўнае, што турбуе сёння тых, хто займаецца разборкамі. А калі ў іх пытаешся, а рабіць та што будзем з рэжымам, іх гэта на дадзены момант не цікавіць.

-- Апошнія крокі кіраўніцтва Партыі БНФ шмат каго расчаравалі. Загаварылі нават пра пачатак канца Фронту.

-- Я спадзяюся, што гэта пачатак канца таго Фронту, які ён ёсць зараз. І спадзяюся, што гэта пачатак Фронту, які павінен быць палітычнай арганізацыяй людзей, якія выступаюць за незалежнасць, дэмакратыю і еўрапейскі выбар Беларусі. БНФ ці аздаравіцца, ці паўстане новае аб'яднанне. Думаю, што такая арганізацыя аформіцца пасля прэзідэнцкай кампаніі і ў выніку яе. Я хацеў бы, каб тыя людзі, якія сёння ў БНФ, склалі касцяк гэтай новай палітычнай сілы. Арганізацыя, якая выканае тыя задачы, якія Фронт выканаў напачатку 90-х гадоў, усё адно будзе створаная.

-- Як шмат вашых аднапартыйцаў гатовыя сёння працаваць на найбольш перспектыўнага кандыдата ў прэзідэнты?

- Палова Фронту на апошнім з'ездзе, дзе абіралася новае кіраўніцтва партыі, прагаласавала супраць падтрымкі кандыдата Мілінкевіча, у сувязі з тым, што яго палітыка – палітыка супрацоўніцтва з рэжымам. Агульны сход сябраў Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ таксама прыняў пераважнай большасцю такое рашэнне. Таму думаю, што значная частка тых людзей, якія не хочуць падтрымліваць Мілінкевіча, усёткі не зоймуць пазіцыю тых, хто сядзіць па хатах, а стануць суб'ектамі палітыкі і будуць рэальна ўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Гэтыя людзі могуць падтрымаць Андрэя Саннікава, як кандыдата, які блізкі ім па поглядах.

-- Як вы ацэньваеце той факт, што сёння кожная партыя імкнецца вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты?

-- Пачалася такая мода - вылучаць кандыдатаў для гандлю. Маўляў, мы вылучым кандыдата, тым самым увойдзем у «кола паважаных людзей», якія абмяркоўваюць, хто з іх можа быць адзіным і можа быць той, хто рэальна апынецца найбольш моцным, возьме да сябе ў каманду астатніх. Такая палітыка можа мець месца як папярэдні працэс. Галоўнае, каб гэтыя каманды і гэтыя кандыдаты рэальна хацелі дамовіцца пра сумесныя дзеянні, накіраваных не адзін супраць аднаго, а супраць рэжыму.

-- І якімі павінны быць сумесныя дзеянні кандыдатаў?

-- Ёсць аб'ектыўная рэальнасць: выбары, у якіх будзе браць удзел Лукашэнка – гэта не выбары. Сам працэс галасавання для вынікаў не будзе мець ніякага значэння. Лукашэнка абвесціць тыя лічбы, якія палічыць патрэбнымі. Галоўнае - давесці падчас агітацыйнай кампаніі да людзей, што рэжым Лукашэнкі зноў хоча іх падмануць.

Другі этап – неабходна заклікаць людзей выходзіць на плошчу ў дзень галасавання з тым, каб патрабаваць правядзення сумленных выбараў і сумленнага падліку галасоў. Людзі павінны аказаць ціск на ўладу, запатрабаваць няўдзелу Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах. Правядзенне выбараў без Лукашэнкі – гэта і будзе канец яго рэжыму. Так што галоўная стратэгія, ключ да ўсяго, пункт пералому – выхад людзей на плошчу. І ў гэтым сэнсе кожны кандыдат павінен зрабіць свой унёсак у агітацыю людзей і давядзенне да людзей інфармацыі пра неабходнасць выходзіць на плошчу.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках