12 лiстапада 2024, aўторак, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хопіць трываць дыктатуру ў Беларусі!

17

Сусветна вядомыя дзеячы культуры Вялікабрытаніі заклікалі прэм'ер-міністра звярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі.

Тэкст адкрытага ліста падаем цалкам:

Прэм'ер-міністру, дэпутату Дэвіду Камерану

Лондан

Даўнінг-стрыт, 10

SW1A 2AA

1 ліпеня 2010 года

Паважаны Дэвід Камеран,

ХОПІЦЬ ТРЫВАЦЬ ДЫКТАТУРУ!

Мы - група брытанскіх акцёраў, якія працуюць у тэатры. Мы глыбока занепакоеныя цэнзурай і парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.

Мы пішам у той дзень, калі прэзідэнт Лукашэнка прымае указ, які ўводзіць цэнзуру ў Інтэрнэце. Ён сцвярджае, што гэта спроба "абараніць правы беларускіх грамадзянаў, грамадства і дзяржавы ў інфармацыйнай сферы". Аднак мы лічым, што гэта прывядзе да далейшых пераследванняў асобных людзей і групаў асобаў, якія хацелі б прапанаваць беларускім грамадзянам альтэрнатыўныя пункты гледжання. Мы лічым, што справа толькі ва ўрадзе, які адчуў пагрозу сваёй уладзе і імкнецца прыціснуць апазіцыю.

У такіх краінах як Фінляндыя і Эстонія пастанавілі, што доступ у Інтэрнет з'яўляецца важным складнікам правоў чалавека, як для грамадзянаў, так і для міжнародных арганізацыяў. ААН таксама настойвае на сусветным доступе да сеткі. Увядзенне абмежаванняў на выкарыстанне Інтэрнэту з'яўляецца наўмыснай спробай абмежаваць доступ беларускіх грамадзянаў да абмеркавання і выказвання альтэрнатыўных пунктаў гледжання, што з'яўляецца жыццёва неабходнай часткай любога здаровага грамадства. Мы павінны супрацьстаяць гэтаму рашэнню, як рашэнню, якое робіць замах на свабоду і накіраванае супраць чалавека.

Мы заклікаем Вас выкарыстоўваць усе свае сілы і ўвесь свой уплыў, каб забяспечыць справядлівыя прэзідэнцкія выбары, якія неўзабаве павінны прайсці ў Беларусі. Выбары, якія адбыліся ў 2001 годзе, былі прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі несвабоднымі. Пасля выбараў 2006 года Арганізацыя ААН па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) заявіла, што выбары не адпавядалі іх абавязальніцтвам па правядзенні дэмакратычных выбараў і, што Лукашэнка "дазволіў дзяржаўным органам улады не даваць магчымасці грамадзянам свабодна і справядліва выказаць сваю волю на выбарчых участках. .. напрыклад пры дапамозе запалохвання і ўціску незалежных галасоў ... гэта было відавочна на працягу ўсёй перадвыбарчай кампаніі ".

Сённяшні указ, безумоўна, зніжае верагоднасць таго, што выбары, якія маюць адбыцца, будуць больш дэмакратычнымі і справядлівымі, чым папярэднія.

Напэўна, гэтым разам ужо не будзе відавочных забойстваў на вуліцах, аднак яшчэ зусім нядаўна здзяйсняліся шматлікія палітычна матываваныя выкраданні і забойствы людзей, у тым ліку, такіх як Юры Захаранка (экс-міністр унутраных справаў) і Віктар Ганчар (віцэ-спікер парламента і экс -кіраўнік выбарчай камісіі). І гэта ўсяго толькі пачатак спісу. Што неабходна зрабіць для таго, каб наш урад распачаў дзеянні?

Дзякуем Вам за удзеленую пільную ўвагу гэтаму пытанню.

З павагай,

Сэр Том Стопард, драматург, рэжысёр, кінасцэнарыст, крытык

Марк Равенхіл, драматург, рэжысёр, пісьменнік

Сэмюэль Уэст, акцёр і рэжысёр

Кэрыл Чэрчыль, сцэнарыст

Алан Рыкман, тэатральны і кінаакцёр

Генры Гудман, акцёр

Говард Брэнтан, драматург

Сайман Стывенс, драматург

Сайман МакБэрні, акцёр, прадзюсер, сцэнарыст

Генры Портэр, пісьменнік, журналіст

Лаура Уэйд, драматург

Ліндсэй Тэрнэр, драматург

Аляксандра Вуд, драматург

Клэр Лізмар, рэжысёр.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках