30 снежня 2024, панядзелак, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крамы duty-free з 1 ліпеня не адкрыюць

2

Нягледзячы на абяцанні аднавіць бяспошлінны гандаль на мяжы, там працягнуць прадаваць беларускую гарэлку, цукеркі і саламяныя цацкі.

У пачатку года на прэс-канферэнцыі кіраўнік Памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі ў адказе на пытанне пра крамы бяспошліннага гандлю паведаміў, што зачыненыя duty-free вернуцца ў Беларусь з 1 ліпеня.

Але, як высветліла «Еўрарадыё», Памежны камітэт гэтым пытаннем не займаецца, і пра дату адчынення крамаў ужо ніхто не ведае.

«Пазіцыя Памежнага камітэта, што крамы павінны на пэўных умовах працаваць, існуе. Але іх адкрыццё ў нашай кампетэнцыі пакуль не знаходзіцца», - кажа прэс-сакратар Памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка.

Адкрыццё duty-free звязвалі з уступленнем у сілу Мытнага кодэкса, ён таксама павінен быў вырашыць гэтае пытанне. 1 ліпеня - ужо заўтра, але ўласна крамы знаходзяцца ў няведанні.

«Пакуль ніякай у нас інфармацыі няма. Заканадаўства, якое адкрывала б сістэму, не прынята. Закон, які дазваляў бы працу д'юці фры на аўтадарожных пунктах пропуску, не выйшаў яшчэ», - кажа кіраўнік «Бэла трэйдзінг д'юці фры» Галіна Ярашчук.

Таму пакуль крамы прадаюць беларускую гарэлку, цукеркі ды цацкі з саломы, кажа гандлярка крамы на памежным пераходзе з Літвой «Беняконі»:

«Мы працуем як прыдарожны сэрвіс, дробны гандаль здзяйсняем. Указу ніякага не было, і мы самі думалі, як нам учыняць. А пакуль мы працуем па-ранейшаму».

1 ліпеня 2007 года крамы зачынілі лістом старшыні Мытнага камітэта. Фірмы спрабавалі судзіцца, але ў лістападзе выйшаў указ Лукашэнкі, забаранілі дзейнасць д'юці-фры. Дазволілі працаваць толькі ў Нацыянальным аэрапорце, але на асаблівых умовах.

«На мытнай тэрыторыі Беларусі могуць размяшчацца крамы, створаныя Галоўным упраўленнем па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый «Дыпсэрвіс» Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобай, заснавальнікам якой з'яўляецца гэтая дзяржаўная ўстанова», - гаворыцца ва ўказе.

У аэрапорце дазволілі працаваць тром крамам бяспошліннага гандлю - сумесным прадпрыемствам «Бэла трэйдзінг д'юці фры» і «Сомлен», а таксама гандлёваму прадпрыемству «Дыпмаркет», што належыць Упраўленню справамі Прэзідэнта.

«На тых умовах, якія прапанавала дзяржава, нашы ўласнікі адмовіліся працаваць. У нас зараз ёсць крама ў аэрапорце, але яна не д'юці фры. А вось дзве фірмы «Сомлен» і «Дыпмаркет, якому ўсё належыць, - яны і займаюцца гэтым таварам», - распавялі Еўрарадыё ў краме «Бэла трэйдзінг».

Аднак калі адкрыюць крамы д'юці фры на памежных пераходах, ніхто адказаць так і не здолеў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках