28 снежня 2024, Субота, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі турыст асуджаны на Крым?

17

Для беларускага турызма 2010 год стаў горшым, чым 2009 - шмат якія турфірмы абанкруціліся.

А наш турыст па-ранейшаму застаўся ў Крыме, бо больш за тысячу долараў на адпачынак ён траціць не можа, паведамляе euroradio.fm

Рэдактар «Турызму і адпачынку» Лілія Кобзік лічыць, што ў такі крытычны момант трэба развіваць унутраны турызм, каб у нас быў тыл: «Беларускі накірунак абсалютна новы, не адкрыты і проста ляжыць у ног».

Еўрарадыё: Год таму мы з вамі сустракаліся і размаўлялі пра стан турызму ў Беларусі. Цікава, ці змянілася што за гэты год? Які ён, турыстычны сезон 2010, ці з’явіліся новыя тэндэнцыі?

Лілія Кобзік: Жыццё не стаіць на месцы, у тым ліку і ў турызме – перамены адбыліся. Цяпер, у ліпені, вельмі добра заўважна, што тэндэнцыі на рынку даволі адмоўныя. А паколькі яны адмоўныя на рынку, то і на турыстах яны, вядома, адбіваюцца. Я кажу не пра крызіс як такі, не пра тое, што стала менш грошай, не пра тое, што «ай-я-яй з турыстычнага рынку сышлі багатыя і не купляюць лакшэры гатэлі». Перамены выявіліся ў тым, што шмат якія фірмы «садзьмуліся», «садзьмуўся» беларускі рынак. Хваля банкруцтваў спачатку пракацілася па расійскім рынку, а цяпер ужо прыйшла і да нас. І працягвае сваё шэсце. То бок, у некаторых фірмаў не вытрымалі нервы.

Усё ж такі з крызісам гэта звязана?

Апасродкавана гэта звязана з крызісам. Хутчэй за ўсё гэты нарыў доўгі час спеў, і крызіс яго нейкім чынам падагрэў. Утварыўся даволі вялікі слой фірм, якія не ведаюць што рабіць у гэтых умовах. А калі не ведаеш, што рабіць, заганяеш сябе ў тупік – пазыкі, жывеш не па сродках, набіраеш грошы ў турыстаў, замаўляеш блокі ў аператараў, пасля не маеш магчымасці іх аплаціць. Так адбылося з фірмай РЭСТМАРКЕТ, з фірмай САЎПОЛЬДА, з фірмай КАРЫА ТУР.

З банкруцтвам КАРЫА ТУР пацерпяць сотні, таму што гэта даволі буйны аператар, ён апынуўся банкрутам і не змог заплаціць хатэльерам за турыстаў. У выніку цяпер нашы фірмы з Гомеля, з Брэста, якія праз гэту фірму адпраўлялі турыстаў ў Турцыю, вымушаныя цяпер іх вызваляць, бо іх не выпускаюць, таму што за іх не праплачана.

«Беларускі кліент застаўся ў Крыме»

Такія гісторыі часта адбываліся ў мінулыя гады на расійскім рынку. Вось цяпер і да нас дакаціліся гэтыя тэндэнцыі. Доўгі час мы жылі ў нейкім вакууме, людзі паціху едуць і добра. І вось цяпер вызначылася – куды і як мы рухаліся. Мы рухаліся так, што цяпер мы не ў стане сябе абараніць. І гэта тэндэнцыя, я думаю, тычыцца не толькі турызму. Мы рухаліся, нейкі арганізм бурліў, развіваліся накірункі, але мы не стварылі вакол сябе шчыта.

З кім нам сябе параўноўваць? Мы не можам параўноўваць сябе з Расіяй, хоць і пнемся. У Польшчы, і нават ва Ўкраіне таксама больш магутны рынак. Верагодна, нам трэба параўноўваць сябе з Літвой. Вось яны здолелі захаваць свой рынак. У іх ёсць буйныя кансалідаваныя аператары, якія ў выпадку небяспекі змогуць узяць рызыкі на сябе і прыкрыць цэлы накірунак. У нас такога няма, мы аказваемся безабароннымі перад тэндэнцыямі расійскага і сусветнага рынкаў. І натуральна, што ў стане такой разгубленасці мы безабаронныя і перад тэндэнцыямі ўласнага рынку.

Куды ў гэтым сезоне ў асноўным едуць адпачываць беларусы?

Цяпер у гэты пост-посткрызісны год ніводны аператар не можа сказаць – куды ж пайшоў кліент. А пайшоў ён туды, куды, ўласна кажучы, яго паслалі... Цяпер цяжка дакладна назваць тэндэнцыі, як сябе пачала паводзіць беларуская публіка. Турцыя троху правісла – адбіўся і лішак накірункаў, і некаторая стомленасць ад прадукту. Ці пайшоў кліент у Еўропу? Як ён туды можа пайсці, калі там візы і дорага? Таксама праблемы.

Кліент застаўся ў Крыме. Гэта мы можам сказаць дакладна. Як кажуць, сябры пазнаюцца ў бядзе. Дык хто ж нашы сябры? Яны, напэўна, пакуль не на Захадзе. І ўжо дакладна не на Ўсходзе. Яны апынуліся ва Ўкраіне. Украіна надзвычай лаяльная. Цяпер маючы суму ў тысячу долараў там можна вельмі нядрэнна адпачыць. У адрозненні ад іншых накірункаў, яны цэны не падымалі.

Практычна ўсе накірункі былі вымушаныя падняць цэны, хаця гэта амаль незаўважна, бо нашы аператары, каб захаваць кліентаў адмовілі сабе ў прыбытку. Таму можна знайсці вельмі «салодкія» прапановы і вельмі добра паехаць… Але з боку заходніх хатэльераў кошты, вядома, падняліся – увесь час расце сэрвіс, а калі нарошчваецца сэрвіс, то падрастаюць і кошты.

А ва Ўкраіне цэны не выраслі?

Украіна не знаходзіцца ў тым стане турыстычнага гламура і эканамічнай свабоды, каб ведаць сабе кошт. Ва Ўкраіне сям’я можа ўкласціся ў 1000 долараў – і адпачыць, і шопінг зрабіць, і накупіць садавіны. Таму асноўныя плыні ідуць туды. Безумоўна, Крым застанецца нумарам адзін. Застанецца Турцыя, таму што гэта добры, якасны накірунак, што б пра яго ні казалі.

Балгарыя таксама выйдзе з нядрэннымі вынікамі. Гэты накірунак даражэе, але роўна настолькі, наколькі мы можам яго паглынуць. Людзі, калі бачылі, што за 600 еўра на дваіх можна адпачыць 2 тыдні, вядома прымалі такі варыянт, бо гэта добрая цана. Зноў-такі выходзім на тую самую тысячу. 1000 долараў на адпачынак – з такой сумай наш турыст можа скарыцца. Калі гаворка ідзе пра тры ці пяць тысяч, то цяпер ніхто не гатовы траціць такія грошы.

Агратурызм у Беларусі – штосьці антыкультурнае

Як на гэтым фоне выглядае наш унутраны турызм? Ці сталі беларусы больш падарожнічаць па Беларусі і адпачываць тут?

У нас насамрэч нічога не адбываецца. Хаця гэта агромністы сегмент, прычым мала ўлічаны. Санаторыі, базы адпачынку, агратурызм… Але ж ёсць яшчэ вялікая колькасць людзей, якія ўладкоўваюцца самі, здымаюць домікі. Ёсць такая маленькая тэндэнцыя – людзі здымаюць дачы на лета. Людзі паглядзелі, што не хочуць быць уласнікамі дачы, гарбаціцца на ёй усё жыццё. Лепш зняць.

Гэта не тое ж самае, што агратурызм?

Не тое ж самае. Увогуле, у нас з агратурызмам адбылося невядома што. Доўгі час у нас гэтае паняцце эксплуатавалася, як месца, дзе праводзяць карпаратывы. Карпаратыў – гэта не агратурызм. Гэта штосьці, што кардынальна змяняе сусветнае ўяўленне пра агратурызм, пра яго культуру, пра тое, што чалавек робіць, як ён гэта робіць, колькі чалавек п’е і г.д.

А ў нас агратурызм проста пераўтварыўся ў месца, дзе фірмы і арганізацыі штосьці адзначаюць – лазня, караоке, шашлык. Вось і ўсё. З пэўнымі наступствамі. Гэта нават не тое, што не агратурыстычнае, гэта штосьці антыкультурнае. У Еўропе ж пачынаўся агратурызм для ўзнаўлення традыцый, вяртання да вытокаў…

А ў нас агратурызм быў прыдуманы па іншаму. У нас няма гатэляў, таму што няма свабоды інвеставання, прыватнай уласнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні … Што ж нам рабіць? Дзе адпачываць? Мы і стварылі гэты агратурыстычны пласт. Але гэта як трошку разынак у вялікай-вялікай булцы. Яны фактычна надвор’я не зрабілі, бо была не зразумелая іх канцэпцыя.

Але тое, што створана – развіваецца. Людзі хочуць зарабляць пры любых умовах, у любой эканамічнай сітуацыі. І хто пачаў гэтым займацца, паглядзелі – ага, ёсць попыт на караоке, на карпаратывы, лазню, шашлык. Атрымайце. Вось і пачаў агратурызм развівацца такім чынам. Чаго хочуць людзі, якія адкрываюць гэтыя агратурыстычныя домікі, комплексы? Яны хочуць быць сапраўднымі хатэльерамі. Як кожны салдат марыць стаць генералам, так і яны. Яны хочуць, каб быў гатэль, які прыносіць добры прыбытак, каб можна было гэты гатэль пакінуць дзецям.

Яшчэ адзін бок турызму – гэта замежнікі, якія прыязджаюць у Беларусь. У мінулым годзе турфірмы давалі лічбу 90 тысяч арганізаваных турыстаў... Што змянілася – стала ў нас больш замежнікаў або менш?

Статыстыкі пакуль няма, пакажа лета. Але думаю, што прыкладна застанецца на мінулагоднім узроўні, і хутчэй за ўсё трошку знізіцца. Але што 90 тысяч, што 75 – вялікай розніцы няма. Усё спадзяюцца, чакаюць 14-га года, чэмпіянату свету па хакеі, калі прыедуць турысты. Але ці прыедуць яны ў той колькасці як бы нам хацелася?'

Так, у нас жа нават гатэляў няма, дзе турысты маглі б спыніцца…

Гатэлі будуць. Той жа Кемпінскі будуецца. І нават калі не прыедуць заўзятары, у Кемпінскі заўсёды прыедуць турысты. Бо гэта брэнд, а калі з’яўляецца брэнд, адразу ж з’яўляюцца спажыўцы гэтага брэнду. Тым не менш, вялікіх зменаў сёлета не будзе. Тое, пра што мы марылі, што сюды прыедзе актыўная еўрапейская моладзь – гэты сегмент не прыехаў, таму што мы нічога не прапанавалі, нічога не стварылі.

Але ёсць і добрая навіна. Расіяне па-ранейшаму да нас едуць. Больш за тое, з’явілася такая тэндэнцыя, што яны едуць да нас на ўікэнды, якія ў іх вельмі доўгія. Мы таксама ўзялі гэту расійскую моду – збіваць у кучу пабольш дзён у адно свята. Таму, на 1 траўня па тысячы чалавек прыязджае ў фірму, якая тут актыўна прымае турыстаў, 9 траўня яны прыязджаюць, пасля 12 ліпеня ў іх дзень незалежнасці, доўгі ўікэнд. І так ледзьве не кожны месяц яны да нас прыязджаюць.

Расійскія турысты глядзяць і рэгіёны – Гродна, Віцебск... Цяпер вось Славянскі базар. Але Славянскі базар не мае арганізаванасці. Прадукт ёсць, але яго трэба ўпакаваць і прапанаваць, а гэтым ніхто не займаўся. Мы ведаем пра Славянскі базар як пра ідэалагізаванае мерапрыемства, але мы абсалютна не ведаем, што ж там адбываецца, які там турыстычны складнік. Там існуе пэўная схема працы, у якой мала ўдзельнічае прыватны бізнес і інтарэсы турбізнесу там улічваюцца не шмат.

Хаця з гэтага года ёсць маленькія перамены. З’явілася генеральная турфірма, якая непасрэдна абслугоўвае гэта мерапрыемства, займаецца турыстамі – «Віцебсктурызм». Жыццё не стаіць на месцы, штосьці змяняецца, але куранят будзем лічыць па восені.

«Ніколі Турцыя не заменіць Беларусь»

Давайце закончым з таго, з чаго пачыналі. Вы сказалі, што турыстычны бізнес у Беларусі развіваўся-развіваўся і ў нейкі момант апынуўся неабароненым, непадрыхтаваным да новых тэндэнцый. Як мы перажывем гэты момант – выйдзем з яго з новым карысным досведам і будзе ў нас турызм як і ў Літве? Або будзе штосьці іншае?

Хочацца спадзявацца, што мы выскачым з гэтай сітуацыі з найменшымі стратамі. Сухім з вады пакуль ніхто не выйшаў. А тое, што рэпутацыю нам месцамі падмачыла – гэта абсалютна відавочна. Нядобрыя працэсы ішлі-ішлі, і здарыўся 2010 год, які насамрэч горшы, чым 2009.

Аб’ектыўна, і без крызісу беларускі турбізнес губляе пазіцыі. Але, напэўна, ён і павінен быў іх губляць, бо шмат хто ідзе да больш буйных аператараў, якія прыходзяць з Расіі, Турцыі і Еўропы. Фарміраваць па-сапраўднаму свой прадукт, будучы ў такім неабароненым становішчы, на маленькім рынку, які падвержаны лакальным працэсам – вельмі складана.

Таму, уласна кажучы нашы турааператары свае пазіцыі губляюць. Але ўсё адно, ніколі Турцыя не заменіць Беларусь. Ніколі усе разам узятыя накірункі не заменяць тых магчымасцяў, што ёсць унутры краіны. Нават пры адсутнасці інфраструктуры і магчымасцяў, пры ўсім гэтым усё адно нумар адзін па колькасці адпачываючых беларусаў – гэта Беларусь.

Мы можам зрабіць так, што надвор’е на беларускім рынку будуць рабіць не расійскія фірмы, а беларускія. Хлопаць крыламі і лямантаваць па тым, што мы ўжо згубілі – трошку позна. Цягнік пайшоў, тых магчымасцяў ужо не будзе… Але перад намі беларускі рынак. Што з ім будзе? Якое б ні было ў нас надвор’е, у якім бы стане не былі помнікі, тым не менш – гэта лепшы накірунак, які мы маем: круглагадовы, даступны, маса ўсякіх плюсаў. І самы галоўны плюс – яно не адкрытае. Беларускі накірунак абсалютна новы і проста ляжыць у ног.

Можна стварыць з гэтай стыхіі штосьці арганізаванае. Нічога не згублена, не разбурана. Усё яшчэ па сутнасці ў нашых руках. І тут вельмі важна, каб тыя людзі, хто мае грошы, таленты і магчымасці, каб яны аб’ядноўваліся. Калі яны не могуць зрабіць па Аўгустоўскім канале нейкую інфраструктуру ў адзіночку, то можа 5 людзей (адзін з грашыма, другі з талентам, трэці з досведам) могуць зрабіць добры прадукт.

Такім чынам мы зробім тыл. І калі раптам там вулкан, ці штосьці іншае здарылася, у нас заўсёды будзе куды паехаць. Вось для гэтага трэба зрабіць сваё і паважаць гэта сваё. Бо ў нас насамрэч не горш. І калі ў нас будзе тыл, мы будзем нашмат больш спакойна глядзець, што адбываецца ў гэтым вялікім свеце.

Мы вываліся з усіх сістэм каардынат і цяпер мы сапраўды стаім на перакрыжаванні. Атрымоўваецца, што і самі сябе мы не можам абараніць, і ніхто іншы не можа, бо мы не знаходзімся ні пад чыім патранатам. Мы засталіся самі па сабе і не ведаем што рабіць. Трэба развівацца, тварыць.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках