29 снежня 2024, Нядзеля, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байнэту прымяраюць кайданы

11

Людзі з ідэалагічнай абоймы запэўніваюць публіку: ніякіх там твітэр-рэвалюцыяў нашае кіраўніцтва не баіцца!

Хочацца ў такім выпадку завастрыць пытанне з пралетарскай прамалінейнасцю: тады якога ч-чорта чыноўнікі (у тым ліку — у пагонах, а можа быць, перш за ўсё яны) ставяць на вушы паўкраіны?

Набліжэнне 1 ліпеня — дня, калі набудзе сілу ўказ № 60 аб рэгламентацыі Байнэту, — напружвае і нервуе правайдараў, іншы звязаны з інтэрнэтам бізнэс (у прынцыпе любы нармальны бізнэс зараз без Сеткі як без рук), працаўнікоў вэб-СМІ, простых юзэраў…

Пастановы, прынятыя для расшыфроўкі ўказу, задалі безліч працы (рэгістрацыя сайтаў і іншае). У дадатак — шмат якія рэчы не расшыфравалі, а толькі заблыталі.

Тут некалькі прычынаў. Па-першае, не ўсе чыноўнікі сякуць фішку ў тонкасцях Сусветнага павуціння. Па-другое, логіка функцыянера простая як агурок: лепш перапільнаваць. Адсюль давядзенне ідэі да абсурду — кшталту забараніць ананімны вай-фай ці рэгістраваць мірыяды паштовых скрыняў.

Ну і, па-трэцяе, туману ў фармулёўках маглі напусціць спецыяльна. Каб ніхто толкам не разумеў — і каб любога можна было пры патрэбе прыціснуць у адзін момант: чаму парушаем, грамадзянін?

Як заўважыў палітолаг Валер Карбалевіч, «дзяржава стварае ўмовы, калі не парушаць немагчыма, а потым грамадзянаў караюць». Не захаваў справаздачнасць у бізнэсе, глынуў піва ў неналежным месцы, збег ад татальнай дактыласкапіі, не ўпрыгожыў сябе талісманам-флікерам — вінаваты, вакол вінаваты!

Зараз вось пільнаванне розных строгіх інстанцыяў распаўсюдзіцца і на Байнэт. І, як адзначаюць сеткавыя каментатары, з гэтага часу любога юзэра за дзесяць хвілінаў можна зрабіць злачынцам.

Пры гэтым людзі, што па пасадзе пацеюць у пінжаках пры 30 градусах Цэльсія, распавядуць вам у апраўданне драконаўскіх мераў тысячу і адну казку пра страшных педафілаў і бамбістаў у Сетцы. Насамрэч тут іншыя фобіі. Лёгка чытаецца банальная боязь гаспадароў высокіх кабінетаў страціць кантроль над краінай, страціць уладу.

Сетка апрыёры нервуе ўсякага кшталту ахоўнікаў. Людзям з таемнай паліцыі крамола будзе мроіцца паўсюль. Тут ужо хто на што вучыўся. Але бяда ў тым, што перад чарговымі выбарамі ахоўнікі з атачэння, падаецца, згулялі на адчувальнай струнцы першай асобы. Пераканалі: гэтых адвязных інтэрнэтчыкаў трэба прыціснуць указам. Захад пашыпіць і праглыне. Затое ў нас і ў віртуальным вымярэнні ўсё будзе схоплена.

У выніку на тонкую матэрыю пайшлі з дубцом. Бо інтэрнэт — зусім не памыйніца. Сёння гэта магутная прадукцыйная сіла, фактар прагрэсу, развіцця высокіх тэхналогіяў, пераводу эканомікі на інавацыйныя рэйкі. Карацей, усяго таго, пра што так клапоціцца цяпер начальства, якое стаць відушчым пасля закрыцця нафтавага афшора.

Тым часам дзелавы сегмент ужо натапырыўся. На сустрэчы прадстаўнікоў інтэрнэт-бізнэсу, якая прайшла ў сталіцы 4 чэрвеня, вырашана наўпрост апеляваць да Адміністрацыі прэзідэнта, урада і Аператыўна-аналітычнага цэнтра (менавіта гэта набліжаная да кіраўніка дзяржавы спецслужба правіць баль у «падначаленні» Байнэту).

Крык душы тых, хто заклікае, такі: новае заканадаўства ўтрымлівае шэраг сістэмных памылак, якія здольныя прывесці да знішчэння нацыянальнага інтэрнэт-бізнэсу. Калі надзець на яго кайданы, інавацыйныя праекты сыдуць у цень і гэтак далей.

Указ № 60 з веерам пастановаў-спадарожнікаў ужо завуць віртуальным Чарнобылем. Прывабіць у нашую «зону» інвестараў у сферы IT-індустрыі, і не толькі, стане яшчэ больш праблематычна.

Гэта эканамічныя страты. У плане праславутай сацыяльнай стабільнасці ўлада таксама зусім не выйграе. Пачытайце комменты: радыкальна палітызаваліся нават юзэры-пафігісты, паколькі ў іх вачах улада зараз замахваецца на святое — сеткавую вольніцу. Сядзелі ціха ў інтэрнэце — зараз могуць выйсці на вуліцу.

Паўстала ініцыятыва ukaz60.net — як лёгка здагадацца, за адмену ўказа. Расце колькасць подпісаў пад адпаведным зваротам. Са свайго боку, лідэры айчыннага інтэрнэт-бізнэсу вырашылі стварыць грамадскую арганізацыю для абароны карпаратыўных інтарэсаў.

Увогуле, ліха без дабра не бывае: указ № 60 даў штуршок самаарганізацыі масаў, спрыяе крышталізацыі нашай грамадзянскай супольнасці.

Увядзенне нейкага падабенства кітайскага файрвола таксама не дадасць сімпатыяў да ўлады. І асабліва з боку моладзі, чый стан розумаў і без таго трывожыць вертыкальных таварышаў.

Тым часам менавіта фільтраваннем кантэнту на кітайскі манер і пагражае праект палажэння, які патрапіў у сетку, аб парадку абмежавання доступу да «інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі».

Прадугледжваецца сістэма белага і чорнага спісаў. Прычым пералік сайтаў, доступ да якіх належыць перакрываць, будуць фармаваць прадстаўнікі цэлага шэрагу структураў — ад пракуратуры да падатковай інспекцыі.

Асабліва адзначым прэрагатыву «органаў, якія здзяйсняюць аператыўна-вышуковую дзейнасць». У нас такіх — гм-гм — больш чым…

Пры гэтым — якая вытанчанасць стылю! — абмежаванне доступу далікатна называецца паслугай. Аднак сэрвіс неадчэпны: «Дзяржаўным органам і арганізацыям, а таксама арганізацыям адукацыі, культуры паслугі па абмежаванні доступу аказваюцца ў абавязковым парадку без запыту».

Гэта значыць, што ў вну, аддзяленнях сувязі і іншых месцах вам будуць апрыёры прапанаваць казённае вэб-меню. У такія ж межы загоняць уладальнікаў інтэрнэт-кавярняў. Ды і прыватных правайдэраў могуць прымусіць да абкорнанага сэрвісу. Каб убілі пункт пра «фільтраванне базару» ў тыповую дамову з карыстальнікам. У выніку і з хатняга кампутара на крамольныя — з пункту гледжання дзяржідэолагаў ды спецслужбістаў — сайты не патрапіш.

Можа выглядаць прыкладна як з кабельным ТБ. Памятаеце палітычныя зачысткі каналаў? І хто, скажыце калі ласка, у кліентаў пытаўся?

У прынцыпе, калі нейкі сайт патрапіць у чорны спіс, дык на ініцыятараў такога рашэння можна будзе паскардзіцца ў суд. Але гэта называецца: даказвай, што ты не вярблюд.

«Існаванне такіх чорных спісаў само па сабе з'яўляецца парушэннем права на свабоду выказвання», — адзначыў у інтэрв'ю «Беларускім навінам» Андрэй Бастунец, юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

На яго думку, цывілізаваным быў бы парадак з дакладнасцю да наадварот: не падабаецца ведамству нейкі рэсурс — хай падае пазоў. І тады ў іншага боку будзе магчымасць абараняцца ў судзе прэвентыўна.

Але такі варыянт для нас утапічны. Навядзенне парадку ў Байнэце аддаюць на водкуп рознага кшталту ахоўнікам, цывільным і ў пагонах. А мы ўжо ведаем, як шырока і своеасабліва могуць яны тлумачыць, напрыклад, закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму.

Вось некаторы час таму берасцейскім чэкістам патрапіў у рукі затрыманы на мытні элітарны часопіс «Arche». І яны адразу накапалі там безліч экстрэмізму! Добра яшчэ, што ў больш высокага начальства, падаецца, хапіла разумення спусціць справу на тармазах. Але часу і нерваў у сейбітаў разумнага, добрага, вечнага з рэдакцыі элітарнага часопіса пільныя ахоўнікі аднялі парадкам.

Пры гэтым адзін бравы чын з КДБ не хаваючыся сфармуляваў місію сваёй службы як барацьбу са шкодным накірункам думак. Потым, дарэчы, пайшоў на падвышэнне. І, напэўна, не адзін ён так тлумачыць сваю місію, нават не падазраючы, што паўтарае фармулёўкі з класічнай антыўтопіі Оруэла.

Спецслужбы патрэбныя любой дзяржаве. Але яны павінны працаваць строга ў межах, ведаць сваё месца. Інакш атрымліваецца паліцэйская дзяржава.

Старая максіма: вайна — занадта сур'ёзная справа, каб давяраць яе генералам. Інтэрнэт (уключаючы вайну супраць сапраўдных вэб-пагрозаў) — таксама занадта сур'ёзная справа, каб давяраць яго спецслужбам.

Наверсе, здаецца, сталі разумець, што перагінаюць. Але гэтыя адкруткі па дробязях — маўляў, не бойцеся, паштовыя скрыні рэгістраваць не будзем! — нагадваюць клопат пра чалавека, якому прымяраюць кайданы: не цісне?

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках