12 лiстапада 2024, aўторак, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сайт Knihi.net узялі ў апрацоўку

19

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, а таксама падатковыя службы правяраюць інтэрнэт-рэсурс Knihi.net.

У ДФР і падатковыя інспекцыі выклікаюць тых, хто заказваў кнігі ці іншую прадукцыю, пададзеную на сайце, пішуць «Беларускія навіны».

«Удакладнялі, навошта я год таму перавяла 100 тыс. беларускіх рублёў на рахунак нейкага Яўдахі Аляксандра Анатолевіча, — піша ў сваім блогу жж-юзэр rahnieda-m. — Я не адразу ўзгадала, што якраз тады аплачвала замову, зробленую ў інтэрнэт-краме Knihi.net».

Калі выкліканая спытала, няўжо запрашаюць і распытваюць усіх, хто там кнігі замаўляў, інспектар кіўнуў на «таўшчэзны стос паперы», дзе запісаныя ўсе, хто штосьці замаўляў на гэтым сайце: прозвішча, імя, імя па бацьку, адрасы, пашпартныя нумары, сумы і даты выплатаў…

Як высветлілася, ДФР «шарсціць» ужо не толькі па сталіцы, але і па іншых гарадах Беларусі.

«Следчы Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Магілёўскай вобласці па прозвішчы Сакалоў дапытаў мяне адносна Яўдахі і сайта Knihi.net, — распавёў жыхар Магілёва Алесь Асіпцоў, які пабыў учора на сустрэчы. — Ён цікавіўся, ці ведаю я Аляксандра Яўдаху, як мы пазнаёміліся, наколькі рэгулярна камунікуем, ці замаўляў я ў яго кнігі праз сайт knihi.net, ці замаўляю я наогул кнігі праз інтэрнэт. Відаць, засумяваўшыся ў сумленнасці майго адказу на пытанне «Ці ведаеце вы Аляксандра Яўдаху?», следчы прад'явіў мне квіток аплаты накладнога плацяжу за літаратуру, якую я замаўляў праз Яўдаху…»

Па словах А.Асіпцова, і само запрашэнне ў ДФР, і «гутарка» са следчым былі вельмі карэктныя.

«Следчы, малады чалавек гадоў да 25, патэлефанаваў мне з просьбай з'явіцца ў Дэпартамент на наступны дзень, — падзяліўся. А.Асіпцоў. — Калі я сказаў, што мне зручней прыйсці адразу зараз, ён нават узрадаваўся. Размова была цалкам карэктнай і спакойнай».

Нягледзячы на ўсю добразычлівасць сустрэчы, А.Асіпцову асабліва не тлумачылі, з нагоды чаго яго выклікалі.

«Яшчэ калі мяне запрашалі па тэлефоне, я пацікавіўся, з чым гэта звязана — мне адказалі, што з Менска прыйшоў спіс людзей, якіх трэба дапытаць як сведак па гэтай справе, — патлумачыў А.Асіпцоў. — Больш мне нічога не тлумачылі.

Дарэчы, на стале ў следчага ляжаў, мабыць, гэты самы спіс — аркушык фармату А4 з набранымі невялікім шрыфтам прозвішчамі і імёнамі. Насупраць большасці з іх ужо стаялі плюсікі…»

Аляксандр Яўдаха, які займаўся перасылкай кнігаў замоўнікам сайта, у курсе падзеяў, якія адбываюцца — ён і сам ужо паспеў пазнаёміцца з падаткавікамі.

Паводле яго словаў, пра тое, што цікавасць падатковай і ДФР звязаныя нейкім чынам з указам № 60 ці пастановай Саўміна № 649, якія ставяць за мэту адрэгуляваць плынь інфармацыі і камерцыі ў беларускай інтэрнэт-прасторы, гаворкі не ішло.

Яўдаху абвінавачваюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.«Пачалося ўсё яшчэ ў лютым, — распавёў «Беларускім навінам» А.Яўдаха. — Тады да мяне звярнуліся незнаёмыя замоўнікі з просьбай знайсці кнігу «Маладафронтаўцы». Як потым высветлілася, гэта была кантрольная закупка падатковай інспекцыі. Мяне выклікалі ў падатковую інспекцыю па Кастрычніцкім раёне Менска. Там мне сказалі, што мне інкрымінуюць заняццё незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Крыху пазней мне сталі вядомыя гісторыі і замоўцаў, якіх выклікалі і ў падатковую, і ў ДФР. Крыніцамі для іх пошуку сталі паштовыя пераводы на маё імя…»

Тым часам, паводле афіцыйна непацверджанай інфармацыі, менавіта кніга «Маладафронтаўцы» прыцягнула ўвагу чыноўнікаў да Knihi.net. Вось толькі былі гэта першапачаткова не падатковыя службы, а КДБ. Кажуць, што з-за гэтай «забароненай кнігі» сайтам зацікавіўся Камітэт дзяржбяспекі, які пасля праведзенай працы па зборы інфармацыі перадаручыў «пакараць» нядобранадзейны рэсурс падаткавікам і фінансавым следчым. Аднак ні сам А.Яўдаха, ні прадстаўнікі падатковай гэту інфармацыю каментаваць не ўзяліся…

У адным А.Яўдаха ўпэўнены — ніякай прадпрымальніцкай дзейнасцю ў яго выпадку і не пахне.

«За што купляў, за тое і перасылаў замовы, — патлумачыў ён. — І ніякай камерцыйнай выгады ад гэтага я не атрымліваў. З самага пачатку Knihi.net быў грамадзянскай ініцыятывай, можна сказаць, блогам. Сваёй мэтай мы ставім папулярызацыю і распаўсюд беларускай культуры, а зусім не заробак ці ж падрыў і нейкую шкоду дзяржаўнасці».

На дадзены момант — да высвятлення сітуацыі — дзейнасць рэсурсу па прыёме і ажыццяўленні замоваў прыпыненая. Зрэшты, па словах, А.Яўдахі, хутчэй за ўсё, Knihi.net ці спыніць сваю «замоўную» дзейнасць, застаўшыся толькі інфармацыйнай платформай, ці зусім знікне.

«Пакуль яшчэ невядома, як гэта ўсё паўплывае на сайт і на мяне асабіста, — прызнаўся А.Яўдаха. — Не ведаю, ці заведзеная справа, ці ідзе расследаванне. Усё, што мне сказалі ў падатковай, куды я сам патэлефанаваў, гэта тое, што зараз ідзе апытанне людзей-замоўнікаў. Па выніках будуць прымацца рашэнні адносна далейшых дзеянняў…»

Тым не менш, А.Яўдаха супакоіў замоўнікаў Knihi.net — гаворкі пра тое, каб штосьці пагражала ім, не ідзе.

«Паколькі і справа яшчэ не завершаная, і вы не маеце ніякага дачынення да яе, афіцыйных звестак вы не атрымаеце, — заявіў «Беларускім навінам» супрацоўнік аддзела рэйдавых праверак Інспекцыі МНС па Кастрычніцкім раёне Менска. — Але магу заўважыць, што Яўдаха можа казаць усё, што заўгодна, але насамрэч ён выдатна ведае, што і чаму адбываецца.

Калі б не было парушэнняў, дык ні яго, нікога іншага ніхто б нікуды не выклікаў. Зараз справа перададзеная ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Тэарэтычна Яўдахе свеціць крымінальны артыкул за вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі з атрыманнем прыбыткаў у асабліва буйных памерах.

Па-першае, мы ўжо высветлілі, ці атрымліваў ён выручку з гэтага занятку ці не. Ну як чалавек можа некалькі гадоў займацца продажам тавараў і не зарабляць на тым? А жыў ён за што?

А па-другое, нават калі ніякага заробку не было, дык, паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, у якасці прыбытку разглядаецца ўся выручка з таваразвароту. У заўвазе да артыкула 12.7 кодэкса сказана: «Пад даходам ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў гэтым артыкуле і артыкуле 12.39 гэтага Кодэкса варта разумець усю суму выручкі ў грашовай ці натуральнай форме без уліку выдаткаў на яе атрыманне. Даход, атрыманы ў натуральнай форме, падлягае вызначэнню ў грашовым выражэнні». А ў выпадку атрымання прыбытку, прадпрымальнік павінен быць зарэгістраваны».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках