17 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Доўг «сябру» Аліеву ўжо трэба аддаваць

29

Крэдыт у 200 мільёнаў даляраў для аплаты паставак газу з Расеі Азербайджан даў Беларусі на 12 дзён.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Азербайджана Азер Гасымаў 29 чэрвеня ў інтэрв'ю азербайджанскаму агенцтву міжнароднай інфармацыі Trend, перадае БелаПАН.

«Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 21 чэрвеня звярнуўся да прэм'ер-міністра Азербайджанскай Рэспублікі Артура Расі-задэ адносна вылучэння кароткатэрміновага крэдыту Беларусі ў сувязі з узніклай сітуацыяй. Пра гэта было дакладзена прэзідэнту Азербайджанскай Рэспублікі. Прымаючы пад увагу сяброўскія стасункі паміж нашымі краінамі, прэзідэнт Ільхам Аліеў даў згоду на вылучэнне гэтага крэдыту», - сказаў Гасымаў у інтэрв'ю бакінскаму інфармагенцтву Trend.

«Крэдыт, вылучаны Азербайджанам Беларусі, складае 200 млн. даляраў ЗША і выдадзены на 12 каляндарных дзён. Былі падпісаныя ўсе неабходныя дакументы, звязаныя з гэтым крэдытам», - дадаў прэс-сакратар прэзідэнта Азербайджана. Умовы, на якіх былі вылучаныя сродкі, у паведамленні азербайджанскага інфармагенцтва не ўдакладняюцца.

«Газпрам» з 21 чэрвеня пачаў абмяжоўваць пастаўкі газу Беларусі з-за доўгу беларускага боку. За два дні абмежаванні былі даведзеныя да 60% ад плана. У кіраўніцтве расейскага газавага манапаліста заяўлялі, што Беларусь запазычылася каля 190 млн. даляраў, паколькі плаціла за газ менш, чым вызначана ў кантракце.

У сераду, 23 чэрвеня, улады Беларусі абвясцілі, што «Газпраму» пералічаныя 187 млн. даляраў. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што звярнуўся да сяброў па дапамогу, і яны пазычылі грошы. Пазней у інтэрв'ю тэлеканалу «Еўраньюс» ён удакладніў, што гаворка ідзе пра Азербайджан.

«Мы прасілі даць нам адтэрміноўку пагасіць наш доўг - два тыдні. Але нашыя саюзнікі, самыя блізкія нам людзі, сказалі: не, ні дня чакаць не будзем. Я звярнуўся да Ільхама Аліева, прэзідэнта Азербайджана. Ён мне на працягу сутак, нават менш за суткі, пазычыў 200 млн. даляраў. Мы аплацілі «Газпраму» 187, 100 працэнтаў разлічыліся», - паведаміў Лукашэнка.

Раніцай 24 чэрвеня «Газпрам» абвясціў, што Беларусь пагасіла доўг, і пастаўкі газу рэспубліцы адноўленыя ў поўным аб'ёме.

У сваю чаргу «Газпрам» пералічыў Менску 228 млн. даляраў за транзіт газу, але Менск патрабуе 260 млн. Разбежка ўзнікла з-за рознай ацэнкі стаўкі транзіту: беларускі бок кажа пра 1,88 даляра за тысячу кубаметраў газу на 100 км, расейскі - пра 1,45 даляра.

Варта адзначыць, што, паводле дадзеных Нацбанка, міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя па стандартах МВФ, на 1 чэрвеня 2010 года складалі 5 млрд. 792,4 млн. даляраў ЗША. Пры гэтым за травень яны скараціліся амаль на 255 млн. даляраў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках