17 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы: Сітуацыя ў Беларусі - рэальная праблема

10
Кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы: Сітуацыя ў Беларусі - рэальная праблема

Яраслаў Качыньскі і Браніслаў Камароўскі падчас дэбатаў прыйшлі да разумення неабходнасці вырашаць беларускае пытанне як мага хутчэй.

Учора ўвечары ў Польшчы прайшлі тэлевізійныя дэбаты, падчас якіх упершыню за час гэтай выбарчай кампаніі твар у твар сустрэліся Яраслаў Качыньскі і Браніслаў Камароўскі, два кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы, якія прайшлі ў другі тур. Пытанні кандыдатам задавалі журналісты, і яны датычыліся трох абласцей: сацыяльнай, эканамічнай і знешняй палітыкі.

Адно з пытанняў, на якое павінны былі адказаць на працягу трох хвілін Качыньскі і Камароўскі, датычылася палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Журналісты нагадалі, што ў Беларусі жыве, паводле афіцыйных дадзеных, 400 тысяч палякаў, а рэжым Лукашэнкі іх пераследуе. Якую палітыку ў гэтай сітуацыі выбраў бы новы прэзідэнт у дачыненні да беларускага рэжыму: палітыку перамоваў, візіт на ўрадавым узроўні або палітыку ізаляцыі і санкцый?

Першым на пытанне адказваў Яраслаў Качыньскі, які падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі - гэта сур'ёзная праблема, бо былі ўжо спробы правядзення і той, і іншай палітыкі, і абедзьве яны не прынеслі значных вынікаў.

«Тут неабходная пэўная камбінацыя гэтых двух метадаў, - заявіў Качыньскі, - Але ні ў якім разе нельга прымаць рашэнні, якія маглі б стварыць ўражанне, што жорсткасць з боку ўладаў Беларусі ўспрымаецца палякамі як эфектыўная форма ціску». Качыньскі дадаў, што занепакоены тым, што Анжаліка Борыс сышла з пасады старшыні Саюза палякаў Беларусі.

Былы прэм'ер-міністр Польшчы заявіў: «Я ведаю, што з рэжымамі такога тыпу, як рэжым Лукашэнкі, размова толькі тады мае сэнс, калі ў наяўнасці ёсць і аргументы ціску, і рознага роду стымулы. Партыя «Права і справядлівасць» праводзіла менавіта такую палітыку. І мы вялі неафіцыйна, цалкам неафіцыйна, перамовы з некаторымі прадстаўнікамі гэтага рэжыму».

Качыньскі падкрэсліў, што польскія ўлады павінны абараняць палякаў за мяжой, а ў дадзены момант менавіта палякі ў Беларусі патрабуюць як мага больш шырокай абароны і любы прэзідэнт павінен гэтым займацца.

У заключэнне Яраслаў Качыньскі заявіў: «Гэта пытанне, пра якое варта таксама размаўляць з Масквой, і калі ў нас тут будзе прэзідэнт Мядзведзеў, а я буду прэзідэнтам, то я абавязкова пастаўлю гэтае пытанне. Паколькі, хаця Беларусь і з'яўляецца асобнай дзяржавай, аднак пагутарыць на гэтую тэму можна».

Браніслаў Камароўскі тут жа адрэагаваў на апошнія словы свайго саперніка. «Гэта беспрэцэдэнтная ідэя размаўляць з Масквой пра Беларусь. Я абсалютна з гэтым не згодны. Гэта цалкам супярэчыць польскім інтарэсам і гэта наогул непрымальна ў міжнароднай палітыцы. Гэта тое самае, калі б беларусы збіраліся размаўляць аб праблемах Польшчы з Масквой ці з Бэрлінам» - заявіў Камароўскі.

Ён падкрэсліў, што праблема Беларусі - гэта рэальная праблема, з якой не можа справіцца таксама Захад. «Мы павінны ўплываць перш за ўсё на палітыку Еўропы, каб казаць больш гучным голасам у перамовах з Лукашэнкам», - лічыць кандыдат у прэзідэнты ад кіруючай цяпер у Польшчы партыі.

Браніслаў Камароўскі таксама адзначыў, што трэба ўмацоўваць не толькі польскія арганізацыі, якія з'яўляюцца аднымі з самых шматлікіх недзяржаўных арганізацый у Беларусі, але і іншыя няўрадавыя арганізацыі, паколькі менавіта яны з'яўляюцца асновай дэмакратычнага грамадства, якое неабходна паступова ствараць. Менавіта гэтаму, на думку Камароўскага, служаць СМІ, якія вяшчаюць з Польшчы на Беларусь, а таксама нядаўняе падпісанне дамовы аб малым памежным руху, якая дазволіць палякам з Беларусі і беларусам з Польшчы, падзеленым мяжой, кантактаваць адзін з адным.

«Гэта шлях да змены ментальнасці людзей у Беларусі. Гэта ў пэўным сэнсе так, як мы ў 70-х гадах ездзілі на Захад - палякі вярталіся, па-іншаму гледзячы на свабодны рынак, на дэмакратыю. Крок за крокам мы прывядзем Беларусь да дэмакратычных стандартаў», - аптымістычна запэўніў Браніслаў Камароўскі.

Поўны тэкст стэнаграмы можна прачытаць ТУТ.

Пераклад з польскай - сайт charter97.org

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках