8 лiстапада 2024, Пятніца, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Газ перакрыты

142
Газ перакрыты

З 9:00 21 чэрвеня Расея ўвяла рэжым абмежавання паставак газу ў Беларусь на 15% з наступным павелічэннем гэтага аб'ёму да 85%.

Заява кіраўніка «Газпрама» Аляксея Мілера была паказаная ў ранішнім выпуску навінаў тэлеканала НТВ.

«Скончыўся адведзены тэрмін - пяць дзён, які быў дадзены беларускаму боку для ўрэгулявання пытанняў запазычанасці за пастаўку расейскага газу», - сказаў Мілер.

«Запазычанасць не пагашаная, і з 10 гадзінаў раніцы маскоўскага часу 21 чэрвеня 2010 года ўводзіцца рэжым абмежавання пастаўкі расейскага газу ў Рэспубліку Беларусь на 15% ад аб'ёмаў планавай сутачнай пастаўкі газу з паступовым выхадам на ўзровень абмежавання да 85%, прапарцыйна запазычанасці», - заявіў кіраўнік Газпрама.

Нагадаем, што прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў даручыў «Газпраму» распачаць абмежаванні паставак газу Беларусі, працягваючы пры гэтым кансультацыі з Менскам па ўрэгуляванні доўгу.

Падчас працоўнай сустрэчы са старшынём праўлення «Газпрама» Аляксеем Мілерам кіраўнік дзяржавы прапанаваў яму дакласці, «як ідзе праца па перамовах з Беларуссю ў дачыненні да доўгу за пастаўкі газу і якія вынікі гэтых перамоваў», паведамляе РІА «Новости».

«Беларусь прызнае доўг за газ, але прапаноўвае аплату зрабіць машынамі, абсталяваннем і рознымі іншымі таварамі», - сказаў Мілер. Такім чынам, канстатаваў ён, перамовы скончыліся нічым.

Беларусь з пачатку 2010 года плаціць Расеі за газ не па кантракце, а па вызначаным ёю ў аднабаковым парадку кошце, у выніку чаго ўжо запазычылася каля 200 мільёнаў даляраў.

Мядзведзеў падкрэсліў, што ў адпаведнасці з расейскім заканадаўствам замежныя плацяжы могуць прымацца толькі ў замежнай валюце, інакш гэта супярэчыць закону. «Газпрам» нічым не можа прымаць аплату за доўг - ні пірагамі, ні маслам, ні сырам, ні іншымі сродкамі плацяжоў», - сказаў ён.

Мядзведзеў прапанаваў працягнуць перамовы, але канстатаваў, што «відавочна, «Газпраму» давядзецца прымаць нейкія рашэнні». «Што прапануе ў сувязі з гэтым зрабіць «Газпрам»?» - задаў пытанне прэзідэнт Расеі.

«У адпаведнасці з кантрактам «Газпрам» павінен ўвесці абмежаванне паставак газу прапарцыйна аб'ёму доўга», - адказаў Мілер.

«З якога часу? Верагодна, гэта будзе ў бліжэйшы час», - адзначыў прэзідэнт.

Мілер удакладніў, што «Газпрам» будзе рабіць гэтыя крокі «з раніцы сённяшняга дня».

«Распачынайце тады адпаведную працэдуру, захоўваючы узаемадзеянне з беларускімі партнёрамі і прымушаючы іх да выканання дамовы і ў адпаведнасці з тымі правіламі, якія існуюць у «Газпрама» з іншымі контрагентамі», - сказаў Мядзведзеў.

Ён адзначыў, што неабходна «увесці ў дзеянне рашэнне «Газпрама» з апавяшчэннем нашых контрагентаў пра гэтыя рашэнні». «З контрагентамі, якія так ці інакш звязаныя з гэтымі крокамі. А з Беларуссю працягнуць кансультацыі ў адпаведнасці з тымі ўмовамі, якія мы з імі ўзгаднілі», - сказаў прэзідэнт.

Раней паведамлялася, што «Газпрам» у панядзелак у 9.00 па менскім часе можа скараціць пастаўкі газу ў Беларусь на 85% з-за доўгу ў 200 мільёнаў даляраў за раней пастаўленае «блакітнае паліва». У нядзелю Менск прыгразіў Маскве праблемамі з транзітам, а затым накіраваў у РФ дэлегацыю, якая паспрабуе ўрэгуляваць спрэчку.

Кантрактны кошт паставак газу ў Беларусь складае 169 даляраў за тысячу кубаметраў, аднак Беларусь пакуль плаціць 150 даляраў, з-за чаго ўзнікла запазычанасць, дасягнула да 1 траўня гэтага года 192 мільёнаў даляраў. Паводле ацэнкі «Газпрама», доўг «Белтрансгаза» можа вырасці да канца года да 500-600 мільёнаў даляраў з-за разлікаў па кошце ніжэй за кантрактны.

Напісаць каментар 142

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках