9 лiстапада 2024, Субота, 1:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайна працягваецца: «Газпрам» абмежаваў пастаўкі газу на 30%

54
Вайна працягваецца: «Газпрам» абмежаваў пастаўкі газу на 30%

Беларусь так і не заплаціла за расейскі газ – і яго пастаўкі былі зноў абмежаваныя раніцай у аўторак.

«Газпрам» у аўторак давёў абмежаванні ў пастаўках газу Беларусі за даўгі да 30% ад плану, паведаміў кіраўнік газавага холдынгу Аляксей Мілер.

«За мінулыя суткі Беларусь не зрабіла ніякіх дзеянняў для пагашэння запазычанасці за пастаўкі расейскага газу, і з 10 гадзінаў раніцы 22 чэрвеня ўводзіцца абмежаванне на планавыя аб'ёмы паставак у Рэспубліку Беларусь на 30%», - сказаў Мілер на нарадзе аператыўнага штаба па сітуацыі з пастаўкамі газу ў Беларусь.

На працягу панядзелку тэма беларускага доўгу за газ і сустрэчных санкцыяў з боку «Газпрама» атрымала развіццё, аднак пакуль бакі не наблізіліся да дасягнення пагаднення. Каментуючы сітуацыю з абмежаваннем паставак газу з РФ, якое распачалося раніцай у панядзелак, першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што яго краіна разлічыцца з даўгамі на працягу двух тыдняў. Паводле яго словаў, беларускі бок не хавае наяўнасці складанасцяў з валютай - яму неабходна ўвайсці ў рэжым рэальнага часу і аплачваць газ.

Аднак «Газпрам» заяўленыя Сямашкам тэрміны не задавальняюць. Афіцыйны прадстаўнік манаполіі Сяргей Купрыянаў паведаміў, што два тыдні холдынг чакаць не мае намеру.

У панядзелак «Газпрам» абмежаваў пастаўкі газу Беларусі на 15%. У далейшым гэтыя абмежаванні плануецца давесці да ўзроўня, які адпавядае запазычанасці, гэта значыць да 85%.

Кантрактны кошт расейскага газу для Беларусі зараз, у другім квартале, складае 184,8 даляра за тысячу кубаметраў. У першым квартале бягучага года ён знаходзіўся на ўзроўні 169,2 даляра, у трэцім вырасце да 193-194 даляры, у сярэднім па годзе чакаецца 187 даляраў.

Беларусь з пачатку 2010 года плаціць Расеі за газ не па кантракце, а па ўсталяваным ёй ў аднабаковым парадку кошце - 150 даляраў, у выніку чаго ўжо запазычылася каля 200 мільёнаў даляраў. Расейскі бок загадзя папярэдзіў беларускі, што ў выпадку неўрэгулявання сітуацыі з аплатай 21 чэрвеня пастаўкі могуць быць абмежаваныя. Беларусь запазычанасць за газ не пагасіла, і «Газпрам» у 10.00 мск панядзелку пачаў абмяжоўваць пастаўкі газу.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках