16 лiстапада 2024, Субота, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З працягнутай рукой па Лацінскай Амерыцы

14

Беларуская дэлегацыя з 27 траўня па 9 чэрвеня наведвае Балівію, Венесуэлу, Кубу і Эквадор.

Падчас візіту на Кубу, які адбыўся, беларуская дэлегацыя на чале з памочнікам Лукашэнкі Віктарам Шэйманам разгледзела перспектывы рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі кубінскага нафтаперапрацоўчага і энергетычнага комплексаў.

Як паведаміў сёння на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, падчас наведвання Кубы адбыліся сустрэчы і перамовы беларускай дэлегацыі з намеснікам старшыні Савета міністраў Кубы Рыкарда Кабрысасам, міністрам знешняга гандлю і замежных інвестыцыяў Радрыга Мальміеркам, міністрам базавай прамысловасці Ядырай Гарсія, міністрам чорнай металургіі і машынабудавання Сальвадорам Парда Крузам, прадстаўнікамі галіновых міністэрстваў і ведамстваў. Беларуская дэлегацыя таксама правяла сустрэчы з кіраўнікамі вядучых кубінскіх знешнегандлёвых кампаніяў.

Падчас сустрэчаў былі разгледжаныя перспектывы рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчага і энергетычнага комплексаў Кубы, абмеркаваныя далейшыя крокі па стварэнні зборачнай вытворчасці трактароў і сэрвісных цэнтраў па рамонце і абслугоўванні беларускай аўтатрактарнай тэхнікі.

Дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасці аб пастаўках трактароў, запасных частак да аўтобусаў і аўтамабіляў, вызначаныя новыя накірункі для актывізацыі гандлёва-эканамічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кубай.

У цяперашні момант дэлегацыя накіроўваецца ў Балівію і потым у Эквадор і Венесуэлу, адзначае БелтА.

У гэтых краінах плануецца разгледзець з зацікаўленымі ведамствамі і кампаніямі магчымыя накірункі двухбаковага супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, горнаруднай прамысловасці, машынабудаванні, будаўніцтве, а таксама прапрацаваць пытанні паставак свідравальнага абсталявання, аўтатрактарнай тэхнікі, сельскагаспадарчага абсталявання і прадуктаў харчавання.

З венесуэльскім бокам таксама будзе абмяркоўвацца рэалізацыя праектаў па стварэнні зборачных вытворчасцяў аўтатрактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, газіфікацыі гарадоў і населеных пунктаў.

У межах праграмы сустрэчаў беларуская дэлегацыя плануе таксама абмеркаваць перспектывы паставак на венесуэльскі рынак прадукцыі машынабудаўнічага і аграпрамысловага комплексаў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках