16 лiстапада 2024, Субота, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бунт паштальёнаў: ім надакучыла прымусовая падпіска

67

Паштальёны вёскі Подрэчча Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці заявілі аб звальненні.

Такім чынам яны выказалі пратэст супраць падпіснога плана на дзяржаўныя газеты. Яго ім даводзіць начальства. Выканаць гэты план паштальёны не могуць, таму што жадаючых падпісвацца няшмат, паведамляе «Радыё Свабода».

Аб пазіцыі паштальёнаў паведаміў актывіст партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» з Кіраўскага раёна Вячаслаў Шэлег. Па яго словах, у трох паштальёнаў скончыўся тэрмін працоўнага кантракту, і яны заявілі начальству аб сваім звальненні. Кіраўніцтва супраць іх звальнення:

«Учора начальніца разарвала заявы. Сказала: «Не выдумляйце, ідзіце працуйце. Ведаць нічога не ведаю. Я іх не бачыла». Працаваць жа няма каму. Хто будзе працаваць у вёсцы? Там ужо няма нікога. І людзі разумеюць, што гэта кабала поўная. Будуць указаны кошты, сумы і яны стануць рабамі», - тлумачыць сітуацыю Вячаслаў Шэлег.

Як кажа актывіст, паштальёны незадаволеныя ўмовамі працы і патрабаваньнем начальства падпісваць людзей на дзяржаўныя газеты. Гэта пацвердзіў у тэлефоннай размове адзін з незадаволеных супрацоўнікаў пошты:

«Мы ж разумеем, што заробак нам не падвысяць, а падпіску не знізяць. Нават калі два-тры чалавекі адмовяцца выходзіць, нам самім сабе трэба іх выпісваць. У нас на аддзяленне каля 40 асобнікаў «Савецкай Беларусіі», «Беларускіх ніў» - восем. 36 тысяч «Савецкая Беларусь» каштуе. Сямідзесяцігадовай бабе - навошта яна ёй? Раней неяк угаворвалі, а зараз ...», - распавёў паштальён.

У Кіраўскім раённым упраўленні паштовай сувязі апраўдваюцца:

«Населеныя пункты ў заняпадзе па ўсіх пазіцыях. Людзі не сталі жыць лепш. Хто з'ехаў, хто стаў шукаць іншыя варыянты зарабіць грошай, каб сям'ю пракарміць. Мы на самой справе плануем падпіску. Зразумела, плануем і даходнасць па гэтым артыкуле, а яна прывязаная да колькасці асобнікаў. Выданні ж дзяржаўныя, і дзяржава хоча, каб як мага больш інфармацыі даходзіла да людзей».

Як атрымалася высветліць, падрэчанцы па дзяржаўным плане павінны выпісаць, акрамя сарака асобнікаў «Савецкай Беларусі» і васьмі - «Беларускай нівы», яшчэ 60 асобнікаў мясцовай раёнкі «Кіравец».

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках