17 лiстапада 2024, Нядзеля, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белтрансгаз» не вярнуў у бюджэт «газпрамаўскую» пазыку?

5

Тэрмін прайшоў, але ў Міністэрстве фінансаў Беларусі кажуць, што грошай няма.

ААТ «Белтрансгаз» павінна было да 30 чэрвеня вярнуць бюджэтную пазыку ў 186 мільёнаў даляраў, выдадзеную для пагашэння доўгу перад «Газпрамам».

Нагадаем, што для пагашэння запазычанасці, якая ўтварылася, Беларусь звярнулася па кароткатэрміновы крэдыт, які вылучыў Азербайджан. Як у свой час паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Азербайджана Азер Гасымаў, прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 21 чэрвеня звярнуўся да прэм'ер-міністра Азербайджанскай Рэспублікі Артура Расі-задэ адносна вылучэння кароткатэрміновага крэдыту Беларусі ў сувязі з сітуацыяй, якая ўзнікла. Пра гэта было дакладзена прэзідэнту Азербайджанскай Рэспублікі Ільхаму Аліеву, які, прымаючы пад ўвагу сяброўскія стасункі паміж дзвюма краінамі, даў згоду на вылучэнне гэтага крэдыту, піша «Штодзённік».

Як удакладніў Азер Гасымаў, «крэдыт, вылучаны Азербайджанам Беларусі, складае 200 мільёнаў даляраў і выдадзены на 12 каляндарных дзён». Іншымі словамі, ужо раніцай 5 ліпеня, адразу пасля святаў, Беларусь павінна вярнуць сродкі. Але ўвечары 1 ліпеня высветлілася, што ў Мінфіне Беларусі яшчэ няма грошай, якія павінен быў вярнуць «Белтрансгаз».

Бо адразу пасля таго, як азербайджанскія 200 мільёнаў даляраў паступілі ў Беларусь, урад прыняў рашэнне аб вылучэнні ААТ «Белтрансгаз» бюджэтнай пазыкі на суму, эквівалентную 186 617 006,37 даляра – «для пагашэння запазычанасці за пастаўлены адкрытым акцыянерным таварыствам «Газпрам» прыродны газ».

Грошы былі вылучаныя 23 чэрвеня пры ўмове іх абавязковага вяртання не пазней за 30 чэрвеня, гэта значыць праз сем дзён. Гэты тэрмін быў вызначаны не проста так, а каб у Беларусі, улічваючы святы, быў час вярнуць грошы Азербайджану. Аднак на вечар 1 ліпеня ў Міністэрстве фінансаў Беларусі, на якое ўскладзены кантроль за своечасовым вяртаннем пазыкі, не было інфармацыі пра паступленне грошай ад ААТ «Белтрансгаз».

Як сказаў «Штодзённіку» памочнік міністра фінансаў Беларусі Павал Ладзік у ведамстве няма звестак пра вяртанне бюджэтнай пазыкі. Мала таго, па словах памочніка міністра, яму нічога не вядома і пра тое, што 186 мільёнаў даляраў, якія былі вылучаныя «Белтрансгазу», павінны быць вернутыя да 30 чэрвеня, хаця менавіта гэтая дата абумоўленая ў рашэнні ўрада.

У ААТ «Белтрансгаз» не сталі адмаўляць той факт, што яны павінны былі вярнуць грошы не пазней за 30 чэрвеня. Але галоўны бухгалтар прадпрыемства Ларыса Кушнер не захацела адказваць на пытанне, ці пагашаная бюджэтная пазыка. Як заявіла яна «Штодзённіку», «па гэтым пытанні ніякай інфармацыі мы даць не можам».

Магчыма, што гэткая дзіўная сітуацыя з вяртаннем бюджэтнай пазыкі ўзнікла таму, што яе падаванне не паспелі належным чынам аформіць. Бо грошы «Белтрансгазу» былі вылучаныя 23 чэрвеня, а рашэнне пра іх вылучэнне Саўмін прыняў толькі праз два дні – 25 чэрвеня, у пятніцу. Зарэгістраванае ў Нацыянальным рэестры прававых актаў яно было ўвогуле 28 чэрвеня, гэта значыць на выкананне ў Мінфін рашэнне ўрада магло паступіць ніяк не раней за 29 чэрвеня. Іншымі словамі, сама дамова паміж Міністэрствам фінансаў і ААТ «Белтрансгаз» пра падаванне бюджэтнай пазыкі магла быць аформленая не раней за 30 чэрвеня, калі саму пазыку трэба было ўжо пагасіць.

Тым часам увечары 1 ліпеня «Інтэрфакс» са спасылкай на нейкую крыніцу ў фінансавых колах паведаміў, што Беларусь разлічылася з Азербайджанам па крэдыце ў 200 мільёнаў даляраў. Аднак узнікае пытанне: чаму гэткая важная інфармацыя не была распаўсюджаная афіцыйным шляхам?

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках