12 лiстапада 2024, aўторак, 23:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белтэлекам» адкупіўся 50% зніжкай. Манаполія застаецца

17

Для перамоваў Мінсувязі і «Белтэлекам» выбралі правайдэраў, якім паабяцалі знізіць кошты.

Як піша сайт Electroname.com, 22 чэрвеня гендырэктар «Белтэлекама» Канстанцін Цікар, нехта Андрэй Нарэйка і нехта Сяргей Коўган падпісалі Пагадненне аб намерах, якім вызначылі «узгодненыя пазіцыі бакоў па асноўных накірунках супрацоўніцтва і меры па рэалізацыі гэтых накірункаў». Гаворка ідзе пра кошты на доступ у інтэрнэт з гарантаванай паласой прапускання для аператараў электрасувязі. «Белтэлекам» паабяцаў знізіць кошт на канал (для ўсіх аператараў) на 50% у ліпені, і яшчэ раз на 50% - у лістападзе. Калі паспрабаваць каротка перадаць сутнасць пагаднення, дык гэта вельмі падобна на «коштавую змову».

У пагадненні бакі «абавязваюцца выконваць правілы вядзення сумленнай канкурэнтнай барацьбы на рынку Беларусі і пазбягаць коштавага дэмпінгу, як інструмента ў сваёй дзейнасці». У выпадку парушэння правілаў вядзення «сумленнай канкурэнтнай барацьбы на рынку і прымянення коштавага дэмпінгу, любы з бакоў можа ініцыяваць працэс перамоваў па факце парушэння, альбо іншых пытаннях». Бакі абавязваюцца ў пятнаццацідзённы тэрмін правесці перамовы і прыйсці да пагаднення.

Крымінальны кодэкс Беларусі так апісвае падобную сітуацыю: Артыкул 245. Усталяванне ці падтрыманне манапольны коштаў «Усталяванне ці падтрыманне манапольных коштаў шляхам змовы індывідуальных прадпрымальнікаў ці службовых асобаў, юрыдычных асобаў аб дзейнасці на сумесным рынку - караюцца штрафам ... ці абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў».

А хто ўсе гэтыя людзі? Андрэй Нарэйка прадстаўляе асацыяцыю «Белінфаком», у якую ўваходзяць ўсяго чатыры інтэрнэт-правайдэры («Атлант Тэлекам», «Анітэкс», «Айчына плюс» і «Аб'яднаныя сеткі»), а Сяргей Коўган - «Тэлекамунікацыйны галіновы саюз», у якім знаходзяцца кабельныя тэлевізійныя аператары, з іх, мабыць, толькі «Космас-ТВ» можна сур'ёзна называць інтэрнэт-правайдэрам. Іншымі словамі, для перамоваў Мінсувязі і «Белтэлекам» выбралі пяцёрку правайдэраў, якім паабяцалі знізіць кошты і падпісалі з імі дамову, а набліжаныя правайдэры з радасцю пагадзіліся. Пры гэтым меркаванне астатніх удзельнікаў рынку асабліва нікога не хвалюе.

Усе задаволеныя. Мінсувязі можа даць справаздачу перад урадам аб урэгуляванні канфлікту паміж «Белтэлекамам» і прыватнымі інтэрнэт-правайдэрамі, «Белтэлекам» захоўвае манаполію на ўсё, штрэйкбрэхеры - профіт і добры настрой. У прыватных інтэрнэт-правайдэраў зноў няма ніякіх гарантыяў. Гэты «дурны сон» працягваецца не першы год. Размовы пра рэфармаванне галіны і ліквідацыю манапольнага становішча «Белтэлекама» доўжацца больш за дзесяць гадоў!

Кіраўніцтва Мінсувязі ў чарговы раз даказала, што не з'яўляецца незалежным рэгулятарам галіны, а адстойвае інтарэсы толькі аднаго прадпрыемства, самастойна само па сабе яно рэфармаваць не толькі не жадае, але і не здольнае, і адзіным рашэннем, якое дазволіць зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі можа быць «хірургічнае ўмяшанне» - перадача функцыі рэгулятара рынку незалежнаму інстытуту. Будзе гэта Мінэканомікі, антыманапольнае ведамства, адміністрацыя прэзідэнта ці грамадская арганізацыя не так важна. Галоўнае, каб кошт на знешні канал быў аднолькавы для ўсіх аператараў, уключаючы «Белтэлекам». Толькі ў гэтай сітуацыі галіна зможа нармальна развівацца, прыцягваць інвестыцыі, прапаноўваць перадавыя тэхналогіі, а канчатковы спажывец атрымае якасную паслугу па справядлівым кошце.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках