9 лiстапада 2024, Субота, 4:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Азербайджана Лукашэнка вярнуўся з пустымі рукамі

31
З Азербайджана Лукашэнка вярнуўся з пустымі рукамі

Чацвёртая спроба Лукашэнкі дамовіцца з Ільхамам Аліевым аб пастаўках нафты ў Беларусь скончылася тым жа, чым і першыя тры — нічым.

Менск спрабаваў закінуць вуду ў багаты на нафту азербайджанскі ўчастак Каспійскага мора яшчэ ў кастрычніку 2006 года, калі Ільхам Аліеў упершыню наведваў Менск з афіцыйным візітам, нагадваюць «Беларускія навіны».

У траўні 2007-га, калі ўжо беларускі кіраўнік адкрываў для сябе Азербайджан, тэма супрацоўніцтва ў нафтавай сферы абмяркоўвалася больш жыва. Менск прапанаваў Баку адразу некалькі варыянтаў такога ўзаемавыгаднага сяброўства — разглядаўся варыянт трубаправодных паставак з задзейнічаннем нафтаправода «Адэса-Броды»; пастаўкі нафты азербайджанскімі кампаніямі для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ; самастойная ці на парытэтных асновах здабыча Беларуссю нафты ў Азербайджане.

У лістападзе 2009 года Аліеў ізноў прыязджаў у Беларусь, і тэма нафтавага супрацоўніцтва зноў была адной з прыярытэтных.

Зрэшты, ніводны з гэтых перамоўных раўндаў да якіх-небудзь практычных дамоўленасцяў не прывёў. Кожны раз Ільхам Аліеў дыпламатычна маскіраваў нежаданне, што чыталася, афіцыйнага Баку ўступаць у праект, які цікавы толькі аднаму боку. Прэзідэнт Азербайджана тактоўна напіраў на неабходнасць шукаць у прапанаваных варыянтах супрацоўніцтва камерцыйны інтарэс для абодвух бакоў.

Але на той момант гэтага інтарэсу фактычна не было, бо ўсе варыянты дастаўкі азербайджанскай нафты ў Беларусь былі (і застаюцца) спалучаныя са значнымі транспартнымі выдаткамі. Да таго ж, Азербайджан, у адрозненне ад Расеі, нафтай па палітычных коштах не гандлюе, што для афіцыйнага Менска таксама не дадавала прывабнасці каспійскаму чорнаму золату.

Нафтавы інтарэс Беларусі да Азербайджана эксперты ставілі ў адзін шэраг з падобнымі спробамі Менска знайсці альтэрнатыву расейскай нафты ў яшчэ больш далёкіх Іране і Венесуэле. Дакладней, даць зразумець Маскве, што такая альтэрнатыва ў прынцыпе верагодная. Зрэшты, два-тры гады таму гэтыя намёкі можна было расцэньваць толькі як гульню на апераджэнне, бо расейская нафта ішла ў Беларусь на вельмі выгодных для Менска ўмовах.

Цяпер сітуацыя змянілася кардынальна. Увядзеннем пошліны Расея прыкрыла прыбытковы нафтабізнэс беларускіх уладаў, што сур'ёзна адбілася на становішчы нафтахімічнай галіны і вымусіла афіцыйны Менск на злосць Маскве вазіць нафту чайнымі лыжкамі з Венесуэлы.

Цяперашні візіт Лукашэнкі ў Азербайджан эксперты таксама разглядаюць, як спробу падвоіць кароткі спіс альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты ў Беларусь і, верагодна, знайсці замену Расеі ў якасці транзіцёра нафты праз нашую тэрыторыю.

«Паездка ў Азербайджан стане надзіманнем шчок», — напярэдадні візіту казаў прэзідэнт расейскага Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў. На яго думку, «рэальных аб'ёмаў Лукашэнка там не атрымае», бо ў Азербайджана сёння няма столькі свабоднай нафты, каб закрыць запатрабаванні Беларусі.

Разам з тым, Баку плануе нарошчваць аб'ёмы здабычы нафты і, адпаведна, аб'ёмы яе продажаў. Па словах кіраўніка МЗС Азербайджана Эльмара Мамед'ярава, для нафтаздабываючай галіны яго краіны перспектыўным выглядае выхад на прыбалтыйскія порты.

«Для нас беларускі рынак энерганосьбітаў вельмі цікавы. У нашай палітыцы мы ўвесь час выступаем за дыверсіфікаванне энергетычных партнёраў. Калі мы выйшлі са сваім нафтаправодам Баку-Тбілісі-Джэйхан на Міжземнае мора, гэта быў першы этап ажыццяўлення нашых энергетычных магчымасцяў. Спачатку мы выходзілі на Чорнае мора, потым выйшлі на Міжземнае. Зараз у гэтым кантэксце ёсць шмат цікавых праектаў па выхадзе на Балтыйскае мора, — сказаў Эльмар Мамед'яраў 3 чэрвеня ў інтэрв'ю Першаму тэлеканалу. — Ёсць шмат магчымасцяў, як гэта ажыццявіць. Натуральна, Беларусь, якая знаходзіцца пасярод маршруту паміж Чорным і Балтыйскім марамі, для нас уяўляе інтарэс».

Аднак і тут вырашэнне пытання ўпіраецца ў яго эканамічную мэтазгоднасць. «Гэтае пытанне ў першую чаргу неабходна яшчэ разглядаць і з пункту гледжання камерцыі», — адзначыў Мамед'яраў.

Магчымасць дастаўкі каспійскай нафты ў Прыбалтыку праз Беларусь па трубаправодах існуе, аднак спалучаная з досыць вялікімі эканамічнымі выдаткамі па будаўніцтве перамычак і змене рэжыму прапампоўкі нафтаправода «Адэса-Броды».

Але калі фінансавы бок пытання, улічваючы яго патэнцыйную эканамічную выгоднасць, можа быць вырашаны дастаткова хутка, дык палітычны складнік праекта ўяўляецца значна больш складанай праблемай, бо патрабуе ўзгадніць інтарэсы не толькі Беларусі і Азербайджана, але і Украіны, Літвы і Расеі.

І ў дадзеным выпадку расейскі фактар можа згуляць ключавую і адмоўную для Беларусі ролю.

Па-першае, менавіта расейская нафта зараз транспартуецца па беларускім участку нафтаправода «Дружба» і па ўкраінскай трубе «Адэса-Броды». І да таго часу, пакуль Расеі гэтыя каналы будуць неабходныя, яна, як мяркуюць, знойдзе спосаб не аддаваць іх альтэрнатыўным пастаўшчыкам. Па-другое, сёння, як зрэшты і тры гады таму, афіцыйны Менск не можа прапанаваць Азербайджану штосьці такое, дзеля чаго Баку рызыкне ўвязацца ў праект з палітычным прысмакам і перспектывай выклікаць вялікую незадаволенасць Масквы. Аліеў — не Чавес, і трэцім гульцом у «баявую каманду» не пойдзе.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках